Суботнікі носяць стваральны характар. Такое меркаванне выказаў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, перадае [1] БЕЛТА.
«Сёння па ўсёй Беларусі працуюць людзі ўсіх узростаў: хтосьці добраўпарадкоўвае помнікі, магілы, хтосьці — тэрыторыі медыцынскіх устаноў, спартыўных комплексаў, іншыя наводзяць парадак у населеных пунктах, вёсках. Мы праехалі па вуліцах Лагойска — працуюць усе, людзі займаюцца добраўпарадкаваннем роднага горада. На прыкладзе такіх месцаў, як Лагойск, відаць, як прыгажэе з кожным годам уся наша краіна, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей, што асабліва актуальна ў Год народнага адзінства. Акрамя таго, ты разумееш, што прыносіш рэальную карысць сваёй краіне».
Падчас рэспубліканскага суботніка з удзелам супрацоўнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта на тэрыторыі Лагойскага лясгаса пасаджаны лясныя культуры на плошчы 1,7 га. «Мы таксама паглядзелі, як арганізавана тут работа, як растуць саджанцы, як дзейнічае тэхніка і чаго каштуе праца лесаруба і работніка лясгаса», — распавёў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Ігар Сергеенка падкрэсліў, што лясная прамысловасць — адзін з перспектыўных напрамкаў развіцця краіны. «Сёння ў Беларусі амаль 41% лясоў. Таму трэба падтрымліваць іх у належным стане, неабходна развіваць нашы лясныя ўгоддзі, займацца пасадкай новага лесу. Беларусь — гэта лёгкія Еўропы. Мала таго, што лес — месца, дзе можна правесці час, але гэта яшчэ і стратэгічны матэрыял. Гэта праца на экспарт, гэта зарабленне сродкаў у бюджэт краіны», — дадаў ён.
«Мне падабаецца такі суботнік. Сёння падыходзячае для працы надвор’е: не горача і не холадна, — падзяліўся ўражаннямі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. — Лес — наша багацце, і мы робім добрую справу, працягваем прытрымлівацца добрай традыцыі. Для пасадкі лесу выкарыстоўваем сістэмны падыход, ужываем сучасныя тэхналогіі і садзім саджанцы. Думаю, будзе выдатны вынік».
Паводле слоў першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Валянціна Шатраўкі, у мінулым годзе на гэтым участку лесу былі праведзены рубкі галоўнага карыстання. «Лес дасягнуў сваёй спеласці, мы сабралі ўраджай. Адпаведна, адразу пасля рубкі аднаўляем гэты ўчастак, — распавёў ён. — Мы вырошчваем каля 23 млн пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай, што дазваляе пакрываць ляснымі культурамі плошчу ў 6-6,5 тыс. га. Для гэтага выкарыстоўваюцца пасадкавыя трубы патыпуткі. Гэта тэхналогія, якая ўжываецца па ўсім свеце, якая дазваляе забяспечыць стопрацэнтную прыжывальнасць высаджаных дрэў».
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/subbotniki-nosjat-sozidatelnyj-harakter-sergeenko-437679-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/ihar-sierhiejenka
[3] https://zviazda.by/be/tags/subotnik
[4] https://zviazda.by/be/tags/dobrauparadkavanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/lagoysk