15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ. Пра гэта паведаміў падчас брыфінгу ў БелТА начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей КАСПЯРОВІЧ.
Медыкі — у дэфіцыце
Так, у БНТУ распачнуць падрыхтоўку спецыялістаў па прамысловым дызайне транспартных сродкаў і вытворчага абсталявання. У БДУ ўводзяцца спецыяльнасці «Рэгіёназнаўства» і «Эканамічная бяспека». А ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі — спецыяльнасць «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі» з кваліфікацыяй «Спецыяліст па лётнай эксплуатацыі грамадзянскіх судоў. Інжынер-пілот».
Сяргей Каспяровіч запэўніў, што падчас уступнай кампаніі 2021 года захаваюцца ўсе традыцыйныя падыходы ў правілах прыёму на ўсіх узроўнях атрымання адукацыі.
У ВНУ плануецца прыняць каля 54,9 тысячы чалавек: за кошт сродкаў бюджэту — каля 27,8 тысячы, што больш чым на 1 працэнт перавышае план прыёму 2020 года, на платную форму — 27,1 тысячы, што крыху ніжэй за леташні план.
На ўзроўні вышэйшай адукацыі сёлета запланавана павялічыць набор за кошт сродкаў бюджэту па медыцынскіх спецыяльнасцях (прыкладна на 160 месцаў), а таксама па некаторых педагагічных спецыяльнасцях і на «архітэктуру і будаўніцтва». Крыху скарэкціраваныя аб'ёмы набору ў бок змяншэння па шэрагу ІT-спецыяльнасцяў і тэхнічных спецыяльнасцяў на платнай аснове.
Усяго прыём на ўзроўні вышэйшай адукацыі будзе весціся больш чым на 320 спецыяльнасцях.
— Кантрольныя лічбы ўзгоднены, зацверджаны і даведзены да зацікаўленых да 1 красавіка на сайтах устаноў адукацыі і па іншых каналах інфармавання. Яны фарміраваліся з улікам патрэбаў рынку працы, — адзначыў Сяргей Каспяровіч. — Лічбы прыёму на мэтавую падрыхтоўку стануць вядомыя 1 мая, істотных змен у параўнанні з планам прыёму 2020 года тут не чакаецца. Гэту інфармацыю можна будзе знайсці на сайтах дзяржорганаў кіравання, мясцовых органаў улады і ўстаноў адукацыі.
Мэтавая падрыхтоўка на сёння вядзецца для сферы аховы здароўя (штогод на ўзроўні вышэйшай адукацыі набор плануецца больш за 800 чалавек), сельскай гаспадаркі (600 і больш чалавек у год), адукацыі (больш за 600 у год). У іншых сферах мэтавая падрыхтоўка асобных спецыялістаў носіць больш кропкавы характар.
Падыходы ў мэтавай падрыхтоўцы захаваныя. Заказчыкам можа быць толькі арганізацыя, размешчаная ў сельскай мясцовасці, невялікіх гарадах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч, а таксама на тэрыторыях, што пацярпелі ад забруджвання ў выніку аварыі на ЧАЭС. Але гэта датычыцца толькі ўзроўняў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Што датычыцца прафтэхадукацыі, тут заказчыкамі мэтавай падрыхтоўкі могуць быць любыя арганізацыі: і сталічныя, і рэгіянальныя. Гэты падыход захоўваецца ў гэтым годзе. А ў праекце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прадугледжана зняцце абмежаванняў па месцы знаходжання заказчыка.
Сяргей Каспяровіч дадаў, што актыўны дзесяцікласнік цалкам можа заявіць пра сябе будучаму работадаўцу і хадайнічаць аб тым, каб праз год наймальнік, калі ён палічыць неабходным, заявіў ва ўстаноўленым парадку мэтавае месца. «Але на мэтавае месца можа скласціся конкурс. Нават падпісаўшы дамову з заказчыкам, абітурыент можа апынуцца ў сітуацыі канкурэнцыі. Але мэтавае месца метадам такіх дзеянняў можна ініцыяваць. У любым выпадку вырашае тут наймальнік, заказчык кадраў», — падкрэсліў Сяргей Каспяровіч.
На масавыя дысцыпліны — два дні
Рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе 2 мая і завершыцца 1 чэрвеня. Прайсці яе можна ў адной з устаноў адукацыі, якая вызначана пунктам рэгістрацыі. Як правіла, гэта адначасова і пункты правядзення ЦТ.
Пры рэгістрацыі падаецца заява на адной з дзяржаўных моў — беларускай або рускай. Зрабіць гэта можна ў пісьмовай форме асабіста, а можна падаць заяўку праз электронную форму на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Пасля аплаты за прыём і афармленне дакументаў абітурыенту абавязкова трэба падысці ў прапанаваны пункт рэгістрацыі і асабіста забраць пропуск або пропускі на ЦТ па выбраных прадметах. Зрабіць гэта трэба не пазней за 1 чэрвеня.
Цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў краіне 16 чэрвеня з беларускай мовы. 18 і 19 чэрвеня абітурыенты здаюць тэсты па рускай мове, 21-га — па грамадазнаўстве, 23 і 24 чэрвеня — па матэматыцы і гэтак далей.
«Па два дні адводзіцца на рускую мову і матэматыку, каб выканаць санітарна-эпідэмічны рэжым, — патлумачыў Сяргей Каспяровіч. — Як правіла, ахвотных здаць ЦТ па гэтых прадметах заўсёды больш за ўсё. Ва ўсіх пунктах ЦТ забраніравана дастатковая колькасць месцаў для абітурыентаў. Таксама павялічана колькасць аўдыторый для правядзення ЦТ, забяспечаны і іншыя меры бяспекі. Абітурыентам рэкамендавана мець ахоўныя маскі».
Усяго будзе працаваць 41 пункт рэгістрацыі на ЦТ: у Брэсцкай вобласці гэта чатыры ВНУ, у Віцебскай — тры ВНУ і адзін каледж, у Гомельскай — пяць ВНУ і каледж, у Гродзенскай — дзве ВНУ і два каледжы, у Мінскай — тры каледжы, у Магілёўскай — чатыры ВНУ і тры каледжы, у Мінску — трынаццаць ВНУ.
Пунктамі рэгістрацыі на ЦТ у рэзервовыя дні і яго правядзення выбраны шэсць устаноў: БДУ, Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. Сухога, Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Я. Купалы. Вызначаны таксама рэзервовыя дні для здачы беларускай і рускай мовы — 14 і 16 ліпеня. Грамадазнаўства, матэматыку, біялогію, замежныя мовы, хімію, фізіку, гісторыю Беларусі, геаграфію, сусветную гісторыю найноўшага часу можна будзе напісаць 14 і 18 ліпеня. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні — з 2 ліпеня да 9 ліпеня.
Мінімальныя прахадныя балы
Сяргей Каспяровіч паведаміў, што тэсты па прадметах уступнай кампаніі адпавядаюць структуры школьнай вучэбнай праграмы, пры гэтым паэтапна скарачаецца частка заданняў, у якой магчыма ўгадванне правільных адказаў.
Ёсць частка А і частка В. У частцы А ёсць варыянты адказаў, а ў частцы В трэба самастойна фармуляваць адказ.
— У нас частка А паэтапна скарачаецца, што зніжае верагоднасць угадвання і магчымы ўплыў такога ўгадвання на канчатковы вынік, і пашыраецца частка В. Акрамя таго, у гэтым годзе зменшылася колькасць заданняў па 11 з 15 вучэбных прадметаў, — расказаў Сяргей Каспяровіч. — Так, на 12 заданняў скароціцца тэст па замежнай мове, на 6 — па біялогіі, хіміі, геаграфіі, грамадазнаўстве, гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі.
Па рускай і беларускай мовах застанецца ранейшая колькасць заданняў — 40, па фізіцы і матэматыцы таксама без змен — 32, але колькасць заданняў без варыянтаў адказаў павялічылася. Усё робіцца для таго, каб гарантаваць аб'ектыўную і справядлівую ацэнку ведаў абітурыентаў.
