Такое становішча ў жыллі краіны працягнецца, бо пакуль яшчэ не зафіксавалі пяці дзён з сярэднясутачнай тэмпературай звонку вышэй за 8 градусаў. Менавіта гэты паказчык можа стаць стымулам для пачатку адключэння ацяплення. Між іншым у сталічных адміністрацыйных будынках і на прадпрыемствах батарэі пачалі халадзець ужо з мінулай пятніцы (16 красавіка). Летась ацяпленне ў такіх будынках цалкам у краіне адключылі да майскіх свят.
Мінулагодні ацяпляльны сезон у Беларусі доўжыўся больш за восем месяцаў (з верасня да мая) і быў самым працяглым за апошнія гады. Тады батарэі ў жыллі пачалі адключаць толькі ў маі, а ў сталічных бальніцах, дзіцячых садках і школах — увогуле ў апошні тыдзень вясны. Акрамя даволі халоднага надвор'я, такое рашэнне бачылася тады правільным у тым ліку і з прычыны прафілактыкі сезонных захворванняў падчас пандэміі.
Сёлетні сезон, які пачаўся ў кастрычніку, магчыма, таксама зацягнецца да мая, паколькі, нягледзячы на нядаўнюю дзённую амаль гарачыню, у краіне месцамі на выхадных яшчэ абяцаюць нават начныя прымаразкі. Тым не менш кіраўніцтва Брэсцкай вобласці, як паведамляе БелТА, ужо падрыхтавала ліст, згодна з якім кожны раён будзе прымаць рашэнне аб адключэнні ацяплення згодна з уласнымі меркаваннямі.
— Кіраўнікі іншых аблвыканкамаў краіны пачынаць завяршэнне ацяплення пакуль не плануюць, прынамсі нам (Мінжылкамгасу) такіх лістоў яшчэ не накіроўвалі, — заўважыў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ. — Даты ўключэння і адключэння ацяплення залежаць толькі ад умоў надвор'я. Спрагназаваць пачатак і канец сезона іншым чынам немагчыма.
Нагадаем, што падобныя майскія халады здараліся і летась, і некаторыя адключаныя ад цяпла будынкі (дзіцячыя дашкольныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы) прыйшлося вяртаць у рэжым прапальвання.
Ірына СІДАРОК
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhkg
[4] https://zviazda.by/be/tags/cyaplo
[5] https://zviazda.by/be/tags/batarei
[6] https://zviazda.by/be/tags/acyaplenne