Нагодай для літаратурнай вандроўкі на Уздзеншчыну, зладжанай Саюзам пісьменнікаў Беларусі, стаў 125-гадовы юбілей Кандрата Крапівы, ураджэнца гэтага маляўнічага кутка Беларусі, а таксама 40-годдзе Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея. У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні, прысвечаныя Айчыне, слаўным дзеячам далёкай мінуўшчыны, нацыянальным героям беларускага адраджэння, любові да маці і радзімы.
Пацерка зямлі беларускай
Сярод выступоўцаў былі творцы мясцовага літаб’яднання «Нёманец» Віктар Сабалеўскі, Тамара Каляда, Галіна Нічыпаровіч, а таксама прадстаўнікі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Іна Фралова, Сяргей Трахімёнак, Вольга Сакалова, Уладзіслаў Цыдзік і Уладзімір Тулінаў. У межах імпрэзы супрацоўнікамі рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”» была зладжана выстаўка кніг, якія нядаўна пабачылі свет.
Падчас экскурсіі прысутныя азнаёміліся з гісторыяй стварэння музея. Як вы-светлілася, ідэя ўзнікла задоўга да пачатку збору экспанатаў. Першапачатковай мэтай было захаваць, мемарыялізаваць памяць пра Паўлюка Труса, Кандрата Крапіву, Магдалену Радзівіл, Пятра Глебку, Алеся Махнача (адзін з нямногіх абаронцаў Брэсцкай крэпасці, які здолеў выжыць у жорсткіх баях, а потым расказаў у сваіх творах усе акалічнасці змагання) і іншых вядомых дзеячаў Уздзеншчыны.
Музей прымае наведвальнікаў ужо 35 гадоў. Многія яго матэрыялы збіраліся з дапамогай школьнікаў, былі ў тым задзейнічаны і настаўнікі. Хадзілі па вёсках і шукалі цікавыя прадметы: цяпер у музеі багатая калекцыя дакументаў, у тым ліку ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, з гісторыі партызанскай барацьбы (Уздзеншчына была адным з найбольш актыўных партызанскіх раёнаў). Акрамя таго, на тэрыторыі раёна здаўна вяліся раскопкі: іх вынікі леглі ў асноўную экспазіцыю, якая распавядае пра даўнія падзеі на тэрыторыі раёна, вядомыя тут старажытныя пасяленні і пахаванні ў курганах.
Менавіта па тэрыторыі Уздзеншчыны, дзе дробныя рачулкі нясуць свае воды да Нёмана, пралягаў адзін са шляхоў «з варагаў у грэкі». Тут праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Участак шляху, дзе рэчкі не стыкуюцца, ішлі волакам, тавары перацягваліся па сушы — адсюль, як мяркуюць даследчыкі, паходзяць назвы некаторых вёсак, напрыклад, Валокі. Падчас раскопак знойдзена сердалікавая пацерка (якой упрыгожана адна з першых вітрын экспазіцыі) — магчыма, купцы расплачваліся з мясцовымі жыхарамі за дапамогу таварамі…
Жылі здаўна на Уздзеншчыне і яўрэі, і татары, якія займаліся апрацоўкай шкур і гандлем. Пра іх мірнае суіснаванне сведчыць мноства дакументаў, знойдзеных на гэтай тэрыторыі — арыгіналы некаторых з іх можна пабачыць падчас экскурсіі.
Разынкай экспазіцыі з’яўляецца разное драўлянае крэсла. Мяркуюць, што мэбля — з маёнтка выбітнага вучонага Якуба Наркевіча-Ёдкі. Асабістых рэчаў даследчыка пакуль выявіць не ўдалося: у 1905 годзе ён заўчасна памёр, а сваякі праз пэўны час з’ехалі за мяжу. Крэсла ж, як і кушэтка-атаманка, былі знойдзены падчас адной з экспедыцый па найбліжэйшых вёсках у 1980-х гадах.
«Няма ў свеце нічога мацнейшага ад веры»
Адны з найбольш цікавых матэрыялаў у музеі датычаць духоўнага жыцця.
У 1920 годзе на службу ў Петрапаўлаўскую царкву Узды быў прызначаны былы настаўнік з сям’і святароў Міхаіл Навіцкі. Ён праслужыў тут 15 гадоў, перажыў разам з вернікамі найцяжэйшыя для веры перыяды: і выгнанне з храма (служба вялася ў прыбудоўцы), і напады на вернікаў. Але было тое, што заўжды давала сілы. Святар казаў: «Няма ў свеце нічога мацнейшага ад веры». Для ўсіх ён знаходзіў добрае слова, па дапамогу ішло мноства людзей. Але ў 1935 годзе мясцовыя сталі патрабаваць ад бацюшкі Міхаіла царкоўнае багацце: срэбныя крыжы і падобнае. Калі ж было адмоўлена, то бацюшку моцна збілі. Ужо хворым праводзіў святочныя велікодныя богаслужэнні, а на трэці дзень па Вялікадні яго не стала. У 1999 годзе Міхаіл Навіцкі быў прызнаны адным са святых мучанікаў, якія пацярпелі за веру. Цяпер уздзенцы лічаць яго сваім заступнікам перад Богам, часта наведваюць магілу, просяць аб ацаленні ад хвароб, аб дапамозе ў вырашэнні складаных праблем.
