Колькі гадоў таму, калі працаваў у фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мне давялося выявіць матэрыялы асабістай справы Пятра Сеўрука — вершы, апавяданні, аповесці, артыкулы, дзённік, шматлікія нататкі і запісы на рускай і беларускай мовах.
Нарадзіўся П. Сяўрук 12 ліпеня 1905 г. у беднай шматдзетнай сялянскай сям’і ў Скідзелі. У школу пайшоў у бежанстве ў Ліпецку Тамбоўскай губерні. Тут ён навучыўся чытаць, зразумела, па-руску, палюбіў кнігі, глыбока натхніўся самаадукацыяй, ідэямі гуманізму і справядлівасці, тут пачаў пісаць спачатку невялікія карэспандэнцыі, артыкулы, затым апавяданні, аповесці, вершы і дасылаць іх у расійскія газеты і часопісы. Вярнуўшыся на радзіму, актыўна ўключыўся ў заходнебеларускі грамадска-культурны рух. Быў кіраўніком Скідзельскага гуртка Таварыства беларускай школы, Гродзенскай акруговай управы ТБШ, ліставаўся з А. Луцкевічам, І. Дварчаніным, М. Марцінчыкам, З. Верас, А. Зенюком, некаторымі іншымі вядомымі дзеячамі, блізка сябраваў з М. Васільком. Неаднаразова арыштоўваўся польскай паліцыяй і падвяргаўся катаванням у Скідзельскім пастарунку.
П. Сяўрук адрозніваўся ад многіх іншых заходнебеларускіх аўтараў і прадстаўнікоў радыкальна-рэвалюцыйнага напрамку (Алесь Салагуб, Піліп Пестрак, Максім Танк), і прыхільнікаў нацыянальна-адраджэнскай арыентацыі (Уладзімір Жылка, Аўген Бартуль, Ларыса Геніюш) ці паэзіі «чыстай красы» (Наталля Арсеннева, Анатоль Бярозка). Ён прапаведаваў адмысловую, асабліва ва ўмовах Заходняй Беларусі, ідэю ўнутранай свабоды чалавечай свядомасці, свабоды ў адчуваннях, мысленні і мэтаімкненнях. Зыходзіў з таго, што не можа быць агульнай і прымальнай для ўсіх свабоды і шчасця.
Паэт сцвярджаў асновы такой свабоды, калі духоўна-эстэтычны свет асобы фарміруецца не ў залежнасці ад абставін і акалічнасцей навакольнага асяроддзя, а, наадварот, за кошт маральна-псіхалагічнага вызвалення ад іх. Яго лірычны герой жадаў сучаснікам умець «тварыць сваё шчасьце без нечага», «каваць долю ўласнаю сілаю», «умеці сябе захаваць».
«Я не жадаю вам шчасьця пасыўнага,
// Я не жадаю вам лёсу прыхільнага, // Бо бачу я, // Што жыцьцё творана вонкавай
сілаю, // Творыць асобу гнілую, пахі-
лую, // Без пачуцьця» («Пажаданне»). Ідэя паўстае ў яго вершы «Маё...»:
Мая хата — не сьцены муроў,
Не палацы на горах высокіх, —
Я жыву у душы у раю,
Між учуцьцяў сваіх сьветлавокіх.
***
Маё царства — мой унутраны сьвет,
Дзе сумленьне дыхтуе указы;
У сваім царсцьві я вольны як след
І не знаю ня зла, ня прынады.
Кожны чалавек сам вызначае і набывае свабоду праз самапаглыбленне, праз пазнанне сваёй духоўнай сутнасці, лічыў П. Сяўрук. Для гэтага ён мусіць дыстанцыявацца ад рэчаіснасці, якая з’яўляецца носьбітам нецярпімасці, агрэсіі і гвалту, засяродзіцца на сваіх душэўна-псіхалагічных адчуваннях, арганізаваць унутраны свет так, каб ён быў самадастатковым і незалежным — «свабодным перажываннем разумнай сутнасці».
