У чарадзе працоўных паездак Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па краіне ёсць традыцыі. Некаторыя з візітаў святочныя (напрыклад, адкрыццё форумаў «Александрыя збірае сяброў», «Славянскі базар у Віцебску»), а іншыя — прымеркаваны да сумных дат. Такой з’яўляецца 26 красавіка. Гэта дата не так выбіваецца ў календары, як іншыя, верагодна, многія беларусы нават не ўспомняць, што адбылося ў гэты дзень. Але менавіта тады былі перавернуты лёсы многіх людзей і нават цэлых пакаленняў. Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе стала сапраўднай катастрофай для саюзнай дзяржавы, а некаторыя нават сцвярджаюць, што і адной з прадпасылак для развалу СССР. Сёлета Беларусь успамінае аварыю на ЧАЭС асабліва — прайшло ўжо 35 гадоў. Але што такое тры з паловай дзесяцігоддзі для радыеактыўных элементаў, якія былі выкінутыя на беларускую зямлю выбухам?! Распад некаторых з іх займае тысячы гадоў…
Цяперашняя камандзіроўка Прэзідэнта ў раёны, пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС, пачалася ў суботу ў Нараўлянскім раёне ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Там Аляксандр Лукашэнка наведаў былы населены пункт Цешкаў, дзе заснавана пчаліная пасека. Дзякуючы добрай арганізацыі працы пчаляры атрымліваюць чысты мёд нават ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання. Прэзідэнт таксама пагутарыў з майстрамі, якія займаюцца народнымі промысламі — лозапляценнем, саломапляценнем, разьбой па дрэве. У запаведніку ён наведаў конеферму — азнаёміўся з гадоўляй племянных коней.
Сёння візіт па пацярпелых рэгіёнах працягваецца ў Брагіне.
На цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлку адбыўся мітынг-рэквіем. Прэзідэнт выступіў перад мясцовымі жыхарамі з прамовай.
«Чарнобыльскую аварыю прызналі самай маштабнай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Яе наступствы закранулі больш за два дзясяткі краін, але асноўны ўдар прыйшоўся на Беларусь. І сёння, праз 35 гадоў з дня трагедыі, мы сабраліся тут, прыблізна ў 46 кіламетрах ад ачага выбуху, каб ушанаваць памяць герояў, якія выратавалі ад яшчэ большай катастрофы гэты еўрапейскі рэгіён. Іх прынята называць героямі-ліквідатарамі», — сказаў кіраўнік краіны.
Мітынг размясціўся на цэнтральнай плошчы пасёлку. Побач — архітэктурная кампазіцыя адселеным вёскам раёна і помнік ліквідатару, ураджэнцу Брагіншчыны Васілю Ігнаценку. Гераічнаму подзвігу старэйшага сяржанта Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў у выступленні асаблівую ўвагу.
Па яго словах, Васіль Ігнаценка ўвайшоў у гісторыю як камандзір, які паказаў асабісты прыклад мужнасці і адвагі пры выкананні складанай баявой задачы, як моцны духам чалавек, які, нягледзячы на атрыманыя апёкі, ратаваў сваіх таварышаў. Прэзідэнт адзначыў, што дзякуючы зладжаным дзеянням атрада пажар на даху 4-га энергаблока атамнай станцыі быў цалкам ліквідаваны. Нашаму земляку пасмяротна прысвоенае званне Героя Украіны.
«Успамінаючы Васіля Ігнаценку, мы аддаем даніну памяці подзвігу пажарных, ваенных, медыкаў, навуковых і тэхнічных супрацоўнікаў станцыі. Тых, хто цаной свайго жыцця змагаўся з агнём, аказваў першую дапамогу на месцы аварыі і ўзводзіў ахоўны саркафаг. Сярод ліквідатараў аварыі на ЧАЭС — 115 тысяч беларусаў. Не мы будавалі станцыю, не мы яе эксплуатавалі, не па нашай віне адбылася гэта катастрофа. Але на нас выпала значная колькасць радыяцыйных ападкаў. Фактычна мы сабой закрылі гэту страшэнную бяду», — акцэнтаваў Прэзідэнт.
Ён працягнуў: подзвіг герояў-чарнобыльцаў узрушыў свет, і справа нават не ў тым, што гэтыя людзі працавалі на мяжы сваіх магчымасцяў і зрабілі ўсё, каб мінімізаваць пагрозу, а ў тым, што яны свядома ахвяравалі сабой у імя жыцця іншых.
«Яны ведалі, што працаваць прыйдзецца ва ўмовах смяротнага ўздзеяння радыяцыі, што вялікая рызыка чарговага выбуху, і тым не менш ішлі на аб'ект і выконвалі свой абавязак. Без сумневаў і страху, у адзіным страі, падстаўляючы адзін аднаму плячо, так, як заўсёды гэта рабілі савецкія людзі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Калі б не мужнасць, адданасць абавязку і самаадданасць ліквідатараў чарнобыльскай аварыі, маштабы трагедыі былі б значна большыя. Подзвіг герояў, якія аддалі жыццё за бяспечную будучыню людзей Зямлі, мы не павінны забываць ніколі».
Ушанаваць іх памяць Прэзідэнт прапанаваў хвілінай маўчання.
Па словах кіраўніка краіны, Чарнобыльская аварыя змяніла лёсы мільёнаў, а для беларускага народа стала нацыянальным экалагічным, эканамічным і сацыяльным бедствам. Прычына таму, што больш за траціну ўсіх радыеактыўных ападкаў занялі амаль чацвёртую частку нашай тэрыторыі. Гэта каля чвэрці ляснога фонду, больш за сто радовішчаў сыравіны і мінералаў, 265 тысяч гектараў урадлівых зямель і 340 прамысловых прадпрыемстваў.
«Сумарны ўрон склаў амаль 33 бюджэты рэспублікі 1985 года. Маштаб наступстваў для здароўя людзей, як кажуць лекары, толькі трэба вызначыць. Многага мы яшчэ не ведаем. А тады ўвогуле нічога не ведалі. У наша жыццё прыйшло страшнае паняцце „зона адчужэння“. Мы раптоўна даведаліся, што на гэтай зямлі нельга было сеяць і збіраць ураджай, нельга было дары лясоў прыносіць дамоў, бо яны ўтойваюць небяспеку, у рэках нельга было купацца і лавіць рыбу, у вёсцы тады было небяспечна жыць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што ў мірны час мы даведаліся, што такое боль страты роднай зямлі — спынілася жыццё амаль у паўтысячы населеных пунктаў, больш за 300 тысяч чалавек страцілі свае дамы.
«Вы ведаеце, што з-за мяжы і нашы „дамарошчаныя“ (таты, маці і дзядулі тых, хто сёння хадзіў па вуліцах) нам раілі зачыніць гэтую частку краіны на замок. Вось увесь поўдзень да Прыпяці адрэзаць і закрыць! Але чарнобыльскі ўдар, наадварот, згуртаваў беларусаў у імкненні захаваць гэты край, зрабіў нас мацней. Мы ўспомнілі ўрок, які дадзены ў спадчыну нашымі бацькамі і дзядамі: ніколі не здавацца і не ўставаць на калені», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з брагінцамі, што кожную вясну ў гэтыя памятныя дні ён заўсёды тут, у пацярпелых рэгіёнах, бо чарнобыльская бяда прайшлася і па яго лёсе. Самая цяжкае для яго ў пачатку працы было прыняць рашэнне, гэтыя землі не пакінуць.
«Я рабіў усё, як чалавек і як Прэзідэнт, каб вас пераканаць: нельга нам аддаць гэты выдатны край. Я быў вымушаны пасяліцца тут, у 30 хвілінах падлёту да Брагіна і Нароўлі, і кожную вясну адзін-два тыдні пачынаў з вамі тут. А таксама летам, восенню, я не толькі назіраў за тым, што тут адбываецца, але і жыў. Гэта была частка майго рашэння, каб людзі не сказалі, што я седзячы ў Мінску агітую вас жыць тут», — нагадаў Прэзідэнт.
Ён з радасцю ўспамінае тыя гады, бо гэты час, па яго словах, паказаў: прынята вернае рашэнне не аддаць гэтыя землі. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся радасцю, што сёння сустракаецца з людзьмі, з якімі чвэрць стагоддзя таму сутыкнуўся на чарнобыльскай зямлі і прымаў рашэнне захаваць пацярпелыя рэгіёны.
«Тады гэта рашэнне было няпростым, але мне яго прыйшлося прыняць. Няшмат, шчыра кажучы, у маім жыцці было такіх радыкальных рашэнняў. Правільна ці не мы паступілі тады — вам судзіць. Мы будзем рабіць усё, каб населеныя пункты былі ў такім добрым стане. Вы малайцы, у 2018 годзе вы папрацавалі і прывялі ў парадак свой гарадок. Далей неабходна развівацца ад цэнтра. Аб гэтым мы толькі што гаварылі з кіраўніцтвам вобласці, вашага і суседніх раёнаў. Тут будуць жыць людзі і будуць жыць добра. І мы для гэтага зробім максімум», — паабяцаў Прэзідэнт.
Сёння ў адраджэнні пацярпелых рэгіёнаў — трэці этап, працягнуў кіраўнік краіны. За гэты час неабходна стварыць праграму, па якой землі атрымаюць сур’ёзнае развіццё, каб людзі разумелі: дзе і як яны будуць жыць, працаваць.
«Мы вызначыліся, што акрамя сельскай гаспадаркі, лесанарыхтоўкі і лесааднаўлення не толькі ў Брагіне і побач у зоне запаведніка, мы павінны здзейсніць такія работы, каб ад іх была карысць. А гэта, перад усім, лесанарыхтоўка і лесааднаўленне. Для гэтага неабходна пабудаваць прадпрыемствы, што будуць перапрацоўваць прадукцыю. Для сельскай гаспадаркі неабходна пабудаваць сучасныя комплексы з робатамі, бо людзей тут мала і неабходны комплекс, дзе робат будзе даіць карову. У нас такіх ужо амаль 100 у краіне. Я зраблю ўсё, калі вы вызначыцеся ў гэтых трох раёнах, каб аказаць вам падтрымку ў будаўніцтве», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён шчыра падзяліўся, што ў яго сэрцы, як і ў мясцовых жыхароў памяць пра Чарнобыль.
«Час выбраў нас, каб адрадзіць гэтыя землі. І вы ведаеце, што развіццё рэгіёну, стварэнне ўмоў для жыцця і працы людзей увесь гэты час — у мяне на кантролі. Нават у жабрацкія 90-я гады мы знаходзілі грошы на дапамогу пацярпелым людзям, на аздараўленне і будаўніцтва новых дамоў для адсялення, на навуковыя даследаванні і ўзвядзенне спецыялізаваных медыцынскіх цэнтраў, на аднаўленне забруджаных раёнаў», — дадаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, ужо выканалі пяць дзяржаўных чарнобыльскіх праграм, паляпшаючы лугавыя землі, прыводзячы ў парадак населеныя пункты, ствараючы сучасную інфраструктуру, вярталі да жыцця гектар за гектарам.
Прэзідэнт упэўнена адзначыў, што колькасць населеных пунктаў з перавышэннем дапушчальных узроўняў радыяцыйных пробаў зніжаецца. Але галоўнае — тут вырабляюць сельскагаспадарчую прадукцыю, якую могуць ужываць у харчаванне.
«Адраджаючы жамчужыну нашай Беларусі — Палессе, мой любімы край, мы з вамі дасягнулі вялікіх поспехаў. Але трэба будзе зрабіць яшчэ больш. Я цвёрда ведаю, што разам мы зможам гэтыя задачы вырашыць, мы зробім усё, каб у бліжэйшай будучыні след тэхнагеннай катастрофы застаўся толькі ў гістарычных хроніках і памяці аб героях-ліквідатарах», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.
Але галоўнае Прэзідэнт захацеў паўтарыць. Ён задаў пытанне: ці будуць дзеці нашых дзяцей так востра адчуваць гэтыя праблемы?
«Як паказалі падзеі канца мінулага года — не ўсе. Таму, калі мы не вырашым чарнобыльскую праблему на працягу пяці гадоў, не вызначымся, што будзем рабіць у будучым на гэтых землях, ніхто не вырашыць гэтую праблему. Боль пройдзе, з нашых лёсаў сыдзе Чарнобыль. Ці застанецца ў жыццях, сэрцах і лёсах нашых дзяцей і ўнукаў гэты боль, цяжка сказаць. Чаго б нам ні каштавала, мы павінны зрабіць усё, каб аднавіўшы гэтыя землі, удыхнуць у іх сапраўднае жыццё. Вось мэта майго прыезду ў гэтую вясну ў Чарнобыльскія рэгіёны», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што задача на пяцігодку — вытрымаць знешнія нападкі і аднавіць землі, дзе людзі рызыкнулі застацца жыць. Прэзідэнт падзякаваў мясцовым за іх мужнасць жыць на пацярпелых землях і паабяцаў зрабіць усё, каб іх аднавіць.