Мінімальныя прахадныя балы захаваны. Прымацца сертыфікаты будуць па рускай і беларускай мовах — ад 10 балаў, але для будучых філолагаў — ад 25 балаў. Па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі — ад 20 балаў, ад 25 — па грамадазнаўстве, геаграфіі, гісторыі і замежных мовах. Гэта калі дадзеныя прадметы з'яўляюцца першымі профільнымі, а калі другімі, парог зніжаецца адпаведна да 10 і 15 балаў.
Графік прыёмных камісій
Прыём дакументаў на ўзроўні вышэйшай адукацыі стартуе 20 ліпеня: на бюджэт ён будзе доўжыцца да 26 ліпеня, на платную форму навучання — да 9 жніўня. Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ па асобных спецыяльнасцях пройдуць з 27 ліпеня да 4 жніўня. Адпаведна залічэнне будзе праводзіцца на бюджэт да 5 жніўня, а на платную форму — да 11 жніўня.
На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўступная кампанія пройдзе з 20 ліпеня да 18 жніўня. Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі — з 20 ліпеня да 3 жніўня (за кошт сродкаў бюджэту) і з 20 ліпеня да 14 жніўня (на платнай аснове). Тыя, хто будзе здаваць уступныя іспыты (з 4 да 8 жніўня), павінны падаць дакументы да 3 жніўня. Залічэнне на бюджэт — да 10 жніўня, на платнай аснове — да 16 жніўня.
На базе 11 класаў прыём дакументаў за кошт сродкаў бюджэту будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня: на бюджэтную форму — да 12 жніўня, на платнай аснове — да 17 жніўня. Для тых, хто здае іспыты (з 13 да 17 жніўня), — да 12 жніўня. Залічэнне на бюджэт — да 16 жніўня, на платную форму — да 18 жніўня.
На ўзроўні прафтэхадукацыі прыём дакументаў старуе 15 чэрвеня, а заканчваецца 25 жніўня. Прыём дакументаў — да 20 жніўня, да 25 жніўня — залічэнне. Унутраныя ўступныя іспыты праводзяцца да 24 жніўня.
110 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі (каледжы, у тым ліку 9 прыватных) і яшчэ 83 філіялы ВНУ, якія вядуць падрыхтоўку на дадзенай ступені адукацыі, прымуць у гэтым годзе 39,6 тысячы хлопцаў і дзяўчат. З іх на бюджэтнай форме будуць вучыцца 25,8 тысячы.
На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі прыём будуць ажыццяўляць 125 адпаведных устаноў і 41 філіял ВНУ. Аб'ёмы прыёму сфарміраваны на ўзроўні мінулага года — каля 26,7 тысячы чалавек (амаль усе месцы бюджэтныя). Пры гэтым плануецца залічыць каля 25,2 тысячы хопцаў і дзяўчат на дзённую форму, што вельмі важна пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі павелічэнне набору плануецца па профілях «Педагогіка», «Мастацтва і дызайн», «Тэхніка і тэхналогіі», «Сельская гаспадарка», «Лясная гаспадарка», «Архітэктура і будаўніцтва», «Грамадскае харчаванне». Скарачэнне адбудзецца па профілі «Камунікацыі, права, эканоміка» і «Кіраванне, эканоміка, арганізацыя вытворчасці». У Беларускай дзяржакадэміі сувязі ўпершыню будзе ажыццёўлены прыём па новай спецыяльнасці «Інфармацыйныя кабельныя сеткі» на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На платнай аснове плануецца рыхтаваць менш спецыялістаў эканамічнага профілю і ў галіне ІT.
У структуры прафтэхадукацыі акцэнт зроблены на тэхнічныя спецыяльнасці і спецыяльнасці для рэальнага сектара эканомікі (прамысловасці, сельскай гаспадаркі, іншых галін). Для забеспячэння патрэб у канкрэтных працоўных кадрах у рэгіёнах падрыхтоўка была скарэкціравана. Так, плануецца прыпыніць прыём па 150 незапатрабаваных прафесіях у асобных рэгіёнах і адкрыць падрыхтоўку па 133 запатрабаваных у адпаведных рэгіёнах прафесіях. Як зазначыў Сяргей Каспяровіч, у гэтым праяўляецца гнуткасць сучаснай сістэмы адукацыі і падрыхтоўкі кадраў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/ct
[5] https://zviazda.by/be/tags/centralizavanae-tesciravanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kaspyarovich