Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі выбраны Алег Буткевіч, які займаў пасаду Віцебскага біскупа. У Мінску адбылося пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі (ККББ), прымеркаванае да 30-годдзя аднаўлення структур каталіцкай царквы ў нашай краіне. Такая інфармацыя размешчана на сайце [1] Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкага касцёла.
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе беларускія іерархі і апостальскі нунцый архібіскуп Антэ Ёзіч. «Галоўным пунктам парадку дня пасяджэння стала выбранне новага старшыні. У выніку галасавання новым старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі выбраны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч», — гаворыцца ў паведамленні.
Намеснікам Буткевіча ў ККББ выбраны біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральным сакратаром арганізацыі стаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Іосіф Станеўскі.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі правядзенне Будслаўскага фэсту ў гэтым годзе. Вырашана, што традыцыйныя ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай пройдуць 2 і 3 ліпеня ў мінулагоднім фармаце, з захаваннем санітарных прадпісанняў і без правядзення арганізаваных паломніцтваў. Жадаючыя змогуць ажыццяўляць паломніцтвы ў індывідуальным парадку.
Спасылкі
[1] https://catholic.by/3/news/belarus/13172-abrany-novy-starshynya-kanferentsyi-katalitskikh-biskupa-u-belarusi
[2] https://zviazda.by/be/tags/aleg-butkevich
[3] https://zviazda.by/be/tags/kanferencyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/rymska-katalickaya-carkva