Дэпутаты на пасяджэнні пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб змяненні Закона Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах у Беларусі», перадае [1] БелТА.
Законапраект накіраваны на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і абарону грамадскага парадку і быў прыняты ў першым чытанні 2 красавіка.
Праектам закона скасоўваецца паведамляльны парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у пастаянных месцах. Усе масавыя мерапрыемствы могуць праводзіцца выключна на падставе дазволу мясцовых органаў улады. Пры гэтым мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца правам вызначаць месцы, рэкамендаваныя для правядзення масавых мерапрыемстваў. Для арганізатараў такіх мерапрыемстваў, іншых асоб уводзіцца прамая забарона публічных заклікаў да арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства, у тым ліку шляхам аб’явы ў сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэце ці іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, а таксама забарона на выраб і распаўсюджванне ў гэтых мэтах улётак, плакатаў, іншых матэрыялаў да атрымання дазволу аб правядзенні дадзенага масавага мерапрыемства.
Забараняецца асвятленне ў сродках масавай інфармацыі, інтэрнэце ці іншых інфармацыйных сетках у рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з парушэннем устаноўленага парадку, з мэтай іх папулярызацыі або прапаганды.
Законапраектам удакладняецца прававое становішча тых, хто прысутнічае на масавым мерапрыемстве ў якасці журналістаў сродкаў масавай інфармацыі. На такіх асобаў распаўсюджваецца патрабаванне выконваць грамадскі парадак нароўні з арганізатарамі і ўдзельнікамі. Устанаўліваецца забарона на выкананне журналістамі, прысутнымі на масавым мерапрыемстве, распарадчых функцый па арганізацыі і правядзенню мерапрыемства, а таксама забарона на надзяленне іншых асоб паўнамоцтвамі на аналагічныя дзеянні.
Акрамя таго, на палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні ускладаецца адказнасць за ажыццяўленне іх членамі ад імя гэтых арганізацый публічных заклікаў да арганізацыі і правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, выраб і распаўсюджванне ў гэтых мэтах улётак, плакатаў і іншых матэрыялаў.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/palata-predstavitelej-prinjala-vo-vtorom-chtenii-zakonoproekt-o-massovyh-meroprijatijah-v-belarusi-437498-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/deputaty
[3] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[4] https://zviazda.by/be/tags/masavyya-merapryemstvy
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0