Да 35-годдзя чарнобыльскай трагедыі тэлеканал «Беларусь 3» 26 красавіка пакажа месу Джузепе Вердзі «Рэквіем» у выкананні сусветна вядомых артыстаў оперы.
На сцэне Вялікага тэатра Беларусі 25 красавіка прагучыць адна з самых вядомых работ італьянскага кампазітара Джузепе Вердзі «Рэквіем», які майстар напісаў пад уплывам шэрагу асабістых трагедый, калі адзін за адным сышлі з жыцця блізкія яму людзі. Бессмяротны твор Вердзі цягам часу знайшоў водгук ва ўсім свеце, стаўшы не толькі часткай рэпертуару шматлікіх тэатраў, але і сімвалам высокіх пачуццяў, светлай памяці і смутку.
Напярэдадні 35-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС Вялікі тэатр ушануе памяць ахвяр тых трагічных падзей выкананнем «Рэквіема», у якім возьмуць удзел зоркі тэатральных пляцовак розных краін — прыма Марыінскага тэатра Кацярына Семянчук, уладальніца шматлікіх прэмій, у тым ліку Гран-пры конкурсу BBC «Спявак свету» ў Кардыфе (2015) Надзея Кучар, саліст Гамбургскай оперы Аляксандр Рославец і беларускі тэнар з аўстрыйскага Graz Opera, пераможца «Апераліі» Пласіда Дамінга (2018) Павел Пятроў. Для кожнага з салістаў выкананне месы Дж. Вердзі на сцэне Вялікага тэатра стане першым. За дырыжорскім пультам гледачы ўбачаць Дзмітрыя Мацвіенку, а галоўным хормайстрам выступіць народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.
Тэлеверсію жалобнай месы сацыякультурны канал прадставіць 26 красавіка ў 18.40.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/avaryya-na-chaes
[5] https://zviazda.by/be/tags/rekviem
[6] https://zviazda.by/be/tags/telekanal-belarus-3-0