— Повязь не перарываецца. Мы бачым, што духоўная аснова — тое звяно, якое звязвае пакаленні, дае духоўны пачатак асэнсаванню жыцця, — падзялілася падчас экскурсіі галоўны захавальнік фондаў Ірына Віаленцій.
Калі музей толькі фарміраваўся, ад мясцовых паступіла прапанова забраць знойдзеныя на гарышчы старога дома кнігі. Як высветлілася, гэта быў царкоўны архіў. Калі не стала бацюшкі Міхаіла, царкву закрылі, і да 1941 года яна не працавала. Аднак усе паперы, што датычылі царквы, былі кімсьці старанна падшыты. Цяпер з гэтых дакументаў можна шмат чаго даведацца пра жыццё ў тыя часы: якія адбываліся падзеі, як рэагавалі на іх вернікі. Ёсць сярод дакументаў і тыя, што напісаны рукой самога Міхаіла Навіцкага, і старадрукі, па якіх вялася служба, і кнігі з подпісам святара.
Жыццё бацюшкі было прыкладам самаахвярнасці і непахіснай веры. Так, яго пяцярым дзецям не дазвалялі вучыцца ў школе, а пасля яго смерці яны ўвогуле вымушаны былі пакінуць абжытыя мясціны.
— Мы разважаем: а ў чым быў сэнс подзвігу Навіцкага? Сённяшні наш бацюшка, Рыгор Чарапеннікаў, кажа, што адна з галоўных для нас — тэма маральнасці. Міхаіл Навіцкі на ўласным прыкладзе выхаваў дзяцей. І гэта нягледзячы на тое, што сям’я жыла не разам: вымушаны былі здымаць розныя кватэры, дзеці хадзілі на вучобу за 15 кіламетраў. Усе яны выраслі прыстойнымі людзьмі, — распавяла Ірына Віаленцій.
Трое сыноў Міхаіла Навіцкага ваявалі на франтах, адзін з іх загінуў у Фінскую кампанію, два іншыя — падчас Вялікай Айчыннай.
Пры ўзяцці вышыні 10 кастрычніка 1942 года на Паўднёвым фронце сын Мікалай закрыў сабою амбразуру дота. Гэта было яшчэ да подзвігу Аляксандра Матросава. У званні сяржанта на Ленінградскім фронце служыла і адна з дачок святара Наталля.
Вайна і яе рэха
Яшчэ адна цікавая гісторыя, пра якую распавядаюць матэрыялы ў экспазіцыі, пачалася перад акупацыяй каля вёскі Лошы: чырвонаармейцы, адступаючы, прынялі бой з нямецкімі дэсантнікамі… Ужо ў мірныя гады недалёка ад таго месца будавалі дом і знайшлі артэфакты: планшэты для абеззаражвання вады, біклагі, рэшткі амуніцыі — усё гэта пад шклом музейнай вітрыны. Сярод рэчаў быў і медальён невядомага салдата. Аб прозвішчы яго — Шыхаўцаў — даведаліся з капсулы, дзе была скручаная паперка з адрасам. На перазахаванне (а пахавалі астанкі байца ў брацкай магіле ў вёсцы Лоша) прыязджалі адшуканыя родзічы.
Пра тое, што Уздзеншчына была актыўным партызанскім раёнам, сведчыць і такі факт. Адной з першых тут з’явілася партызанская брыгада Мікалая Нікіціна. У баі на Доўгім востраве, дзе трымалі абарону, атрад выйшаў без вялікіх страт. Затым партызаны прарваліся праз лінію фронту. Праз некаторы час камандзіра брыгады Нікіціна выклікалі ў Маскву і… абвінавацілі ў здрадзе. Пасля вайны партызаны брыгады вялі перапіску — ніхто не мог зразумець, у чым была віна Нікіціна. Ён адсядзеў 15 гадоў у Мурманску…
— Хутчэй за ўсё, як меркавалі і самі ўдзельнікі партызанскіх баёў, была нейкая дэзынфармацыя, — дзеліцца ўражаннямі Ірына Віаленцій. — Мікалай Нікіцін напісаў у высокія інстанцыі шмат лістоў з просьбамі высветліць праўду, але, на жаль, напрыканцы тэрміну памёр…
Не для ўсіх уздзенцаў вайна скончылася ў 1945-м. Частка экспазіцыі прымеркавана да 25-годдзя вываду войск з Афганістана. Некалькі юнакоў засталіся ў далёкай краіне назаўсёды… Кранае гісторыя Сашы Мысліўца. За некалькі дзён да вываду войск ён даслаў ліст маці. Напісаў, што іх, сувязістаў, пакінулі на падтрымку адыходзячага войска. Маці юнака прысутнічала на адкрыцці экспазіцыі. Яна распавядала, што, атрымаўшы ліст, ужо ведала: сына ў жывых няма…
У экспазіцыі прадстаўлены і верш маці Сашы Мысліўца, пісаць якія пачала пасля трагічнай падзеі…
Прыгажосць у слове і не толькі
Экспазіцыйнае вырашэнне літаратурнай залы прадстаўляе пісьменнікаў як людзей, якія любілі прыгажосць ва ўсім: у хатнім інтэр’еры і адзенні, у адпачынку і рабоце. Так, Лідзія Арабей завяшчала музею частку сваёй маёмасці: элегантныя буфет, сервант, вытанчаны гадзіннік, лямпу, друкарскую машынку… Упрыгожвае экспазіцыю і аўтэнтычны практычны чамаданчык, з якім бацька выправіў Паўлюка Труса на вучобу ў Белпедтэхнікум. Частка матэрыялаў датычыць і Якуба Наркевіча-Ёдкі. У музейнай вітрыне прадстаўлены аналагі рэчаў, што былі пад рукой даследчыка падчас яго вопытаў: шпуля Румпкорфа і трубка Гейслера.
Страта, якая не зламала
Працягам музейнай экскурсіі была паездка ў Наднёман, дзе цяпер вядуцца рэстаўрацыйныя работы сядзібнага комплексу Якуба Наркевіча-Ёдкі. Спансіруе ўсе работы па аднаўленні маёнтка прыватны фонд імя Якуба Наркевіча-Ёдкі, што ўзначальвае фізік Уладзімір Самуйлаў.
Гледзячы на руіны — не толькі сядзібы, але і так званай аранжарэі, пабудоў, прызначаных для навукова-даследчых назіранняў, — складана ўявіць, што тут калісьці віравала жыццё, а землі прымалі пацыентаў з усёй Еўропы. Якуб Наркевіч-Ёдка, які не толькі выступаў перад высокай публікай, але і пісаў музыку, вярнуўшыся з канцэртнага тура, раптам вырашае заняцца фізікай, прыродазнаўствам, медыцынай. Штуршком стала страта бацькі і сястры — таленавітай паэтэсы Ангеліны Козел. Родныя людзі памерлі ад сухотаў, таму Якуб і вырашыў прысвяціць сябе пошукам лячэння ад гэтай хваробы. Паступіў у Сарбону, атрымаў адукацыю медыка і ў 1892 годзе на тэрыторыі маёнтка адкрыў санаторый… Знайшоў звесткі, што перамагчы сухоты дапамагае кумыс, запрасіў з Башкірыі сям’ю, пачаў гадаваць элітных коней. Мясцовых сялян навучылі здабываць кумыс: каля 3 тысяч бутэлек за год. Частка ішла на продаж, частку раздавалі мясцовым. Сухоты лячылі ў тым ліку і сонечным святлом — для гэтага прызначалася пабудаваная амаль цалкам са шкла аранжарэя, дзе пацыенты — кожны ў сваім пакойчыку — прымалі сонечныя ванны. Акрамя таго, лячылі пры дапамозе вады і захворванні апорна-рухальнага апарату.
Калі ў думках перанесціся ў былыя часы, можна ўбачыць выкшталцоную публіку сярод старадаўніх алей, абапал якіх высаджаны рэдкія пароды дрэў. Цяпер ад іх мала што засталося. Недалёка ад галоўнай брамы радуюць вока высачэзныя лістоўніца і белая таполя, якія памятаюць Якуба Наркевіча-Ёдку. У ствале белай таполі мясцовыя пастухі высеклі дупло і разводзілі там агонь. Нават дзіўна, што зрабілі тое не ворагі, а свае, не разумеючы, што знішчаюць рэшткі славутай некалі алеі…
Агромністае дупло ў пачатку ствала белай таполі зацэментавалі: дрэва можа страціць апору і загінуць.
— Пакладзена шмат высілкаў, каб захаваць тое, што не разбурылася, — распавядае экскурсавод, дырэктар Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Лухверчык, — Многае трымаецца на энтузіязме, простым разуменні: спадчыну, якую мы атрымалі, павінны перадаць новым пакаленням.
Яна БУДОВІЧ
Фота аўтара
Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва» [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-budovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[4] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/krayaznaustva
[6] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[7] https://zviazda.by/be/tags/uzdzenshchyna
[8] https://zviazda.by/be/tags/uzdzenski-rayonny-gistoryka-krayaznauchy-muzey