Пасля завяршэння прамовы Прэзідэнт падышоў да жыхароў. У размове з імі, ён адзначыў, што не трэба чакаць вяртання людзей у гэтыя рэгіёны, а разлічваць неабходна на тых, хто застаўся.
Звярнуўся ў гутарцы ён да некаторых надзённых праблем. Старшыні райвыканкама паставіў задачу прышчапіць усіх людзей ад 60 гадоў і тых, хто мае значныя праблемы са здароўем, ад каранавіруса.
«Вас я прашу гэта зрабіць, але сам я ў гэтым плане не прыклад. Я пакуль ад гэтага адмаўляюся. Але перахварэўшы гэтай хваробай, думаю, Гасподзь мяне другі раз не пакарае. Гэта прышчэпка не на ўсё жыццё, але да года вас захавае. За гэты час мы пралечым усіх людзей. І хвароба, як грып, будзе сезонна прыходзіць, але ад нас нікуды не дзенецца. Таму мы распрацоўваем сваю вакцыну. Мы яе атрымаем сёлета, а ў будучым годзе пачнём яе ствараць, прыстасаваўшы да таго штаму віруса, які будзе», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівая праблема Беларусі — недахоп маленькіх жыхароў. Па словах Прэзідэнта, краіна здольнае пракарміць 15–20 мільёнаў чалавек.
«Але маем сёння, што маем — да 10 мільёнаў не дацягваем. Але сацыяльны пакет для дзяцей, бацькоў, парадзіх такі, што ні ў адной краіне няма. На жаль, сярод пратэстуноў было нямала тых, хто ўчора нарадзіў», — закрануў тэму кіраўнік краіны.
Прэзідэнт адзначыў, што свае меркаванне неабходна выражаць, ніхто не мае права закрываць іншаму рот, але выказвацца неабходна цывілізавана, абмяркоўваць праблемы гуртам, дзе кожнага можна пачуць.
Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і пра сепаратысцкую ідэю стварэння на гэтых землях у 90-тыя гады Палескай рэспублікі, якая магла адлучыцца ад Беларусі.
«Я вось думаю, а як Чарнобыль? Якімі ж ідыётамі трэба быць, каб аддзяліцца. Што б тады было сёння з Палескай рэспублікай? Прыпяць не высахла б, рыба б там была. Багатыя прыязджалі б лавіць туды рыбу, а Палескай рэспублікі не было б. Нам удалося захаваць гэтыя землі толькі дзякуючы таму, што мы з усёй краіны збіралі грошы і накіроўвалі іх сюды», — мяркуе Прэзідэнт.
«Нельга кідаць гэтыя землі»
Прыбыўшы у Брагін, Прэзідэнт заявіў, што добраўпарадкаванне такіх пасёлкаў неабходна весці па прыкладзе аграгарадка Копысь. То бок правесці дарогу і вакол яе тэрыторыю разбіць на ўчасткі, дзе людзі могуць пабудаваць сядзібу, а некаторыя пляцоўкі адвесці пад шматкватэрныя дамы і іншыя аб’екты.
«Вось гэта такі добры вопыт прывядзення ў парадак не толькі пасёлкаў, але і раённых цэнтраў. Такім чынам можна і ў аграгарадках, і ў буйных гарадах весці забудову», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён упэўнены, што калі грунтоўна падысці да гэтага пытання — стварыць пад'язныя шляхі, інфраструктуру, — то падобныя ўчасткі будуць запатрабаваныя.
«У Брагіне гэта адназначна трэба рабіць. Для такога пасёлка, як Брагін, ідэальна: цэнтр ёсць, куды людзі могуць прыйсці, заняцца спортам. Хаткі акуратныя, прыведзены ў парадак. Трэба падтрымаць вось гэтыя нашы 5–6 паўднёвых раёнаў — нельга кідаць гэтыя землі. Як гэтыя землі абараняць, калі тут людзей не будзе. Трэба добраўпарадкоўваць такія пасёлкі, раённыя цэнтры і аграгарадкі», — падкрэсліў кіраўнік краіны.