У аснове жыццядзейнасці чалавека павінны палягаць асаблівасці свабоды яго ўнутранага самапачуцця, любоў да Вечнай Волі, імкненне да маральнага ўдасканалення. Гэта будзе іманентная, самадастатковая свабода духу і волі, любові і веры.
У сваёй творчасці П. Сяўрук адстойваў тую думку, што не варта імкнуцца да свабоды, змагацца за яе ці чакаць, калі яна наступіць, — трэба выхоўваць у душы адчуванне свабоды. Свабода — гэта ўнутраны стан чалавека, асаблівасць яго духоўнай свядомасці, мыслення і перажыванняў. Паколькі «наша натуральнае права — валодаць самім сабой, значыць, наша натуральная свабода — у самім сабе, — акцэнтаваў паэт. — Ніхто не можа пазбавіць нас права распараджацца самім сабой, такім чынам, ніхто не можа адабраць у нас свабоды. Але чалавек сам можа парушыць сваю свабоду, распасціраючы свае правы далей за самога сябе».
Значнае месца ў творчасці П. Сеўрука належала ўслаўленню ісціны як «адчування вечнай рэальнасці», імкнення да яе. На думку паэта, ісціна — духоўна-маральны ідэал, якога немагчыма дасягнуць, да якога звернута жыццё чалавека, тое, што ён «любіць, нічога не баючыся». «Калі б не было адзінай Вечнай Ісціны, — пазначаў паэт у нататках “Думкі”, — то мы не ведалі б, што сапраўднае і што лжывае, што дабро і што зло; а калі б гэтага не было, то не было б нічога рэчаіснага, а калі б не было нічога рэчаіснага, то не было б нічога».
Развіваючы і ўзмацняючы свядомасць і волю, узбагачаючы ўнутраны свет, чалавек набліжаецца да Бога. У той жа час ён можа працаваць над сабою, над паглыбленнем і ўдасканаленнем сваёй духоўна-маральнай сутнасці дзякуючы таму, што ў ім прысутнічае Бог. Па меркаванні П. Сеўрука, жыццё чалавека «ёсць Адчуванне Вечнага і Бясконцага канечным і часовым спосабам», а смерць «ёсць толькі знішчэнне часовага ўспрыняцця жыцця, якое здаецца нам найбольш рэчаісным, таму што яно адпавядае абмежаванаму стану нашага ўспрыняцця...» («Думкі»). Арыгінальнасцю мастацкага мыслення ўражваюць наступныя радкі верша:
Дык малюся я да Бога,
Каб не даў ён мне нічога,
Што магло б мяне здаволіць
І навек жыцьцё ўспакоіць.
Хай ён дасьць мне ў жыцьці гора,
Цяжкі лёс, ліхую пору;
Хай ні ў чым нідзе ніколі
Не дае гатовай долі,
Бо ў цяжкім жыцьцёвым стане
Ёсьць магчымасьць разьвіваньня
Сілы волі і імкненьня,
Што вядзе да здаваленьня;
Кожна шчасьце тым трывана,
Што яно адваявана.
П. Сяўрук быў упэўнены ў тым, што нікога ні ў чым не варта пераконваць, нічога нікому не трэба даказваць і абгрунтоўваць, ні з чым не варта змагацца. Бо гэта не толькі не здыме існуючых праблем і супярэчнасцей, а, наадварот, абумовіць узнікненне новых, яшчэ больш вострых і складаных. Рэалізацыя, «зьдзяйсьненьне жаданьняў, — заўважаў ён у артыкуле “Аб самаўзгадаванні”, — нічога не можа вырашыць, бо іменна зьдзяйсьненьне людзкіх карыслівых жаданьняў стварае сучасны несправядлівы лад на сьвеце». Справа ў тым, што «калі чалавек ставіць сваёй мэтай зьдзяйсьненьне сваіх жаданняў, дык ён не можа мець меры ў сваіх жаданьнях і будзе дабівацца зьдзяйсьненьня іх безканечна».
