Інфармацыя аб адсутнасці прэпаратаў для лячэння анкалагічных, кардыялагічных і іншых захворванняў, якая распаўсюджваецца ў некаторых Telegram-каналах, не адпавядае рэчаіснасці, паведаміў журналістам намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка, перадае [1] БелТА.
«У гэтай сітуацыі можна было б сказаць „без каментарыяў“, але ўсё ж такі хочацца заклікаць аўтараў гэтых паведамленняў мець крыху сумлення ў адносінах да тых пацыентаў, якія найбольш слабаабароненыя», — сказаў Дзмітрый Чараднічэнка.
Што датычыцца прэпаратаў у галіне анкалогіі, кардыялогіі, для лячэння COVID-19, яны ёсць у дастатковай колькасці. «У нас па ўсёй як анкалагічнай лінейцы, так і па ўсёй кавіднай, я ўжо не кажу пра кардыялагічныя прэпараты, поўны спектр. Больш таго, ёсць як мінімум трохмесячны запас. Праводзяцца дзяржзакупкі», — сказаў ён.
Дзмітрый Чараднічэнка адзначыў, што ў адным з Telegram-каналаў апублікавана інфармацыя аб адсутнасці, у прыватнасці, проціпухліннага прэпарату цысплацін. Паводле слоў намесніка міністра, запасы гэтага прэпарату есць абсалютна ва ўсіх рэгіёнах. «Фактычна 30 працэнтаў гадавой патрэбнасці», — удакладніў ён. Да таго ж будзе закупка гэтага прэпарату.
Дзмітрый Чараднічэнка падкрэсліў, што такія напрамкі, як анкалогія, кардыялогія і педыятрыя — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы здароўя.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/ministerstva-ahovy-zdarouja-abvergla-infarmatsyju-ab-adsutnastsi-preparatau-dlja-ljachennja-98923-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ankalogiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-charadnichenka
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/kamentaryy