Штогадовы рэгіянальны свята-кірмаш — гэта не толькі гандаль і выстаўка велікоднай атрыбутыкі, а найперш свята светлага прадчування, чыстых думак, прыемных сустрэч і добрых вестак. Велікодную радасць сёлета атрымалі дзве таленавітыя ўмеліцы. Носьбіту рамяства выбівання на паперы Наталлі Клімко з Навагрудка было ўручана пасведчанне народнага майстра, а саломапляцельшчыцы Ірыне Шавельскай з Гродзенскага раёна — пасведчанне члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Святочныя кірмашы на Гродзеншчыне спрадвеку ладзяць па дзвюх прычынах. Першая — напярэдадні вялікай падзеі на кожны тавар хутка знаходзіцца свой пакупнік. Другая — перад святам як гандлярам, так і спажыўцам хочацца і на людзей паглядзець, і сябе паказаць. Ды і дзе яшчэ, як не на кірмашы, задарма і ў неабмежаваным памеры раздаюць пазітыўны настрой і незабыўныя ўражанні!..
На сёлетнім свяце ў гістарычным цэнтры Гродна можна было і душой адпачыць, і ўсебакова падрыхтавацца да Вербніцы ды Светлага Хрыстова Уваскрэсення. Велікодныя паштоўкі, саламяныя кошыкі, сурвэткі са святочнай сімволікай, традыцыйнае печыва — лепшыя ўмельцы Гродзеншчыны прывезлі ў абласны цэнтр мноства непаўторных, адзіных у сваім родзе вырабаў.
Пачэснымі ўдзельнікамі кірмашу сталі носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці, чыя творчасць унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Элементы з ганаровым статусам былі цэнтрам прыцягнення ўсеагульнай увагі. Унікальныя яйкі-пісанкі, адметныя гродзенскія вербы, тканыя паясы, выцінанкі, саламяныя вырабы — да выканання розных рукатворных цудаў кожны ахвочы мог далучыцца на майстар-класах, якія захавальнікі традыцый праводзілі з вялікім задавальненнем.
З прылаўкаў шчодрых каравайніц Слонімшчыны і Ваўкавышчыны імгненна знікалі велікодныя булкі і вясельныя караваі, якія выпякаюць па асаблівых рэцэптах, суправаджаючы працаёмкі працэс песнямі, прымаўкамі ды малітвай. Слонімскія кулінаркі кажуць, што «спячы каравай — як нарадзіць дзіця». Хлеб, у выраб якога ўкладзена такая любоў і павага, проста не мог не спадабацца пакупнікам, тым больш што продажу папярэднічала народная дэгустацыя.
Стварэнню святочнай атмасферы сёлета паспрыяла каларытнае выступленне народнага тэатра народнай песні «Матуліна песня» з аграгарадка Жытомля Гродзенскага раёна, удзельнікі якога перадалі гледачам здароўе і жыццёвую моц з дапамогай цудадзейных галінак вярбы і запрасілі на велікодныя забавы.
Сапраўднай перлінай святочнай праграмы стала каларытнае дэфіле «Мода з куфра на Вялікдзень». Вышыванкі, камізэлькі, фартухі, паясы, саламяныя брылі, квяцістыя хусткі, пацеркі — паказ мод «у народным стылі» ззяў і зіхацеў без ніводнага пражэктара-ліхтара! У чым сакрэт?.. У прастаце, натуральнасці, самабытнасці і непарушнай шчырай любові да працы, творчасці і роднай зямлі.
Ала БЯЛЬКЕВІЧ, рэдактар ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці»
Фота прадастаўолена ўстановай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[5] https://zviazda.by/be/tags/kirmash
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyalikdzen