У Палаце прадстаўнікоў з дапамогай дыстанцыйнай сувязі адбылася сустрэча беларускіх і латвійскіх парламентарыяў. Ініцыятарам размовы, якую адразу абазначылі як адкрытую і як спробу аднаўлення міжпарламенцкага дыялогу, выступіў беларускі бок.
Яшчэ ў лістападзе кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацоўніцтве з парламентам Латвійскай Рэспублікі, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Ганна Старавойтава накіравала лідару адпаведнай парламенцкай групы ў Сейме Латвіі ліст, у якім выказала жаданне аднавіць двухбаковыя стасункі на ўзроўні парламентаў.
«Мы лічым, гэта той рэсурс, які дазволіць выбудаваць палітычныя сувязі паміж краінамі, якія перарваліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне, — расказала яна журналістам перад анлайн-сустрэчай. — Мы заверылі ў тым, што Беларусь гатовая адкрыта ўзаемадзейнічаць з Латвіяй, аднаўляць кантакты, якія ў нас былі дастаткова цесныя да 2020 года: рыхтаваўся візіт кіраўніка нашай дзяржавы, быў падпісаны шэраг міжурадавых дагавораў па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, сацыяльна-тэхнічным развіцці. На сёння гэтыя кантакты перарваліся, і гэта нас, парламентарыяў, турбуе, бо за гэтымі дагаворамі, кантактамі стаяць нашы людзі: народы Латвіі і Беларусі».
У красавіку беларускія парламентарыі таксама ў рэжыме відэаканферэнцыі сустракаліся з паслом Латвіі Эйнарсам Семанісам.
«З усіх прыбалтыйскіх краін з Латвіяй у нас былі самыя цесныя адносіны на ўсіх узроўнях: культурным, эканамічным...» — сказала Ганна Старавойтава.
Яна дадала, што, «нягледзячы на напружанасць у палітычнай плоскасці, краіны працягнулі актыўна ўзаемадзейнічаць у эканамічнай сферы: у 2020 годзе двухбаковы тавараабарот знізіўся не нашмат і склаў амаль 400 мільёнаў долараў».
«Нашы сустрэчы будуць станоўча ўплываць на развіццё, — падтрымаў беларускага калегу лідар парламенцкай групы супрацоўніцтва Сейма Латвіі з парламентам Беларусі Артур Рубікс. — Мы заўсёды былі сябрамі, у нас заўсёды былі добрасуседскія адносіны, прыхільнікам якіх я з'яўляюся. Спадзяюся, адносіны працягнуцца надалей, буду прыкладаць для гэтага намаганні».
Ён паўтарыў тэзіс, які абазначаў у адказе на ліст беларускіх парламентарыяў: народ Беларусі ў праве выбіраць свой шлях і вырашаць свае праблемы самастойна. «Я, як грамадзянін Латвійскай Рэспублікі, не маю права ўмешвацца і навязваць сваё меркаванне беларускаму народу і выказваць нейкія свае рэкамендацыі», — дадаў ён.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/artur-rubiks
[5] https://zviazda.by/be/tags/ganna-staravoytava
[6] https://zviazda.by/be/tags/latviya