П. Сяўрук асуджаў тую барацьбу, якую вяло заходнебеларускае рэвалюцыйнае падполле. Паэт падвяргаў сумненню маральную чысціню і справядлівасць яго ўдзельнікаў, мэту, да якой яны імкнуліся, — ажыццяўленне сацыяльнай і нацыянальнай волі народа і сродкі, з дапамогай якіх намагаліся яе дабіцца. Ён лічыў, што «камунізм і сусветная рэвалюцыя — гэта толькі новая назва імперыялізму» (артыкул «Натуральны парадак раззбраення»). «Той, хто можа праліць чалавечую кроў // І ня чуе граху, // Перашкодай стаіць да сьвятлейшых часоў...» — сцвярджаў П. Сяўрук у вершы «Чаго я хачу». Супрацьпастаўляючы гвалту гвалт, чалавек «хоча быць свабодным у ім і не думае быць свабодным ад яго».
Паэта непакоілі і хвалявалі працэсы палітызацыі і рэвалюцыянізацыі культурна-асветнай работы ў Заходняй Беларусі. Ён імкнуўся «ўліць у душу народа цікавасць да асветы, да ісціны, каб абудзіць у ім свядомасць», а яго калегі і паплечнікі па грамадскай рабоце ставілі перад сабою зусім іншыя мэты. П. Сяўрук бачыў і асуджаў непрыстойныя палітычныя спекуляцыі, злоўжыванні і маніпуляцыі грамадскімі настроямі, якія мелі месца ў дзейнасці камуністычнага падполля. «Палітычная спекуляцыя ні з чым не лічыцца, — занатоўваў паэт у «Дзённіку» 23 кастрычніка 1927 года пасля вяртання са з’езда ТБШ у Гродна. — Для яе зусім не цікава абараняць інтарэсы народа, ёй трэба толькі абудзіць нездаволенасць у народзе, ёй трэба выклікаць “рэвалюцыйны настрой у масах”, ёй трэба ўсё тое, што вядзе да крывавых спраў; таму яна ўсімі мерамі стараецца падвесці пад удары рэакцыі ўсе тыя мінімальнейшыя магчымасці якой бы та не было асветнай грамадскай работы».
Дужа паказальнай і сімптаматычнай з’яўляецца рэакцыя паэта на паведамленне аб прысудзе над удзельнікамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. «Жахліва не тое, што яны атрымалі такі страшны прыгавор, — чытаем яго дзённікавы запіс ад 26 мая 1928 года, — жахліва вар’яцтва тых, хто давёў іх да гэтага.
У апошні час я ўсё ясней і ясней заўважаю, што сеткі камуністычнага падману пачынаюць рвацца. Хто бывае ў турме твар у твар з камуністычнымі правадырамі, той выразна адчувае на сабе тое, як глядзяць на ўсіх так званых камуністаў нашай вёскі іх правадыры. Яны глядзяць як на сляпую зброю, якую трэба выкарыстаць».
П. Сяўрук паэтызаваў свабоду «не як мэту насілля», за якой, на яго погляд, стаялі самавольства і беспакаранасць, анархія і дэспатызм, «а як сродак супраць яго», як першапачатковую ўмову, што прадугледжвае не супрацьстаянне і непрымірымасць, а душэўны спакой і самавалоданне, любоў і гармонію. «Свабода не можа быць мэтай барацьбы, — сцвярджаў паэт у нататках “Думкі”, — свабода з’яўляецца ўмовай барацьбы, таму што той, хто не свабодны, не можа змагацца са злом і несправядлівасцю».
