Красавік — месяц зменлівы. Вось і гэтым разам цёплае надвор'е пакідае нашу краіну. Калі ў чацвер удзень было ў сярэднім 10—17 цяпла, то сёння стане на 5—8 градусаў халадней, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Ужо ў пятніцу ўдзень у многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У дзённыя гадзіны месцамі магчымы навальніцы.
На выхадныя наша краіна будзе знаходзіцца пад уплывам франтальных раздзелаў і халодных няўстойлівых паветраных мас, якія распаўсюджваюцца з боку поўначы Еўропы. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Вецер будзе заходні, паўночна-заходні парывісты, удзень у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы апусціцца ад мінус 3 градусаў да 2 цяпла. Удзень паветра прагрэецца да плюс 3—9 градусаў. Такі тэмпературны фон на 2—5 градусаў ніжэйшы за кліматычную норму для гэтых красавіцкіх дзён.
У пачатку наступнага тыдня захаваецца халоднае надвор'е. У панядзелак уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Вецер будзе заходні, паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны апусціцца ад мінус 4 градусаў да 1 цяпла. Днём чакаецца таксама малакамфортнае надвор'е — ад 3 да 9 градусаў цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у аўторак атмасферны ціск пачне расці, аблокаў і ападкаў стане менш. Вецер будзе заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы — мінус 4 — плюс 2 градусы. Удзень паветра прагрэецца да 4—11 цяпла. У сераду прагназуецца пераменная воблачнасць. Уначы пераважна без ападкаў, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу — ад мінус 3 градусаў да 4 цяпла. Удзень будзе адносна цёпла — плюс 7—14 градусаў вышэй за нуль.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв'ю: rgazeta.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore