Амаль 23 т небяспечных адходаў вывезлі з Беларусі за мяжу на ўтылізацыю. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі расказала кіраўнік экалагічнай ініцыятывы «Стварэнне механізма экалагічна бяспечнага абясшкоджвання небяспечных адходаў, што змяшчаюць стойкія арганічныя забруджвальнікі» Аляксандра Баева, паведамляе БЕЛТА [1].
Далучыўшыся да Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках, Беларусь прыняла на сябе абавязацельства да 2028 года поўнасцю абясшкодзіць адходы, якія змяшчаюць поліхлараваныя біфенілы (ПХБ). Чарговы крок на гэтым шляху — рэалізацыя экалагічнай ініцыятывы «Стварэнне механізма экалагічна бяспечнага абясшкоджвання небяспечных адходаў, якія змяшчаюць стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗ)» праекта «Уключэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», фінансуемага Еўрапейскім саюзам і рэалізуемага Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Мінпрыроды. Ініцыятыву рэалізавала ўстанова па ахове прыроды «Экалогія без межаў».
«У ходзе рэалізацыі ініцыятывы за межы Беларусі вывезена 22,9 т небяспечных адходаў, якія змяшчаюць стойкія арганічныя забруджвальнікі. Гэта выведзеныя з эксплуатацыі старыя сілавыя кандэнсатары, якія захоўваліся на прадпрыемствах рэспублікі яшчэ з савецкіх часоў. Гэтыя адходы ўтылізаваны на спецзаводзе экалагічна бяспечным спосабам. Такім чынам, у Беларусі ліквідавана яшчэ пяць аб’ектаў часовага захоўвання небяспечных адходаў, размешчаных на тэрыторыі арганізацый — уладальнікаў гэтых адходаў у Гомельскай і Гродзенскай абласцях: ААТ «Рэчыцадрэў», ДП «Беларуснафта-Прамсэрвіс», ЗАТ «Гомельскі вагонабудаўнічы завод», ААТ «Белкард», ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры», — сказала Аляксандра Баева.
Паводле яе слоў, галоўная мэта ініцыятывы — палепшыць экалагічную абстаноўку і прадухіліць негатыўнае ўздзеянне на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе ў праектных рэгіёнах праз стварэнне ўстойлівага механізма па зборы і абясшкоджванні САЗ-змяшчальных адходаў.
У цэлым у рамках ініцыятывы праведзена маштабная работа. У першую чаргу былі арганізаваны ўпакоўка, збор і транспарціроўка САЗ-змяшчальных адходаў з прадпрыемстваў да месца іх абясшкоджвання.
Старыя пашкоджаныя кандэнсатары, якія захоўваліся на прадпрыемствах, былі ўпакаваны ў спецыяльныя кантэйнеры, каб папярэдзіць далейшую ўцечку небяспечных хімікатаў і пазбегнуць забруджвання навакольнага асяроддзя. Затым адходы адправілі на спецыялізаванае прадпрыемства ў Францыю для экалагічна бяспечнага знішчэння. Даволі шмат часу занялі падрыхтоўка і атрыманне розных дазвольных дакументаў і сертыфікатаў. Паколькі для вывазу небяспечных адходаў за мяжу неабходна атрыманне ўзгаднення як краін экспарту і імпарту адходаў, так і ўсіх краін транзіту.
Адным з важных аспектаў рэалізацыі ініцыятывы стала работа па павышэнні ўзроўню інфармаванасці аб правілах бяспечнага абыходжання з небяспечнымі адходамі мясцовага насельніцтва, асабліва дзяцей і моладзі. Для большай інфармаванасці грамадскасці ініцыятывай выдадзены тэматычны буклет і створаны інфармацыйны відэаролік, у якім можна ўбачыць усе этапы работы па падрыхтоўцы і вывазе на ўтылізацыю САЗ-змяшчальных адходаў.
Небяспечныя адходы, якія адносяцца да стойкіх арганічных забруджвальнікаў, з’яўляюцца сур’ёзнай пагрозай для чалавека і экалогіі. САЗ — хімічныя рэчывы, якія характарызуюцца высокай таксічнасцю, схільнасцю да накаплення ў аб’ектах навакольнага асяроддзя і жывых арганізмах. Нават у надзвычай малых канцэнтрацыях САЗ негатыўна ўплываюць на здароўе людзей і навакольнае асяроддзе.
Сёння ў краіне налічваецца 509 арганізацый — уласнікаў ПХБ-змяшчальнага абсталявання (кандэнсатараў і трансфарматараў, якія змяшчаюць поліхлараваныя біфенілы), агульная вага якога складае каля 3 тыс. т.
Прэв'ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/economics/view/amal-23-t-nebjaspechnyh-adhodau-vyvezli-z-belarusi-za-mjazhu-na-utylizatsyju-99175-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/adhody
[3] https://zviazda.by/be/tags/utylizacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus