Старшыня КНР Сі Цзіньпін заклікаў прыкласці глабальныя намаганні для забеспячэння ў грамадстве сумленнасці і справядлівасці ў працэсе «зялёнай трансфармацыі». Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на міжнародным саміце па клімаце.
Навакольнае асяроддзе ўплывае на дабрабыт людзей ва ўсіх краінах, адзначыў Сі Цзіньпін. «Мы павінны ў поўнай меры ўлічваць імкненне народаў усіх краін да лепшага жыцця і спрыяльнага навакольнага асяроддзя, а таксама нашу адказнасць перад будучымі пакаленнямі», — адзначыў старшыня КНР.
«Нам неабходна адначасова шукаць спосабы аховы навакольнага асяроддзя і развіцця эканомікі, стварэння новых рабочых месцаў і выкаранення беднасці, а таксама забяспечыць у грамадстве сумленнасць і справядлівасць у працэсе „зялёнай трансфармацыі“, узмацніць пачуцці задаволенасці, шчасця і бяспекі ў народаў усіх краін», — дадаў Сі Цзіньпін.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін таксама заявіў, што чалавецтва павінна берагчы прыроду і навакольнае асяроддзе, фарміруючы новую парадыгму гарманічнага суіснавання чалавека і прыроды. «Маці-прырода нарадзіла і выгадавала нас, і чалавецтва павінна ставіцца да яе як да сваіх каранёў, паважаць прыроду, прытрымлівацца яе законаў і ахоўваць яе», — сказаў старшыня КНР.
Паводле яго слоў, сістэматычны ўрон прыродзе прывядзе да таго, што выжыванне і развіццё чалавецтва стануць «вадой без крыніцы і дрэвам без каранёў».
Сі Цзіньпін таксама ўнёс прапанову з шасці пунктаў аб сумесным будаўніцтве жыцця чалавека і прыроды. У прыватнасці, паводле яго слоў, неабходна прыхільнасць да гармоніі паміж чалавекам і прыродай, экалагічнага развіцця, сістэмнага кіравання, арыентаванага на людзей падыходу, мультылатэралізму, а таксама прынцыпу агульнай, але дыферэнцыраванай адказнасці.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/si-czinpin-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/zyalyonaya-ekanomika