У беларускіх прадпрыемстваў ёсць усё неабходнае для стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі. Такое меркаванне выказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў час наведвання УП «Чырвоны харчавік — Слаўгарад», перадае БЕЛТА [3].
Наталля Качанава азнаёмілася з вытворчымі памяшканнямі, дзе ў мінулым годзе адкрылі лінію па разліве мёду. Тут штогод плануюць перапрацоўваць да 300 т карыснага прадукту ў розным асартыменце. У планах на бліжэйшую перспектыву — вытворчасць манафлёрнага (сланечнікавага, рапсавага, кветкавага) і ўзбітага крэм-мёду з журавінамі, чарніцамі, клубніцамі, пяргой і пропалісам, вішняй, лімонам, імбірам і грэцкім арэхам. Выпуск гэтай прадукцыі пачнецца ў бліжэйшы час.
Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі азнаёмілася з ходам рэалізацыі значнага інвестыцыйнага праекта — цяпер на тэрыторыі «Чырвоны харчавік — Слаўгарад» ідзе будаўніцтва новага памяшкання. Тут будзе размешчана сучасная лінія па вытворчасці мармеладу і жэлейных цукерак. Як адзначыў дырэктар ААТ «Чырвоны харчавік», член Савета Рэспублікі Сяргей Анюхоўскі, рэалізацыя праекта ідзе ў адпаведнасці з планам і першую партыю мармеладу тут плануюць вырабіць ўжо ў лістападзе бягучага года. «Цяпер у нас ідуць работы па добраўпарадкаванні памяшканняў для новай лініі па вытворчасці мармеладу. Тэхніка нямецкай вытворчасці. Усё абсталяванне ўжо закуплена», — адзначыў Сяргей Анюхоўскі.
Паводле слоў дырэктара, з’яўленне сваёй лініі па вытворчасці мармеладу дасць магчымасць забяспечыць унутраны рынак краіны якаснымі і карыснымі ласункамі.
У час наведвання прадпрыемства для гасцей арганізавалі невялікую дэгустацыю выпускаемай прадукцыі. Як адзначыла Наталля Качанава, у беларускіх прадпрыемстваў ёсць усё неабходнае для стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі.
Фота БелТА і Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/parlament
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://blr.belta.by/economics/view/kachanava-u-belaruskih-pradpryemstvau-ests-use-neabhodnae-dlja-stvarennja-kankurentazdolnaj-praduktsyi-99209-2021/
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/slaugarad