Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Малдовы ў Беларусі Віктарам Сарачанам.
Па яго словах, паміж краінамі летась склаўся добры тавараабарот у 200 мільёнаў долараў. «Але самае галоўнае, што гэты год добра пачалі — за студзень–люты 23-працэнты рост тавараабароту. Ёсць і праблемныя пытанні. Нам неабходна аднаўляць пасяджэнні міжурадавай камісіі, апошняе было ў 2018 годзе ў Кішынёве. Важна, каб і дэпутаты Беларусі і Малдовы бралі ўдзел у пасяджэннях», — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён звярнуў увагу на патэнцыял рэгіянальных сувязяў, значнасць кааперацыйных прадпрыемстваў па зборцы беларускіх трактароў, тралейбусаў у Малдове.
«У нас даўнія сяброўскія адносіны з Рэспублікай Малдова і прынцыпова важна, што гэтыя адносіны будуюцца на прынцыпах раўнапраўя, даверу, узаемнай павагі. Створана дастойная дагаворна-прававая база — больш чым 85 дакументаў рознага ўзроўню», — сцвярджае спікер ніжняй палаты парламента.
Важна, што і міжпарламенцкія адносіны краін на дастаткова высокім узроўні, лічыць Уладзімір Андрэйчанка. «Вы ўдзяляеце ўвагу міжпарламенцкім адносінам, — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Я думаю, на будучае нам неабходна распрацаваць нейкую дарожную карту па выкананні пагадненняў».
Віктар Сарачан, у сваю чаргу, пагадзіўся, што сумесную работу неабходна актывізаваць — час мяняецца хутка і паспяваць за ім немагчыма.
«Вы правы, што пандэмія паўплывала на рух наперад, асабліва ў эканоміцы. Граніцы былі перакрытыя. Я таксама ўдзячны кіраўніцтву Беларусі за дапамогу, калі ўзнікла складаная сітуацыя з вяртаннем нашых грамадзян з усіх куткоў свету, — дадаў пасол. — Тут быў створаны своеасаблівы хаб па размеркаванні пасажырапатокаў, калі мы збіралі людзей з усяго свету, фарміравалі групы для перавозкі людзей».
Ён адзначыў, што існаванне беларускіх зборачных пляцовак прыносіць новыя рабочыя месцы для малдаван. «Нам неабходна развіваць зборачную вытворчасць у Гагаузіі па трактарах. Пакуль там збіраюцца трактары малой магутнасці, але ўжо ёсць патрэба ў зборцы больш магутных трактароў. Я размаўляў з кіраўніцтвам трактарнага завода ў Мінску на гэты конт, і ёсць разуменне. Калі нам удасца сабраць міжурадавую камісію, гэтае пытанне можна ставіць там», — мяркуе кіраўнік знешнепалітычнага прадстаўніцтва Малдовы.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/maldova
[5] https://zviazda.by/be/tags/viktar-sarachan