Гарадскія ўлады агучылі дзве версіі прычын аварыі ў Чыжоўцы, але адзначылі, што рабіць высновы заўчасна. Пра гэта паведамляе телеграм-канал «Мінск. Афіцыйна».
— Папярэдніх версій — дзве, — сказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч. — Гэта пашкоджанне трубаправода пры выкананні будаўніча-мантажных работ. На будаўнічым аб’екце, дзе і адбылася аварыя, праводзіліся будаўніча-мантажныя работы. Мяркуецца, што працы маглі выконвацца без выканання рэгламенту. Другая версія — нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу (чыгуну), якія прывялі да паскоранага зносу трубаправода. Рабіць высновы заўчасна, зараз вывучаем сітуацыю. Канфіскавалі відэа з камер гандлёвага цэнтра, размешчанага побач з месцам аварыі, выкарыстоўваем яго для вызначэння прычын таго, што здарылася. Трэба будзе аб’ектыўна разабрацца, каб не дапускаць такіх сітуацый надалей.
Ён таксама ўдакладніў, што лабараторныя даследаванні вады з пацярпелых раёнаў па асобных адрасах паказалі перавышэнне паказчыкаў якасці вады па мутнасці і ўтрыманні жалеза.
— Мы звярнуліся па дапамогу ў міністэрства абароны, і яно выдзеліла 18 аўтацыстэрнаў, за што мы вельмі ўдзячныя. Усяго сёння ў горадзе задзейнічана 26 цыстэрнаў, якія падвозяць пітную ваду ў жылыя кварталы горада. Усе сацыяльныя аб’екты, установы аховы здароўя і адукацыі таксама забяспечаны вадой. Зараз актыўна ідзе прамыванне сетак, усе сілы і сродкі кінутыя на тое, каб як мага хутчэй аднавіць належную пітную якасць вады. Аварыйным брыгадам дапамагае гарадское ўпраўленне МНС. У 13.00 узятыя новыя пробы вады, зыходзячы з вынікаў іх лабараторнага аналізу будзе зразумела, як доўга спатрэбіцца выконваць прамыванне сетак.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vadapravod