«Надышла неабходнасць у фарміраванні аб'ектыўнай нацыянальнай гістарычнай палітыкі». Гэтыя словы старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі сталі лейтматывам на парламенцкіх слуханнях «Тэрытарыяльная цэласнасць і народнае адзінства Беларусі. Гісторыка-прававыя аспекты аднаўлення заходнебеларускіх земляў у складзе БССР». Ініцыятарам дыскусіі выступіла Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы.
«Існуюць межы, перасякаць якія не дазволена нікому»
«Цяперашнія парламенцкія слуханні з'яўляюцца працягам той велізарнай сістэмнай работы, якую мы вядзём у рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ, СНД па абароне гістарычнай праўды і захаванні гістарычнай памяці, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка ў сваім выступленні. — На жаль, светапогляднае супрацьстаянне, у аснове якога — спробы рэвізіі вынікаў Другой сусветнай вайны, набывае сапраўды планетарныя маштабы. І Беларусь, якая знаходзіцца на геапалітычным разломе Усходу і Захаду, зноў апынулася ў эпіцэнтры гэтага канфлікту».
У такой сітуацыі дыскусіі, здавалася б, чыста акадэмічнага характару, нясуць цалкам рэальную пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы, лічыць кіраўнік парламента. «Бо ад таго, як грамадства ставіцца да свайго мінулага, наўпрост залежыць захаванне народнага адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.
Асаблівую значнасць тут набываюць ключавыя моманты гісторыі. Для Беларусі і беларусаў адной з такіх падзей, безумоўна, з'яўляецца ўз'яднанне заходнебеларускіх зямель у складзе БССР», — сказаў ён.
Мэта парламенцкіх слуханняў — паглядзець на гэтую падзею вачыма беларусаў, расставіць палітычныя акцэнты зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
«Грамадзяне павінны разумець, што адбываецца вакол Беларусі і для чаго гэта робіцца. Мы ніколі раней не выносілі падобныя пытанні на такі ўзровень, каб не закранаць нацыянальныя пачуцці нашых суседзяў. Але, на жаль, гэта ўспрымаецца як слабасць, няздольнасць адстаяць свае інтарэсы і толькі падганяе пэўныя сілы, якія імкнуцца раскалоць беларускае грамадства», — дадаў ён.
Па словах Уладзіміра Андрэйчанкі, некаторыя замежныя палітычныя сілы разглядаюць Беларусь як перашкоду ў рэалізацыі сваіх геапалітычных планаў, таму спрабуюць перафармаціраваць гістарычную памяць беларусаў і ўнушыць ім комплекс нацыянальнай непаўнавартасці.
«Разлік просты: народ, у якога не сфарміравана калектыўная памяць, асуджаны на страту ідэнтычнасці, а значыць, і права самастойна вызначаць свой лёс, — пракаментаваў парламентарый. — Ім хочацца, каб мы забыліся на трагедыю Рыжскага дагавора, што разрывала Беларусь па-жывому, палітыку паланізацыі беларускага народа, зверскія злачынствы так званых праклятых салдат у дачыненні да беларускага насельніцтва. У той жа час аднаўленне гістарычнай справядлівасці, якім, безумоўна, стала ўз'яднанне беларускіх зямель, падаецца як нейкі акт агрэсіі».
Падобныя трактоўкі для беларусаў непрымальныя, падкрэсліў дэпутат: «Беларусы выпакутавалі сваё суверэннае права быць адзіным народам і жыць у адзінай дзяржаве. Памятаць пра гэта — наш святы абавязак».
Беларусь адбылася як моцная незалежная дзяржава менавіта дзякуючы таму, што ў аснову палітычнага курсу, прапанаванага Прэзідэнтам, былі закладзены ідэі гістарычнай пераемнасці і сацыяльнай справядлівасці, упэўнены спікер.
«Мы захавалі ўсё лепшае, што нам дасталося ў спадчыну ад ранейшых гістарычных эпох, і значна нарасцілі свой эканамічны, тэхналагічны і інтэлектуальны патэнцыял, — сказаў ён. — Сёння Рэспубліка Беларусь — развітая еўрапейская дзяржава, якая ў стане за сябе пастаяць. І цяперашнія парламенцкія слуханні — выразны сігнал усім аматарам спекуляваць на гістарычнай праблематыцы».
Існуюць межы, перасякаць якія не дазволена нікому, падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. «Перагляду гісторыі, гераізацыі нацыстаў і іх памагатых, апраўдання экстрэмізму і рэваншызму ў Беларусі не будзе. Гэта наша прынцыповая, жорсткая пазіцыя», — паўтарыў ён.
Шэраг крокаў у гэтым кірунку дэпутатамі ўжо распачаты, перш за ўсё, у заканадаўчай сферы, заўважыў старшыня Палаты прадстаўнікоў і заклікаў такую ж прынцыповую пазіцыю займаць і ў дыскусіях, якія вядуцца на міжнародных парламенцкіх пляцоўках.
Памяць дзеля гонару
Разам з тым Уладзімір Андрэйчанка перасцярог ад атаясамлівання асобных замежных палітыкаў і палітычных сіл з цэлымі краінамі і народамі. «Наша задача — не фарміраванне вобразу ворага, а абарона гістарычнай праўды, — сказаў ён. — Тым больш што ў нашай гісторыі ёсць маса прыкладаў, якія аб'ядноўваюць народы і з'яўляюцца прадметам агульнага гонару. Глыбока перакананы, што менавіта іх мы павінны ставіць у аснову, калі звяртаемся да мінулага».
Спікер прывёў такія прыклады і ў беларуска-польскай гісторыі: у 1943 годзе першая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі прыняла сваё баявое хрышчэнне менавіта на беларускай зямлі, беларусы і палякі разам прайшлі цяжкімі дарогамі вайны, вызвалялі Беларусь, Польшчу, штурмавалі Берлін. Краіны звязвалі, па словах старшыні, трывалыя вытворчыя, адукацыйныя, культурныя сувязі і ў пасляваенныя гады.
«На гэтым фоне асабліва недарэчнымі выглядаюць спробы раздуць у нас так званае польскае пытанне, — дадаў ён. — Беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы спакон веку жывуць на гэтай зямлі як у вялікай сям'і, якая не падзяляе сваіх дзяцей на родных і прыёмных. І з гэтага пункту гледжання яны ўсе з'яўляюцца беларусамі».
Мы нікому не пагражаем, не маем тэрытарыяльных прэтэнзій, падкрэсліў парламентарый. «Адзінае наша імкненне — гэта захаваць незалежнасць Беларусі, зрабіць краіну ўтульнай, камфортнай як для нашых грамадзян, так і для ўсіх, хто прыязджае да нас з адкрытым сэрцам, з гатоўнасцю да супрацоўніцтва. І ніхто, акрамя саміх беларусаў, гэтага не зробіць, — заявіў кіраўнік парламента. — Сёння нам як ніколі патрэбныя грамадская салідарнасць, адзінства ўлады і народа, шчыры патрыятызм і пачуццё гонару за гісторыю краіны і яе дасягненні. У гэтым — залог будучыні Беларусі».
Уладзімір Андрэйчанка параіў больш актыўна культываваць пазітыўны вобраз айчыннай гісторыі, дамагацца, каб яна стала рэальным здабыткам кожнай беларускай сям'і, кожнага беларуса.
«Задача маштабная, і вырашыць яе толькі намаганнямі дзяржавы практычна немагчыма. Неабходны дзейны ўдзел у гэтай рабоце ўсіх структур грамадзянскай супольнасці, пошук нефармальных шляхоў захавання сувязі пакаленняў, перадачы гістарычнага вопыту. І тут вялікае поле дзейнасці для парламентарыяў, якія могуць дапамагчы канвертаваць розныя грамадзянскія ініцыятывы ў рэальныя справы на карысць Беларусі», — рэзюмаваў ён.
Шырокія магчымасці для гэтага даюць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў краіне ў кантэксце Года народнага адзінства і 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, нагадаў спікер.
«Цалкам відавочна, што надышла неабходнасць у фарміраванні аб'ектыўнай нацыянальнай гістарычнай палітыкі, каштоўнасным ядром якой з'яўляецца ідэя аб'яднання і стварэння», — падсумаваў ён.
Свята і помнік
На супадзенне ўгодкаў сумнай для беларусаў падзеі — 100 гадоў Рыжскага дагавора — і аб'яўленне 2021 года Годам народнага адзінства звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы доктар гістарычных навук Ігар МАРЗАЛЮК.
«Яшчэ адзін важны момант: на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы, не толькі ў нас, зараз адбываюцца так званыя войны за гісторыю, калі многія факты, каб дагадзіць той або нішай палітычнай кан'юнктуры, скажаюцца. Таму тэма слуханняў набывае надзвычайную актуальнасць», — сказаў ён.
Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь кандыдат гістарычных навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ у сваю чаргу падкрэсліў, што падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ўвосень 1939 года, насельніцтва Заходняй Беларусі ўспрымала менавіта як акт гістарычнай справядлівасці.
Пры гэтым, дадаў гісторык, Народны сход, які адбыўся той восенню ў Беластоку, прадставіў фактычна ўсе нацыянальнасці, розныя сацыяльныя групы, якія жылі ў той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Выбары дэлегатаў, па яго словах, былі вельмі масавымі і праходзілі на значна больш дэмакратычных падставах, чым мела выбарчае польскае заканадаўства ў міжваенны час.
«Таму гэта, калі хочаце, быў усенародны плебісцыт, вынікам якога стала ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, — сказаў рэктар. — Цікава, што на Народным сходзе ў Беластоку было прынятае рашэнне аб'явіць 17 верасня Днём уз'яднання беларускага народа і ўстанавіць помнік змагарам за свабоду беларусаў. На жаль, рашэнне не было рэалізаванае, але, думаю, сёння надышоў час гэта зрабіць. Гэта вельмі знакавая падзея — наш народ уз'яднаўся ў рамках адной дзяржавы, а гэта — аснова паспяховага развіцця для любога народа і для любой дзяржавы».
У абмеркаванні падзей, якія адбыліся больш за 80 гадоў таму, іх значнасці для дня сённяшняга, акрамя дэпутатаў, узялі ўдзел першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, міністр адукацыі Ігар Карпенка, намеснік Генеральнага пракурора Аляксей Стук, члены Савета Рэспублікі, намеснікі кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікі іншых грамадскіх органаў, вучоныя, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў і грамадскіх арганізацый.
Выступоўцы казалі пра міжнародныя і геапалітычныя наступствы аб'яднання беларускага народа, гісторыю беларуска-польскіх адносін, шляхі ўдасканалення заканадаўства па захаванні гістарычнай спадчыны. Па выніках дыскусіі былі прыняты рэкамендацыі для міністэрстваў адукацыі, інфармацыі і культуры, Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай акадэміі навук. Яны датычацца школьнай праграмы, інфармацыйнай кампаніі, навуковай работы і стварэння прысвечанага падзеям 1939 года мемарыяла.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/parlament
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka
[6] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[7] https://zviazda.by/be/tags/parlamenciya-sluhanni