У конкурсе бралі ўдзел установы адукацыі з усёй Беларусі, якія працуюць па праграме «Зялёных школ». Журы атрымала больш за 1000 малюнкаў і больш за 200 відэаролікаў. Выбраць з мноства таленавітых работ найлепшыя было няпроста!
Конкурс праводзіўся ў рамках праекта «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды. Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў было прымеркавана да Сусветнага дня Зямлі.
Удзельнікаў урачыстасці вітала пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь Аляксандра САЛАЎЁВА:
— Мы працягваем змагацца з пандэміяй і адчуваем адказнасць за нашы дзеянні ва ўсё больш узаемазвязаным свеце. Крызіс нясе ў сабе і магчымасці развіваць зялёную эканоміку, пашыраць экалагічную адукацыю, выкарыстоўваць новыя веды, практыкі і тэхналогіі для выратавання планеты. З задавальненнем адзначаю, што гэтыя веды знайшлі адлюстраванне ў малюнках і відэароліках, дасланых на конкурс.
Да юных мастакоў звярнуўся першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслаў ПІРШТУК:
— Вашымі вачыма мы ўбачылі, якія надзённыя праблемы хвалююць маладое пакаленне. У многіх работах паказаны таксама шляхі іх вырашэння. Радуе, што сучасная моладзь клапоціцца пра будучыню не менш за эколагаў, што вы далучаеце да прыняцця экалагічна правільных рашэнняў сваіх бацькоў і сяброў.
Мінпрыроды падрыхтавала спецыяльныя прызы — тэрмакубкі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія бралі ўдзел у конкурсе.
Выхаванцы «зялёных школ» закранулі ў сваёй творчасці шмат актуальных тэм: зберажэнне прыродных рэсурсаў, абыходжанне з адходамі, ахову жывёл і раслін, аднаўленне балот і лясоў, валанцёрскую дзейнасць. Дзеці хочуць дыхаць свежым паветрам, піць чыстую ваду, чуць спевы птушак, бачыць вольнымі і шчаслівымі лясных і водных жыхароў.
Аб'яўляем пераможцаў!
Конкурс малюнкаў
Ілья Матылевіч, 6 гадоў, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 г. Ліды.
Максім Жураўка, 10 гадоў, сярэдняя школа № 2 г. Новалукомля.
Анастасія Аляхновіч, 12 гадоў, Германавіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.
Юлія Марозава, 17 гадоў, сярэдняя школа № 1 г. Пінска.
Конкурс відэаролікаў
Софія Маталянец, 12 гадоў, Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
Дзяніс Васеха, 15 гадоў, гімназія № 7 г. Віцебска.
Пераможцы і прызёры атрымалі падарункі ад арганізатараў конкурсу.
Святлана ІШЧАНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/svyatlana-ishchanka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-ishchanka
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[6] https://zviazda.by/be/tags/balyaslau-pirshtuk
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-salauyova