У Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя альбома, які прадстаўляе чалавека з надзвычай цікавым жыццёвым лёсам і багатай творчай спадчынай. Кампазітара, мастака, педагога, грамадскага дзеяча, дзякуючы якому мы ведаем, як выглядала Беларусь XІX стагоддзя. У выданні змешчаны поўны збор літаграфій Напалеона Орды з фонду галоўнай кніжнай скарбніцы. А ў бібліятэцы захоўваецца ажно 190 такіх адзінак (189 відавых і адзін партрэт мастака)! Гэта амаль усе работы Орды, на якіх былі адлюстраваныя беларускія мясціны.
І хобі, і бізнес
Падчас сваіх бясконцых падарожжаў Напалеон Орда абышоў сотні гарадоў і мястэчак, сядзіб і вёсак Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай губерняў і замалёўваў спадчыну, якая знікае. Яму тады было ўжо больш за 60 гадоў. Ён не меў прафесійнай мастацкай адукацыі. І тым не менш яго авантурны праект (справа ў тым, што ўсе папярэднія спробы іншых мастакоў з выданнем краявідаў былі фінансава правальныя) аказаўся надзвычай запатрабаваны.
З кніжнага збору Напалеона Орды ў Пінску яго работы па падпісцы ці індывідуальна выкупляліся жыхарамі з усёй Расійскай імперыі, Аўстра-Венгрыі, Прусіі і іншых краін. Малюнкі часта выкарыстоўваліся для ілюстрацый гістарычных прац. Праўда, мастак-аматар не забываўся на «маркетынг»: даваў рэкламу ў розных перыядычных выданнях, культурныя і грамадскія дзеячы пісалі для яго рэкамендацыі.
Дарэчы, не зусім карэктна казаць «гравюры Напалеона Орды». Сам мастак у падарожжах рабіў малюнкі алоўкам, часам расфарбоўваў іх акварэллю. А каб запусціць свае набыткі ў тыраж, звярнуўся па дапамогу да варшаўскага друкара Максіміліяна Фаянса. Літаграфіі ствараліся дзякуючы майстру Алаізію Місяровічу ў даволі складанай тэхніцы — гравюра на камені. Работы аб'ядноўваліся ў альбомы...
Напалеон Орда сам кантраляваў працэс ператварэння малюнкаў у гравюры, пастаянна наведваўся ў Варшаву, пры гэтым не пераставаў ствараць і новыя замалёўкі. Уласна кажучы, і памёр ён, працуючы над апошняй, восьмай, серыяй (усяго выйшла 260 гравюр). Яму тады ішоў восьмы дзясятак.
Увогуле майстрам было створана каля 1000 малюнкаў. У асноўным арыгіналы захоўваюцца ў польскіх музеях, адзінкавыя ёсць і ў Вільні. У Беларусі малюнкаў Орды, зробленых з натуры, на жаль, няма. Затое захавалася вялікая колькасць літаграфій, ёсць кнігі з аўтографамі мастака. Створаная ім граматыка музыкі ў свой час лічылася адным з найлепшых падручнікаў. Амаль сто гадоў таму, калі ўтваралася галоўная беларуская кніжная скарбніца, у яе былі перададзены і кнігі з бібліятэкі Напалеона Орды.
Намаляваная гісторыя
Як заўважыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, Напалеон Орда аказаўся тым чалавекам, які з дафатаграфічнай эпохі фактычна данёс фатаграфію тых часоў. З дакументальнай дакладнасцю ён перадаваў выявы замкаў, палацаў, сядзіб, храмаў, краявідаў. Сёння яго спадчына — цікавая і каштоўная крыніца для рэстаўратараў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, краязнаўцаў, іншых даследчыкаў з Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны — краін-уладальніц усіх тых тэрыторый, выявы якіх паспеў пакінуць нястомны вандроўнік.
Дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын вельмі ўсцешаны, што кніга выйшла ў Год народнага адзінства: «Сёння мы шукаем пэўныя сімвалы, якія маглі б ілюстраваць гэты год. І, бясспрэчна, творчасць Напалеона Орды — якраз адзін з такіх сімвалаў. Геаграфічны ахоп тых мясцін, якія паказваў Напалеон Орда, датычыцца і сучасных тэрыторый суседніх краін, што сведчыць пра нашы культурныя і гістарычныя традыцыі, гэта немагчыма падзяліць, расцягнуць па кавалках, і гэта нас аб'ядноўвае».
Адной з прычын поспеху выдавецкага праекта Напалеона Орды, відаць, было тое, што сучаснікі адчулі, за якую гістарычна важную справу ўзяўся мастак. Так, яго праца была вельмі патрыятычная. У лісце да Ігната Дамейкі Орда напіша, што вырашыў маляваць рэшткі «нашай мінуўшчыны і цывілізацыі». Ён спяшаецца захаваць у малюнках усё тое, што знікае. Пасля задушэння паўстання 1863 года царскія ўлады актыўна «зачышчаюць» тэрыторыю і стараюцца сцерці ўсё тое, што нагадвае пра адметнасць і былы росквіт земляў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Канфіскаваныя сядзібы і палацы перадаюцца імперскім чыноўнікам, перарабляюцца храмы.
Аб'екты, што адлюстроўваў Напалеон Орда, асабліва пераведзеныя на гравюры, былі адмыслова выбраныя — яны былі знакавыя для мінуўшчыны. Малюнкі мастак суправаджае каментарыямі, дзе распавядае, якія асобы ці гістарычныя падзеі звязаныя з тымі ці іншымі мясцінамі, помнікамі. Фактычна ён малюе гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. І гэта ў той час, калі прама нельга было заявіць ні пра знішчэнне спадчыны, ні пра багатую культуру рэгіёна. У поле зроку мастака трапляюць у тым ліку і аб'екты, якія на той час не мелі мастацкай вартасці, але за імі прыхавана культурніцкая інфармацыя, напрыклад сядзібы, дзе нарадзіліся Касцюшка і Міцкевіч.
Знаходка для драматургаў
Сёння імя Напалеона Орды ўжо стала брэндам. Яго малюнкі вісяць у кавярнях і крамах, адноўлена сядзіба мастака, пра яго расказваюць у музеях і на экскурсіях. Але яшчэ гадоў дваццаць таму гэтага мастака ў Беларусі мала хто ведаў. Вяртанне імя пачалося са святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Напалеона Орды, якое адзначалася ў 2007-м.
Укладальнік альбома «Напалеон Орда» намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша заўважыў, што культурная спадчына — гэта не проста выказаная творцам думка ці ідэя, важна, як яе ацэньваюць і праз стагоддзі. Пакрысе мы вяртаем надзвычай багатую спадчыну Напалеона Орды, прычым не толькі фізічна. Мы вяртаем яе ў грамадскую памяць, у свядомасць беларусаў.
Але сёння важна адкрываць не толькі матэрыяльныя здабыткі, але і асоб, на лёсах якіх можна выхоўваць наступныя пакаленні. Жыццё Напалеона Орды будзе цікавае любому драматургу: паўстанні, турмы, эміграцыя, мастацтва, музыка, жывапіс, дзіўныя бізнес-ініцыятывы. Ён шукаў сябе ў розных сферах. І не апускаў рукі ў самых складаных сітуацых, нават калі страчваў усё. Напрыклад, пасля паўстання ён не мог атрымаць у спадчыну родавыя землі і маёнтак, а пазней нават пазбавіўся магчымасці арандаваць уласнасць. Але і ў паважаным узросце гэты чалавек працягваў генерыраваць ідэі і рэалізоўваць іх.
Новы альбом, прысвечаны Напалеону Орду, — яшчэ адзін крок да вяртання і асэнсавання яго спадчыны, заклік не толькі да навукоўцаў, але і да шырокай грамадскасці прычыніцца да такой важнай справы.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/napaleon-orda
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka
[5] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[6] https://zviazda.by/be/tags/kultura