Вітамін D у нашым арганізме не толькі рэгулюе фосфарна-кальцыевы абмен, а значыць, умацоўвае касцявую тканку, але і незаменны для імуннай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай, дыхальнай і многіх іншых сістэм. Добра вядома, што дэфіцыт вітаміну D прыводзіць да развіцця рахіту ў дзяцей і астэапарозу ў дарослых. Нягледзячы на гэтае веданне, праблема дэфіцыту вітаміну D дагэтуль застаецца актуальнай. Пра яе расказала ўрач-педыятр, загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й Гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Людміла Кіпцэвіч.
— Каля 30 % дзяцей ва ўсім свеце мае недастатковы ўзровень вітаміну D. У Мінску і Мінскай вобласці каля 88 % дзяцей першых двух гадоў жыцця маюць дастатковы ўзровень вітаміну D. А вось у старэйшых дзяцей недастатковая забяспечанасць вітамінам D адзначаецца ў 72 %, яго дэфіцыт — у 41,3 %. Гэта сведчыць пра неабходнасць прафілактычнага прызначэння вітаміну D сярод усіх груп дзіцячага насельніцтва, — кажа Людміла Іванаўна.
Тое, што вітамін D удзельнічае ў дзейнасці розных сістэм арганізма, прадэманстраваў цэлы шэраг работ, якія паказваюць яго станоўчы эфект пры розных паталогіях. Паводле інфармацыі педыятра, прыём вітаміну D быў асацыяваны з меншай частатой інфекцый дыхальных шляхоў (вострых рэспіраторных захворванняў, пнеўманій, грыпу), зніжэннем рызыкі алергічных захворванняў або іх абвастрэнняў, у тым ліку бранхіяльнай астмы, прыгнятаннем актыўнасці запаленчага працэсу пры захворваннях кішэчніка. У дзяцей, якія атрымлівалі дадатковы вітамін D, зніжаецца захваральнасць на цукровы дыябет 2-га тыпу, а таксама зніжаецца рызыка развіцця захворванняў (або прагрэсіраванне цяжкіх формаў) скуры, валасоў (атапічны дэрматыт, алапецыя, вітыліга, акнэ, псарыяз).
Такім чынам, забяспечанасць вітамінам D дзяцей і падлеткаў — гэта прафілактыка не толькі рахіту і парушэнняў кальцый-фосфарнага і касцявога абмену, але і ранняга развіцця і цяжкага цячэння сардэчна-сасудзістых, аўтаімунных, рэспіраторных захворванняў, злаякасных новаўтварэнняў, інфекцый.
Больш за ўсё вітаміну D змяшчаецца ў рыбіным тлушчы (10000МА), у печані траскі (4000МА), тлустым атлантычным селядцы (1200МА), свежым дзікім ласосі (600—1000МА), у меншай колькасці ў аквакультуры ласося, сардзінах, тунцы, курыных яйках, казіным, каровіным малацэ.
— Шырокае прызначэнне прэпаратаў вітаміну D практыкуецца ў асноўным у дзяцей ранняга ўзросту з мэтай прафілактыкі рахіту, а выяўленне фактараў рызыкі дэфіцыту вітаміну D і яго карэкцыя ў дзяцей старэйшага ўзросту і падлеткаў часткова ігнаруецца, — звяртае ўвагу ўрач.
Таму прэпарат вітаміну D рэкамендаваны ў прафілактычных дозах дзецям ад 1 да 6 месяцаў незалежна ад віду кармлення і сезона года (1000МА у суткі); дзецям ад 6-і месяцаў да 12 месяцаў (1000МА); дзецям ад аднаго года да трох гадоў (1500МА ў суткі); дзецям ва ўзросце ад трох да 18 гадоў (1000МА ў суткі); дзецям 11—18 гадоў пры некаторых умовах (скачок росту — палавое выспяванне) (1000—2000МА у суткі ў залежнасці ад масы цела).
Прыём прафілактычных доз вітаміну D бяспечны.
Экспрэс-тэст на дэфіцыт вітаміну D
Недахоп «сонечнага» вітаміну характарызуецца падаўленым настроем кожны дзень, пагаршэннем апетыту, частымі прастудамі, адчуваннем слабасці ў целе, кроватачывасцю дзясен і частым карыесам. Калі вам падыходзяць хоць бы два з пералічаных пунктаў, варта тэрмінова арганізаваць прыём вітаміну D.
Але ўсё ж трэба памятаць, што перад тым, як даць дзіцяці той ці іншы прэпарат, неабходна параіцца з урачом, вызначыцца з дозай і працягласцю прыёму.
Вядучая рубрыкі Алена КРАВЕЦ
Тэл. (017) 311-17-36
Прэв'ю pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/deficyt-vitamina-d
[5] https://zviazda.by/be/tags/vitaminy
[6] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya