Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка падчас прыёму грамадзян у райцэнтры разгледзеў пытанні пенсійнага, медыцынскага забеспячэння, добраўпарадкавання жылля і рамонту дарогі, паведаміла БелТА.
Заяўніца з Ушачаў узняла пытанне зняцця яе з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў. Па законе жанчына мае дастаткова квадратных метраў і прэтэндаваць на новае жыллё не можа. Яшчэ яна выказала меркаванне, што да правядзення раённых і мясцовых мерапрыемстваў — не толькі культурна-масавых, але і грамадзянска-патрыятычных — трэба больш актыўна прыцягваць моладзь. Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што апошнім часам маладое пакаленне актыўна далучаюць да грамадскага жыцця краіны, і калі на месцах школьнікі не наведваюць падобныя мерапрыемствы, то пытанне — да раённых уладаў. Прадстаўнікі райвыканкама пазней распавялі, што моладзь заўсёды ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне, і толькі падчас пандэміі дзяцей не прыцягвалі. Ушачанка папрасіла таксама садзейнічання ў медабслугоўванні: ёй патрэбна хірургічная аперацыя, і жанчына хацела б трапіць да добрага спецыяліста. Уладзімір Андрэйчанка даў даручэнне заняцца гэтым пытаннем і дапамагчы пенсіянерцы.
У жыхара Ушачаў праблема ў няспраўнасці печы ў доме, што знаходзіцца на балансе ЖКГ, куды ён усяліўся з родным братам. Мужчына сцвярджае, што печ была ў нездавальняючым стане першапачаткова. Старшыня Палаты прадстаўнікоў даў даручэнне ў месячны тэрмін работнікам ЖКГ адрамантаваць печ і параіў заяўніку будаваць жыллё за кошт ільготнага крэдыту, на які мужчына мае права.
Жыхар вёскі Лутава Сяльцо звярнуўся з пытаннем наконт пенсійнага забеспячэння. Пенсія яму магла быць прызначана датэрмінова, але дакументы, якія пацвярджаюць выкананне работ са шкоднымі ўмовамі працы, згарэлі на прадпрыемстве, дзе працаваў мужчына. І той арганізацыі ўжо таксама няма, яна ліквідаваная. У архіве звестак пра спецыфіку працы заяўніка няма: кіраўнік не адправіў іх туды. Уладзімір Андрэйчанка парэкамендаваў вырашыць пытанне ў судовым парадку.
Калектыўны зварот пенсіянераў з райцэнтра дытычыўся рамонту дарогі на адной з вуліц. Кіраўніцтва райвыканкама адзначыла, што ва Ушачах ёсць вуліцы больш праблемныя, рамонт якіх ужо ўнесены ў планы на гэты год. Вуліцу Маладзёжную, дзе, па словах тых, хто звярнуўся, неабходна замяніць дарожнае палатно, прагрэйдзіруюць і ўнясуць у планы на рэканструкцыю на наступны год.
Па выніках прыёму Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што такія сустрэчы з грамадзянамі дапамагаюць глыбей даведацца праблемы рэгіёнаў. «Прыёмы грамадзян часам становяцца «хатнім заданнем» для прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Многія пытанні мы ўлічваем у заканадаўчай практыцы», — падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka
[3] https://zviazda.by/be/tags/pryyom-gramadzyan
[4] https://zviazda.by/be/tags/ushachy