Прэзідэнт заявіў, што побач з Брагіным мяркуюць пабудаваць электрастанцыю на сонечных батарэях. «Газ, нафта — гэта не таннае задавальненне, і чужое, а мясцовых відаў паліва дастаткова. Плюс электрычнасць неабходна падводзіць», — канстатаваў кіраўнік краіны. Ён адзначыў, што псіхалогію адносін да вёсак неабходна змяняць — людзі будуць імкнуцца жыць у аграгарадках і раённых цэнтрах.
Высаджваючы алею Прэзідэнт пагутарыў з мясцовай моладдзю. Была паднятая тэма развіцця і падтрымкі аматарскага спорту ў невялікіх гарадах і населеных пунктах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць гэтага кірунку, назваўшы адной з асноў ідэалагічнай работы.
Адраджэнне — задача на сёння
Пасля мітынгу Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў райвыканкам. Там правялі невялікую нараду, якую спачатку не заяўлялі ў парадак дня. На яе запрасілі ўсіх старшыняў райвыканкамаў «чарнобыльскіх» раёнаў, каб абмеркаваць завяршальную праграму адраджэння зямель. Прэзідэнт растлумачыў, чаму менавіта цяпер наспела такая магчымасць.
«Мы пражылі 35 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы і на практыцы зразумелі, якім шляхам нам неабходна аднаўляць жыццё», — сказаў кіраўнік краіны.
Па яго словах, у першыя гады пасля аварыі на трагедыі рабілі палітыку, і нейкія ліквідацыйныя дзеянні з-за адсутнасці вопыту рабілі «на авось».
«Я памятаю, як мы ў Вярхоўным савеце прымалі рашэнні: а на ўсялякі выпадак давайце выселім, на ўсялякі выпадак давайце вывезем, на ўсялякі выпадак давайце туды хадзіць не будзем. Рабілі на авось. Я гэта добра памятаю», — расказаў Прэзідэнт.
Як нагадаў Аляксандр Лукашэнка, у пацярпелых рэгіёнах з часам патроху пачалі рабіць ўсё, каб выратаваць і землі, і людзей. Задача на сёння — амаль цалкам аднавіць гэтыя землі.
«Землі гэтыя трэба аднавіць. І павінна быць праграма адраджэння земляў, мэтай якой павінна быць аднаўленне да таго ўзроўню, як было да Чарнобыля з некаторымі асаблівасцямі. Яны ў тым, што на землях Прыпяцкага радыяцыйнага запаведніка і на землях Гомельскай вобласці маленькія вёсачкі мы не адновім. Іх і не трэба аднаўляць. Але калі хтосьці захоча на землях, дзе была вёска, прыйсці і пабудаваць сядзібу, мы гэтаму перашкаджаць не будзем. Нам не да гэтага. Нам трэба вызначыцца, дзе будуць жыць людзі — а гэта раённыя цэнтры і аграгарадкі», — дадаў Прэзідэнт.
У такіх населеных пунктах, на яго думку, будзе заснавана сельскагаспадарчая вытворчасць, лесапераапрацоўчыя прадпрыемствы для першаснай працы з драўнінай.
«У першую чаргу нам неабходна пасадзіць лес на свабодных плошчах. А іх нямала. Асабліва ў зоне адсялення. Мы павінны вызначыцца. Вось тэрыторыя нашага запаведніка. І мы павінны дакладна разумець, што на кожным кавалку гэтай зямлі мы будзем рабіць. Я меў на ўвазе гэты запаведнік. Там сёння трэба разварочвацца», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў, што варта вярнуцца да планаў з Жыткавічаў пракласці да Ельска чыгунку, закальцаваць.
«Цяпер палічым, калі яна за 10–12 гадоў акупіцца, гэта трэба рабіць, каб уцягнуць гэты рэгіён. Ну і іншыя дарогі трэба падцягваць. Словам, трэба аднаўляць раён, вызначыцца, дзе будуць жыць людзі. Мы павінны разумець, якія прадпрыемствы там пабудаваць, якія будуць працоўныя месцы», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.
Адпаведную праграму пастаўлена задача выпрацаваць да верасня.
Марыя ДАДАЛКА
г.п. Брагін
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/bragin
[5] https://zviazda.by/be/tags/avaryya-na-chaes
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka