З пачатку гэтага года тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання выканана 7,2 тысячы заявак па дастаўцы прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і лекаў, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Усяго за час правядзення кампаніі па падтрымцы пажылых грамадзян і інвалідаў у перыяд складанай эпідэмічнай абстаноўкі, пачынаючы з 20 сакавіка 2020 года, тэрытарыяльнымі цэнтрамі выканана больш за 47,5 тысячы заявак.
Дарэчы, заяўкі на дастаўку прадуктаў, прадметаў першай неабходнасці і медыкаментаў тэрытарыяльныя цэнтры прымаюць штодня з 8 да 17 гадзін (па буднях). Для арганізацыі аператыўнай дастаўкі на дапамогу сацыяльным работнікам прыйшлі валанцёры БРСМ і Чырвонага Крыжа.
Такія і іншыя паслугі аказваюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе працуе 20 тысяч чалавек, з іх 11,5 тысячы — сацыяльныя работнікі.
На сістэмнай аснове комплексныя сацыяльныя паслугі дома атрымліваюць 97 тысяч непрацаздольных грамадзян. У асноўным гэта людзі, старэйшыя за 75 гадоў. Сацыяльныя работнікі наведваюць пажылых грамадзян 2-4 разы на тыдзень у залежнасці ад патрэбы.
Сацыяльныя паслугі ўключаюць прыборку памяшканняў, гатаванне ежы, дапамогу ў санітарна-гігіенічных працэдурах, дастаўку прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці і лекаў, аплату камунальных паслуг і іншае. Дадаткова ў сельскай мясцовасці — распальванне печы, дастаўку вады, прыборку прыдамовай тэрыторыі.
Пры аказанні сацыяльных паслуг і дастаўцы прадуктаў сацыяльныя работнікі і валанцёры выконваюць неабходныя супрацьэпідэмічныя меры, выкарыстоўваюць сродкі індывідуальнай аховы.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Прэв'ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/tcsan
[5] https://zviazda.by/be/tags/dastauka-ezhy
[6] https://zviazda.by/be/tags/dastauka-ezhy-i-praduktau