З прыходам вясны ў дачнікаў пачынаецца новы сезон, а значыць, па традыцыі і праект «Тэлебарометр», што выходзіць на «Беларусь 2», працягвае знаёміць тэлегледачоў з карыснымі дачнымі лайфхакамі, цікавымі гасцямі і актуальнымі метэапрагнозамі.
Атмасфера Цэнтральнага батанічнага саду сталіцы — самае спрыяльнае месца для сустрэч і размоў пра надвор'е. Менавіта тут вядучы праграмы сустракаецца з гасцямі, для якіх кліматычныя змены і праблемы навакольнага асяроддзя з'яўляюцца важнымі тэмамі. У найбліжэйшых выпусках гасцямі «Тэлебарометра» стануць дачнікі-энтузіясты і садаводы-аматары, якім ёсць чым падзяліцца.
Ні для кога ўжо не сакрэт, што для людзей самых розных прафесій лецішча стала сапраўдным «месцам сілы». І зусім хутка запрошаныя госці праекта раскажуць пра «міфалагічныя» сарты вінаграду «Юпітэр» і «Афрадыта», а таксама падзеляцца ведамі адносна таго, з якога боку ўчастка лепш прыжываюцца грэцкі арэх, цюльпан ці персікавае дрэва. А яшчэ, напрыклад, як уласнымі рукамі зрабіць арыгінальную альпійскую горку. Па-ранейшаму не абмінуць увагай у праграме і пытанні мікраклімату, бо, як вядома, нават блізкі вадаём можа паўплываць на ўраджайнасць вашых сотак. Так, адным з гасцей праграмы 2 мая стане даследчык гідрасферы і раскажа гісторыю будаўніцтва Вілейскага вадасховішча, дзе пры першым запаўненні можна было злавіць 40 шчупакоў за адну рыбалку. Даведаемся і пра з'яўленне Камсамольскага возера ў Мінску, што адбылося якраз з-за ўплыву надвор'я і як возера папярэджвае паводку Свіслачы.
Стваральнікі «Тэлебарометра» імкнуцца падтрымліваць зваротную сувязь з аўдыторыяй у сацыяльных сетках. Калі ёсць жаданне абмеркаваць дачныя пытанні з вядучым праекта Дзмітрыем Карасём, можна запісаць відэазварот ці падзяліцца ўласнымі дасягненнямі, сакрэтамі па высаджванні расады, абрэзцы дрэў і г. д. Рэдактары праграмы заўважаюць, што гэтая інтэрактыўная рубрыка становіцца папулярнай не толькі сярод дачнікаў, але і студэнтаў, школьнікаў па ўсёй краіне, бо маладыя людзі таксама занепакоены праблемамі навакольнага асяроддзя, іх цікавяць анамаліі надвор'я, тэмы, звязаныя з псіхасаматыкай, астраноміяй і іншымі з'явамі ў прыродзе. Нагадаем, што «Тэлебарометр» выходзіць на сустрэчу з гледачамі па нядзелях у вячэрнім эфіры на «Беларусь 2».
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/telebarometr
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2