У Свята-Пакроўскім саборы Гродна з ранку ідзе святочная служба і асвячаюцца велікодныя вербы.
Сотні гродзенцаў з вербамі ў руках сустракаюць вялікае свята — Вербную нядзелю ці ўваход Гасподні ў Іерусалім. Хтосьці купляе ўпрыгожаныя вербы каля храма, нехта нясе свае. Кожная з іх непаўторная арыгінальная. Самымі прыгожымі лічацца так званыя «гродзенскія вербы», якія адрозніваюцца мноствам фарбаў і разнатраўем. Усё гэта гарманічна ўплятаецца на аснову — галінкі вярбы. Гродзенскія вербы — гэта і святочны атрыбут і абярэг, а яшчэ з’яўляецца сапраўдным творам народнага мастацтва. Яны нават уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Асвячэнне вербных букетаў ідзе з самага ранку. Гродзенцы прыходзяць у сабор цэлымі сем’ямі. Многія купляюць вербы ў валанцёраў, гэтыя сродкі пойдуць на ахвяраванні. Прыхаджане збіраюцца не толькі ў храме, але і вакол яго. Усе яны могуць пачуць словы пропаведзі святароў з дынамікаў, якія выведзены па-за межы храма. Галоўны пасыл зваротаў да прыхаджан у тым, каб яны не толькі аддавалі даніну традыцыі сваім прыходам у храм, але і бачылі ўнутраны сэнс свята і тых падзей, што звязаныя з ім. Галоўнае — гэта цуд вясновага аднаўлення, сімвал перамогі дабра над злом, святло ў душы чалавека.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
У Мінскім праваслаўным прыходзе Богаз’яўлення, які месціцца ў новым мікрараёне Лошыца, адбываецца асвячэнне галінак вярбы ў гонар Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім.
Асвячэнне вербачак правёў святар прыхода храма Бога з’яўлення Валерый Трухан.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/margaryta-ushkevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/yan-hvedchyn
[7] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk-3
[8] https://zviazda.by/be/tags/verbnaya-nyadzelya