У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшоў метадычны семінар «Роля літаратурных музеяў у развіцці ўнутранага турызму».
Мерапрыемства, арганізаванае Нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь, мае сапраўды знакавы характар. Прадстаўнікі турыстычнай і музейнай сфер сабраліся на семінары, каб праз прэзентацыю пазнаёміцца з экспазіцыямі Купалаўскага музея, адкрыць для сябе новыя формы работы з наведвальнікамі, стаць удзельнікамі інтэрактыўнай экскурсіі з выкарыстаннем ІT-тэхналогій. А таксама атрымалі задавальненне ад дэманстрацыі музейна-педагагічнай праграмы «Вячоркі», узялі ўдзел у квэсце «У пошуках папараць-кветкі». Падсумаваў работу семінара круглы стол па актуальных праблемах суладдзя музейнай справы і развіцця ўнутранага турызму.
— Такія семінары павінны стаць сістэмным складнікам нашай метадычнай работы дзеля пашырэння выкарыстання музейнага патэнцыялу для росту турыстычных паслуг у краіне, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь Павел САПОЦЬКА. — У Беларусі шмат літаратурных музеяў. Яны прысвечаны жыццю і творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Петруся Броўкі, Максіма Багдановіча... Мяркую, што арганізатары экскурсійна-турыстычнай работы павінны звярнуць увагу і на грамадскія, школьныя літаратурна-краязнаўчыя музеі.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[5] https://zviazda.by/be/tags/pavel-sapocka
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[7] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnae-agenctva-pa-turyzme