Дзякуючы рэгіянальнаму праекту «З рога ўсяго многа» па матывах беларускіх казак іх вобразы ўвайшлі ў жыццё дзяцей, якія жывуць у Іарданіі, Сірыі ды Ліване.
Беларускія казкі — гэта цэлы дзівосны свет. І дзякуючы праекту «З рога ўсяго многа», які праводзіўся па іх матывах, у жыццё дзяцей, якія жывуць у Іарданіі, Сірыі ды Ліване, увайшлі нашы казкі. Разам з мамамі, выкладчыкамі дзеці паглыбляліся ў казачны свет, выбіралі персанажаў для малюнкаў. Яны ж, дасланыя на конкурс, здзіўляюць маляўнічасцю, эмоцыямі, зараджаюць гледачоў станоўчай энергіяй. За кожным малюнкам — і свет юнага творцы, і крышку адметнай беларускай культуры.
Конкурс «З рога ўсяго многа» ладзілі Культурна-асветніцкае аб’яднанне беларусаў у Іарданіі, Культурнае аб’яднанне беларусаў у Ліване, дыяспара беларусаў у Сірыі — пры падтрымцы й на прызы Амбасады Беларусі ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы (Ліванскай Рэспубліцы і Хашэміцкім Каралеўстве Іарданія — па сумяшчальніцтве). Спрацавалі супольна беларускія дыяспары Блізкага Усходу. Натхняльнікі, куратары конкурсу — Аксана Чамеза і Надзея Аль-Алімат (Іарданія), Ірына Вярбіцкая і Юлія Халлак (Ліван), Любоў Аль-Дагістані (Сірыя). Амбасадар Беларусі ў Сірыі Юры Слука, Другі сакратар Пасольства Уладзіслаў Сапронаў аказалі вялікую падтрымку конкурсу: выступілі перш за ўсё як старшыня і член журы. Мастачка Ганна Сілівончык дазволіла выкарыстаць свае працы для афармлення постэраў і дыпломаў конкурсу. 55 работ ад юных мастакоў з трох краін былі прадстаўлены на суд журы.
Пераможцамі конкурсу ў большасці сваёй сталі беларускія дзеткі: Асіль Аль-Кхарабшэх (Іарданія), Даніэль Ітан (Ліван), Радван Тайфур (Іарданія), Дані Абу Гвеля (Іарданія), Марыя Сархан (Сірыя) і Мія Фахед (Ліван).
Дзякуем усім, хто падключыўся да праекта! Спадзяемся, конкурс яшчэ прадоўжыцца — з удзелам моладзі і дарослых мастакоў.
Таццяна МІШЧАНКА, Іарданія, Аман
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-04-2021_small_1.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy
[3] https://zviazda.by/be/tags/kazki
[4] https://zviazda.by/be/tags/iardaniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/siryya
[6] https://zviazda.by/be/tags/livan
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzeci