На пазакласным занятку ў Пагост-Загародскай сярэдняй школе вучням тлумачаць, чаму нельга зрываць першацветы і падпальваць сухую траву…
Мэты: фарміраваць экалагічную культуру дзяцей, вучыць іх бачыць прыгожае, выхоўваць жаданне берагчы і ахоўваць прыроду.
– Дзеці, вы заўважылі, якое цудоўнае надвор’е на вуліцы? Якое сёння сонейка? А ваш настрой адпавядае настрою прыроды? (Выказванні дзяцей.)
Настаўнік чытае верш “Для цябе…”:
Для цябе прачынаецца сонца.
Месяц свеціць уначы для цябе
І спявае птушачка ў небе,
Конік скача ў зялёнай траве.
Для цябе цвіце кветка на лузе.
Спее яблык у садку для цябе.
Вырастаюць грыбочкі ў лесе,
Зелянее гурок на градзе.
Для цябе восень лета змяняе,
Ну, а зіму – вясна з веку ў век.
Не забудзь, што Зямля – гэта дом твой.
Беражы гэты дом, чалавек!
– Назавіце дзеючых асоб верша. (Сонца, Месяц, птушачка, конік… чалавек.)
– Як іх можна назваць адным словам? (Прырода.)
– Да каго звяртаецца аўтар? (Да юнага чытача.)
ІІ. Знаёмства з тэмай занятку.
Работа ў парах.
Кожнай пары вучняў выдаецца канверт, у якім знаходзяцца малюнкі з напісанымі на іх часткамі слоў. Неабходна скласці словы і ўтварыць з іх сказ.
– Які сказ у вас атрымаўся?
– Як вы разумееце слова “прырода”?
– Для каго прырода – дом?
– Як вы думаеце, чаму трэба берагчы гэты дом?
– Што нам трэба ведаць, каб захаваць прыроду? (Правілы паводзін у лесе, на лузе, каля вадаёмаў.)
Настаўнік аб’яўляе тэму занятку: “Прырода – гэта дом твой. Беражы гэты дом, чалавек”!
– Што вы ўяўляеце, слухаючы гукі лесу?
– Галасы якіх птушак вы пачулі?
– Ці можа стацца так, што перастануць спяваць птушкі? Што будзе прычынай для іх маўчання?
3. Сцэнка “Здарэнне ў лесе”.
(Дзеянне адбываецца ў зімовым лесе на палянцы.)
Сарока: Бяда, бяда! У нашага крыжадзюба Косціка здарылася бяда!
Старая Сойка: Чаго ты крычыш? Чаго лямантуеш?
Сарока: Хіба ж ты не ведаеш?! Крыжадзюб Косцік сядзіць і горка плача.
Старая Сойка: Дык што ў яго здарылася?
Сарока: Як што? Няўжо ты не чула? Сёння Косцік аблятаў свае любімыя мясціны ў лесе і заўважыў, што яго разгалістая елка-прыгажуня ссечана пад корань. Ужо некалькі зім запар Косцік са сваёй жонкай Хрысцінкай вілі на ёй гняздо і выседжвалі яйкі. Елачка была густая: яе калючыя галінкі хавалі птушанят з бацькамі ад моцных вятроў і лютых маразоў. Ды і насенне шышак мусіла вось-вось саспець, шышкі б раскрыліся – і любімы корм быў бы ў крыжадзюбаў як на далоні.
Старая Сойка: Ой, гора-гора ў крыжадзюба! Ды яшчэ якое... Мне здаецца, хтосьці рухаецца ў наш бок?
Сарока: І праўда, хтосьці скача і плача. (З’яўляецца заплаканы Зайчык.)
Старая Сойка: Зайчык, даражэнькі, чаго ты плачаш?
Зайчык: Як жа мне не плакаць?! Учора ў лес прыйшлі людзі і ссеклі елачку, пад якой я нарадзіўся.
Сарока і Старая Сойка удвох: Трэба ўсім звярам і птушкам разам сабрацца і не пускаць людзей у лес, калі яны нам шкодзяць. Хто ж нам дапаможа, як не мы самі? Будзем змагацца за свой дом – лес!
4. Абмеркаванне сцэнкі:
– Што здарылася ў лясных жыхароў?
– Хто вінаваты ў іх бядзе?
– Як ім дапамагчы?
– Чым пагражае высечка лесу?
Настаўнік: “У прыродзе ўсё ўзаемазвязана. І калі мы будзем яе знішчаць па частках, то зменшыцца колькасць птушак, звяроў. Не стане птушак, якія лечаць дрэвы, – яны будуць хварэць, сохнуць і адміраць. Парушацца натуральныя ланцугі харчавання. Людзі – частка прыроды, таму, наносячы ёй шкоду, яны і самі могуць загінуць”.
– Што з’яўляецца традыцыйным упрыгажэннем навагодняга свята?
– Як вы думаеце, ці можна абысціся без жывой елкі?
Навагодняя елка радуе нас некалькі дзён, а потым мы яе выкідваем. Нельга самавольна высякаць у лесе елачку, гэта браканьерства. Яе можна купіць напярэдадні свята ў спецыяльным гадавальніку. Пасля Новага года натуральная елка можа паслужыць кормам жывёлам заапарку, а калі вы жыхары вёскі, ведайце: гэта ласунак для коз.
Аднак лепш упрыгожыць штучную елку, а побач паставіць у вазу некалькі жывых яловых галінак, каб прыемны хваёвы пах разносіўся па ўсім пакоі.
6. Падарожжа па старонках Чырвонай кнігі.
Разглядванне Чырвонай кнігі.
– Чаму ў гэтай кнігі чырвоная вокладка, а, напрыклад, не зялёная?
Так, чырвоны колер – сігнал небяспекі. Ён нібы заклікае ўсіх людзей: расліны і жывёлы ў бядзе, дапамажыце ім! На старонкі Чырвонай кнігі трапілі рэдкія прадстаўнікі флоры і фаўны, якія могуць неўзабаве загінуць, калі іх не ахоўваць.
– Назавіце расліны, насякомых, птушак і звяроў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. (Белы гарлачык, кураслеп лясны, сон лугавы, жук-алень, махаон, арол-маркут, арол-вужаед, чорны бусел, зубр, рысь.)
– Што трэба рабіць, каб іншыя расліны і жывёлы не рабіліся рэдкімі, каб колькасць старонак кнігі не павялічвалася?
– Наша задача – папярэдзіць гэта. У нашых сілах пасадзіць дрэўца, пакарміць птушак зімой, узяць пад ахову мурашнік.
7. Калектыўная распрацоўка правіл паводзін у прыродзе.
– Любіць прыроду – значыць разумець і беражліва ставіцца да яе, не наносіць ёй шкоды. А як жыць з ёю ў згодзе? Так, трэба прытрымлівацца пэўных правіл.
Мы добра ведаем гэтыя правілы і стараемся іх выконваць. Але нездарма існуе такі жарт: “Правілы прыдумалі для таго, каб іх парушаць”. Так і з намі часам адбываецца: ведаем, але парушаем.
У першы цёплы веснавы дзень Марына з Сенем пайшлі у лес. На палянцы яны ўбачылі кветкі нябывалай прыгажосці. Сеня закрычаў: “Паглядзі сюды, Марына! Што за дзіўная карціна! Каля самага снегу паляна з кветак! Якія яны далікатныя, блакітныя… Збяру букецік: заўтра Жаночае свята. Маме падару гэтыя кветачкі, хіба я не мужчына? І бабулі нарву, іх жа тут многа. І табе, як малодшы брат, падарыць іх буду рад!”
– Ці правільна паступіў Сеня? Чаму вы так лічыце?
– Назавіце памылку хлопчыка.
Першацветы – уразлівыя кветкі, некаторыя віды занесены ў Чырвоную кнігу. Калі будзеце іх зрываць, страціце магчымасць любавацца імі ў наступным годзе. А яшчэ, як толькі прыгрэе сонейка, прасынаюцца і вылятаюць матылі, шмялі і пчолкі. Чым яны будуць харчавацца?..
– Якія першыя веснавыя кветкі вы ведаеце? (Пралеска, ветраніца, медуніца, прымула, сон лугавы, падбел.)
9. Работа ў групах – рашэнне экалагічных задач.
Першая група – “Спажыўцы”.
Другая група – “Юныя захавальнікі прыроды”.
Пытанні:
– Ці добра нарваць вялікі букет ландышаў?
“Спажыўцы” лічаць: “Нарваць вялікі букет – гэта добра. Ландышы прыгожыя, прыемна пахнуць. Іх можна падарыць маме. Калі дома стаіць букет, робіцца ўтульна”.
“Юныя захавальнікі прыроды” лічаць: “Нарваць вялікі букет – гэта дрэнна. Знішчаныя кветкі – шкода для прыроды. Калі кветак мала, лес непрыгожы і пусты, голадна насякомым”.
Дадатковая інфармацыя: каб зацвёў ландыш, патрэбна, каб прайшло да 10 гадоў з той хвіліны, калі насенне трапіць у зямлю. За гэты час вы закончыце школу!
– Ці добра прынесці з лесу галінкі з ягадамі чарніц?
(Адказы груп.)
Дадатковая інфармацыя: каб парасткі чарніц пачалі даваць ягады, трэба чакаць да сямі гадоў.
– Што зрабілі людзі?
– Ці дапамаглі яны гэтым прыродзе?
– Якую памылку яны дапусцілі?
(Выказванні дзяцей.)
У час веснавых палаў пачынае расці трава і распускаюцца кветкі. Адбываецца актыўны перыяд росту і ў кустоў. Агонь пашкоджвае маладыя парасткі травы, знішчае пупышкі і насенне раслін. Гінуць насякомыя, дажджавыя чарвякі, гнёзды птушак з яйкамі. Дымам забруджваецца паветра. Нярэдка ад палаў сухой травы ўзнікаюць пажары, якія знішчаюць дамы, драўляныя масты, лініі электраперадач і сувязі. А самае страшнае – у агні гінуць людзі.
IV. Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія.
Дзеці, давайце яшчэ раз звернемся да апошніх радкоў верша:
Не забудзь, што Зямля – гэта дом твой.
Беражы гэты дом, чалавек!
Да чаго заклікае паэт?
Памятайце: Кожны чалавек – гаспадар вялікага дома, імя якому – прырода. А ў добрага гаспадара ва ўсім павінен быць парадак.
Паспрабуйце карыстацца правілам: перш чым штосьці зрабіць, падумайце, ці не нашкодзіце вы прыродзе. Ці зможаце вы без гэтага абысціся?
Дрэва і кветка, птушка, крыніца
Самі не могуць абараніцца.
Калі будуць знішчаны яны,
На планеце застанемся мы адны.
Рэфлексія “Абяцанне”: Я абяцаю… (Ахоўваць прыроду, быць яе сябрам і абаронцам, паводзіць сябе ціха і сціпла ў лесе, на лузе, у полі. Не рваць і не таптаць кветкі, не засмечваць вадаёмы. Рабіць заўвагі тым, хто шкодзіць прыродзе. Я абяцаю быць сапраўдным гаспадаром).
У чалавека ёсць тры маці: першая – тая, што падарыла жыццё, другая – Радзіма, трэцяя – прырода. Мы любім і паважаем сваю маці, ганарымся Радзімай, дык чаму ж часам нядбайна і безадказна ставімся да роднай прыроды? Дрэвы, расліны, крыніцы і рэчкі – спадчына, якая дасталася нам ад бацькоў і дзядоў. А што і ў якім выглядзе атрымаюць нашы дзеці і дзеці нашых дзяцей, залежыць ад нас. Таму тэма беражлівых адносін да прыроды хвалюе мяне. Спадзяюся і веру, што кожнае экалагічнае мерапрыемства, праведзенае ў класе ці на прыродзе, не пакіне абыякавым нікога з вучняў, і многае будзе захавана, абаронена, выратавана рукамі маіх выхаванцаў.
Таццяна ПАШАЛЮК, настаўніца пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі
ДУА “Пагост-Загародская сярэдняя школа імя славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфодзія” Пінскага раёна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/zyalyonaya-shkola
[2] https://zviazda.by/be/tags/ekaadukacyya