Выяўлена 619 падробленых грашовых знакаў, інфармуе [1] агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на Нацыянальны банк Беларусі.
У Беларусі ў 2020 г. аб'ём выяўленых фальшывых грошаў паменшыўся на 23,8% у параўнанні з 2019-м. У Мінску выявілі 41,8% падробленых грашовых знакаў, у абласцях — ад 4,7% да 13,6%. Фальшыўкі канфіскаваны ў 51 населеным пункце.
Больш за 49% ад агульнага аб'ёму фальшывак склалі падробленыя долары ЗША, звыш 36% — расійская валюта. Доля падробных еўра — 9,7%, беларускіх рублёў — 4,4%.
Сярод падробленых купюр амерыканскай валюты пераважаюць банкноты наміналам 100 долараў — 85,5%, на долю банкнот наміналам 50 долараў прыйшлося 11,2%. Некаторыя з выяўленых фальшывак былі выраблены на аснове сапраўдных банкнот, выпраўленых на больш высокія наміналы.
У агульным аб'ёме выяўленай падробленай расійскай валюты ў 2020 г. амаль 85% склалі банкноты наміналам 5 000 рублёў. Выяўленыя падробкі наміналам 500, 100 і 50 еўра, а таксама манета ў 2 еўра. Прычым сярод фальшывак ёсць купюра ў 1 000 еўра, якой не існуе, яна была зроблена на аснове сапраўднай банкноты ў 1 000 зімбабвійскіх долараў. Яшчэ адна падробленая купюра ў 100 еўра перароблена з сапраўдных 100 сурынамскіх гульдэнаў.
Сярод падробак упершыню выяўлена фальшыўка наміналам 200 беларускіх рублёў.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/na-osnove-kupyury-zimbabve-v-minske-v-2020-g-vyyavili-pochti-42-ot-obshhego-obema-poddelnyh-denezhnyh-znakov/
[2] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[3] https://zviazda.by/be/tags/padrobka
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-bank-belarusi-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika