Водазабеспячэнне ў Заводскім, Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах цалкам адноўлена. Пра гэта паведаміў [1] БелТА намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч.
«Водазабеспячэнне, якое адсутнічала ў спажыўцоў Заводскага, Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў па прычыне аварыі на вадаправодзе ў Чыжоўцы, цалкам адноўлена. Вада прыдатная для ўжывання. Калі ёсць рэшткавыя праблемы, пра гэта варта паведаміць “Мінскводаканал", — сказаў Аляксандр Дараховіч.
На пашкоджаным участку праведзены комплексныя тэхнічныя працы, зараз месца добраўпарадкоўваюць. Прычыну аварыі працягваюць высвятляць. Разгляданыя версіі — пашкоджанне трубаправода пры выкананні будаўніча-мантажных работ і нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу, якія прывялі да паскоранага зносу трубаправода.
Як паведаміла санітарна-эпідэміялагічная служба Мінска, падчас правядзення лабараторных даследаванняў пітной вады ў Заводскім, Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах назіраецца стабілізацыя яе якасці па арганалептычных і хімічных паказчыках. Вада адпавядае нормам бяспекі, таму можа быць выкарыстана ў пітных мэтах. Па гэтай прычыне аўтацыстэрны ўжо пакінулі раёны. На перыяд здарэння для забеспячэння сталічных жыхароў пітной вадой задзейнічалі больш за 20 адзінак дадзенага транспарту.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/vodosnabzhenie-v-zavodskom-leninskom-i-oktjabrskom-rajonah-minska-polnostjju-vosstanovleno-438605-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vada
[3] https://zviazda.by/be/tags/avaryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vadapravod
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-darahovich