Няроўнасць і несправядлівасць існуюць у грамадстве не таму, што яны свядома і мэтанакіравана прадуцыруюцца заможнымі і ўладнымі асобамі, меркаваў П. Сяўрук. Першакрыніцаю няроўнасці і несправядлівасці з’яўляюцца дух нецярпімасці і гвалту, імкненне аднаго чалавека падпарадкаваць сабе другога, невысокая культура грамадскіх адносін. Не супярэчнасці вядуць да гвалту, а, наадварот, дух гвалту абумоўлівае наяўнасць супярэчнасцей. «Усякае новае насілле ўносіць у свет новую несправядлівасць, — падкрэсліваў П. Сяўрук у артыкуле “Аб ваеннаадмаўленні”, — стварае новую няроўнасць і прыводзіць да новых супярэчнасцей, вырашыць якія, можа, цяжэй, чым ужо існуючыя». «Калі б насіллем можна было змяніць існуючы парадак, — чытаем у яго нататках “Думкі”, — то насіллем патрэбна было б і ўтрымліваць гэту змену. А так як усякае насілле азначае прыгнёт працоўнага народа, то ў корні справы нішто не змяняецца».
У адрозненне ад многіх сваіх сучаснікаў, П. Сяўрук сцвярджаў думку аб тым, што няроўнасць і несправядлівасць узнікаюць і разбураюцца самі сабою. За дабро не варта змагацца, яно само развіваецца і перамагае зло і несправядлівасць. Ён быў цвёрда перакананы ў тым, што змяніць рэчаіснасць, палепшыць жыццё немагчыма. «Калі б усё было так, як мы таго хочам, — адзначаў паэт, — то не было б так, як ёсць. Калі б будучае было такім, як мы хочам, то яно не было б такім, якім павінна быць, і ў цяперашнім не было б жыцця».
Нецярпімасці, варожасці патрэбна супрацьпаставіць чуласць, цеплыню, высакароднасць, дабрыню, лічыў П. Сяўрук. Ён прытрымліваўся таго меркавання, што з любоўю і павагай варта ставіцца да кожнага чалавека, нават свайго ідэйнага і светапогляднага апанента, прыгнятальніка і гвалтаўніка. Гэта абяззброіць яго, зробіць патэнцыяльным прыхільнікам і аднадумцам. Калі ж свайго прыгнятальніка і гвалтаўніка любіць і паважаць немагчыма, тады яго «трэба ўмець цярпець». Паэт лічыў, што «неабходнасць цярпець прыгнёт» дае працоўным саслоўям «жыццёвую сілу», спрыяе духоўнай загартоўцы і развіццю. «На вышэйшай ступені сваёй годнасці чалавек бывае тады, калі спакойна зносіць ганенне за праўду», — чытаем у яго нататках «Думкі».
П. Сяўрук выступаў не проста за мірнае вырашэнне няроўнасці і несправядлівасці ў грамадстве, але за іх поўную і назаўсёдную ліквідацыю шляхам свабоднага адмаўлення ад усёй сістэмы і духу гвалту чалавека з чалавека.
Асноўную стылеўтваральную функцыю ў творчасці П. Сеўрука выконвала думка, лагізаванае мысленне, даследаванне з’явы ці працэсу. Паэту імпанавалі аўталагічны прынцып асэнсавання жыцця, раскрыцця ўнутранага свету лірычнага героя, «нявобразныя» мастацка-выяўленчыя структуры, прамое сцвяр-
джэнне. Яго верш вызначаўся празаічнай «адвольнасцю», размоўнай інтанацыяй, адсутнасцю дэталей і падрабязнасцей.
На жаль, шырэй разгарнуць сваю творчасць П. Сеўруку не ўдалося: у 1929 годзе, пасля чарговага арышту польскай паліцыяй, катаванняў у пастарунку і абвастрэння сухотаў паэта не стала. Пахаваны ён у Скідзелі.
Мікола МІКУЛІЧ
Фота даслана аўтарам
Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва» [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/pyatro-syauruk
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/biyagrafiya