Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка з рабочым візітам наведвае сталіцу Татарстана Казань, дзе 29—30 красавіка ў вочным фармаце праходзіць Еўразійскі міжурадавы савет.
Учора Раман Галоўчанка і Прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў наведалі асаблівую эканамічную зону «Алабуга», паведамляе прэс-служба беларускага ўрада. Раман Галоўчанка азнаёміўся з дзейнасцю ТАА «Гандлёва-вытворчая кампанія МТЗ-Татарстан». Асноўны від дзейнасці кампаніі — аптовы гандаль сельскагаспадарчымі і лесагаспадарчымі машынамі, абсталяваннем і інструментамі. Акрамя таго, «МТЗ-Татарстан» вырабляе і рэалізоўвае сельгастэхніку на базе трактароў маркі «Беларус». У цяперашні час гэта адзіны аператар пастаўкі тэхнікі маркі «Беларус» у АТ «Расагралізінг».
Раман Галоўчанка і Рустам Мініханаў таксама агледзелі вытворчасці кампаніі «Август-Алабуга», якая вырабляе вадкія пестыцыды.
Пасля наведвання адбылася нарада ў пашыраным фармаце, па выніках быў падпісаны пратакол дамоўленасцяў. Дакумент прадугледжвае далейшую узаемную зацікаўленасць у развіцці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Татарстан.
Учора ўвечары таксама адбыліся працоўная сустрэча кіраўніка беларускага ўрада з яго расійскім калегам Міхаілам Мішусціным у фармаце адзін на адзін і перагаворы прэм'ераў Расіі і Беларусі ў пашыраным фармаце.
Сёння, 29 красавіка, адбудзецца пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета ў вузкім фармаце — з удзелам кіраўнікоў урадаў краін Еўразійскага эканамічнага саюза, 30 красавіка далучацца дзяржавы — назіральнікі пры ЕАЭС: Малдова, Куба і Узбекістан, а таксама Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Кіраўнікі ўрадаў дзяржаў ЕАЭС абмяркуюць супрацоўніцтва ў сферы касмічных паслуг. Плануецца зацвердзіць Асноўныя кірункі прамысловага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года.
30 красавіка адбудзецца цырымонія падпісання Мемарандума аб узаемадзеянні паміж ЕЭК і ўрадам Рэспублікі Узбекістан.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/urad
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[5] https://zviazda.by/be/tags/respublika-tatarstan
[6] https://zviazda.by/be/tags/tatarstan