Эканоміка і сутнасць яе глыбінных працэсаў, санкцыі, фінансаванне антыковідных мер і актуальная ў вясновыя дні тэма развіцця чарнобыльскіх раёнаў. Гэтыя і іншыя пытанні, якімі сёння жыве краіна, Прэзідэнт абмеркаваў з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, якога прыняў з дакладам.
«Я вас папрасіў бы спачатку сказаць, што мы маем за першы квартал. Але галоўнае не вынікі першага квартала, а рэтраспектыва, што будзе ў будучыні, на што мы плануем выйсці па выніках года», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы абараняем сваю краіну»
Прэзідэнт адзначыў, што ў сродках масавай інфармацыі даецца мноства прагнозаў. «МВФ, Сусветны банк даюць ацэнкі і многія іншыя, нашы дамарослыя аналітыкі. Але я ж не першы год бачу гэтыя вынікі і прагнозы: яны ні разу не былі аб’ектыўнымі, і мы ні разу не працавалі так, як яны прагназуюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Але, па словах кіраўніка дзяржавы, самы дакладны прагноз павінен быць ва ўрада з улікам існуючых праблем.
«Адна з іх (існуючых праблем. — „Зв.“) не можа не ўплываць на эканоміку і на фінансы асабліва — гэта спроба запалохаць нас санкцыямі. Асабліва еўрапейцы шчыруюць у гэтым. Я не буду тут распаўсюджвацца, выказваць нейкія думкі, проста скажу, каб вы разумелі: калі еўрапейцы хочуць праблем у сябе ў сувязі з гэтымі санкцыямі, яны іх атрымаюць. Больш нічога не буду казаць. Час пакажа, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Дайце мне інфармацыю пра найбольш буйныя еўрапейскія праекты ў нас і прадпрыемствы, якія створаны на тэрыторыі Беларусі: паглядзім на іх працу», — даручыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт даручыў ураду і Міністэрству замежных спраў разгледзяць дзейнасць так званых заходніх гуманітарных праграм у Беларусі.
«Гэтыя некамерцыйныя арганізацыі, замежныя агенты, рознага роду бандыты, якія ладзяць тут абдзіралаўкі і іншае. Я даручаў кіраўніку Адміністрацыі, вы Сергеенку перадайце, што я на кантролі гэта трымаю. Мы дамаўляліся аб перарэгістрацыі і гэтых арганізацый, і сродкаў масавай інфармацыі, — нагадаў прэзідэнт. — А то яны нас трымаюць на кароткім ланцужку і пачынаюць пастаянна, калі гэта ім захочацца, торгаць. Выгадна, нявыгадна — яны ўжо, я бачу, пра гэта не думаюць. Ну, не думаюць — добра, будуць у Расію ездзіць праз... будуць хадзіць па Балтыцы, перавозіць грузы, і вакол Іспаніі — ў Міжземнае мора і праз Чорнае мора, калі ім кепска з нармальнай Беларуссю ў цэнтры Еўропы».
Прэзідэнт падкрэсліў, што без адказу гэта пакідаць нельга. «Наогул я заўсёды задаю пытанне: каму гэта выгадна і навошта? Слухайце, мы абараняем сваю краіну, і мы з вамі, і ўвесь народ хочам жыць у сваёй краіне. Мы яе абараняем. Нас што, за гэта санкцыямі па галаве? Таму трэба адказваць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — А так мы па-беларуску: галаву схаваем у пясок, як страусы, і думаем, ну добра, вытрымаем, вытрымае. Не. Трэба паказваць, што мы нацыя і ў нас ёсць свая зямля, свая краіна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы лячылі і будзем лячыць сваіх людзей»
Прэзідэнт і прэм’ер-міністр закранулі тэму фінансавання антыковідных мер.
«Мы затрацілі велізарныя грошы. Апошнія мярзотнікі гэтыя еўрапейцы і амерыканцы. Яны ж нічым не дапамаглі нам, абсалютна. Хоць і СААЗ, і ААН пастаянна заяўляюць, што трэба падтрымаць кагосьці і іншае. Ну, не дапамаглі і не трэба, не просім мы іх. Не, трэба ж закруціць гайкі, трэба пагоршыць тут сітуацыю. Галоўнае пры гэтым — мы лячылі і будзем лячыць сваіх людзей. І дай бог, каб у нас гэтая праблема была ліквідаваная так, як яна цяпер ліквідуецца, каб мы маглі лячыць людзей і плаціць надбаўкі тым дактарам, якія працуюць у чырвоных зонах з ковід-хворымі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да актуальнай тэмы, якая абмяркоўвалася падчас яго нядаўняй рабочай паездкі ў рэгіёны, найбольш пацярпелыя ад Чарнобыльскай катастрофы, — аднаўленне гэтых тэрыторый. Ён нагадаў пра рашэнне прыняць да верасня адпаведную праграму і даручыў прэм’ер-міністру ўзяць гэтую тэму на кантроль.
«Нам трэба вызначыцца, у кожным раёне, у кожным аграгарадку, а іх няшмат там, што мы павінны зрабіць, каб іх аднавіць. Перыяд адраджэння мы ўжо прайшлі, трэба вярнуць той узровень жыцця і бяспекі, які там быў да чарнобыльскай катастрофы. І для людзей прыйдзецца ствараць неабходныя ўмовы: інфраструктуру плюс жыллё», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтую завяршальную праграму трэба прыняць, каб выраўнаваць узровень чарнобыльскіх рэгіёнаў.
«Эканоміка выйшла на траекторыю росту»
Раман Галоўчанка таксама далажыў аб выніках нарады ЕАЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў у Казані і перамовах з прэм’ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным. «Мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што вы з Мішусціным сустрэнецеся на гэтым этапе і паспрабуеце, калі гэта магчыма, канчаткова выкрышталізаваць хоць бы тыя пытанні, якія, магчыма, прыйдзецца яшчэ канчаткова ўрэгуляваць на ўзроўні прэзідэнтаў. Я прапанаваў гэта зрабіць на Вышэйшым дзяржсавеце, дзе будуць прысутнічаць усе: і прэм’еры, і кіраўнікі нашых парламентаў. Але да гэтага трэба падысці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Раман Галоўчанка коратка падвёў вынікі работы эканомікі ў першым квартале гэтага года. Паводле яго слоў, дасягнутыя вынікі сведчаць пра тое, што эканоміка выйшла на траекторыю росту. Валавы ўнутраны прадукт трохі вырас і склаў амаль 101 %. «Мы ідзём з апярэджаннем прагнозу, і далей траекторыя ўзыходзячая. За чатыры месяцы чакаем 101,4 %, за паўгоддзе плануем выйсці на амаль 102 %», — адзначыў прэм’ер-міністр. Па яго словах асноўны драйвер эканамічнага росту — прамысловасць.
Каментарый у тэму
Падрабязнасці размовы з Прэзідэнтам Раман Галоўчанка пасля расказаў журналістам.
Эканоміка дэманструе ўстойлівы рост
Па словах прэм’ер-міністра, у першым квартале работа эканомікі выклікае асцярожны аптымізм — яна выйшла на траекторыю ўстойлівага росту фактычна па ўсіх паказчыках. Невялікае прасяданне ёсць па інвестыцыях у асноўны капітал, дзесьці затрымліваецца будоўля, крыху не дацягнула прадукцыя сельскай гаспадаркі.
«Усе астатнія паказчыкі ў нас у „зялёнай“ зоне, і што асабліва радуе — рост дасягнуты не толькі за кошт традыцыйных экспартных сектараў, як нафтаперапрацоўка, калійная галіна, а маем вельмі добрую прыбаўку ў прамысловасці. За квартал гэта больш за 109 працэнтаў. Добры рост для прамысловасці. Радуе, што рост дэманструе і ІТ-сектар. За квартал ён вырас на 103,5 працэнта, як бы нас ні пужалі, што ўсе з’язджаюць і ІТ развальваецца», — паведаміў прэм’ер-міністр.
Ён паведаміў пра пазітыўную дынаміку па ўсіх фінансавых паказчыках у параўнанні з першым кварталам мінулага года — эканоміка мае валавы прыбытак 1 мільярд 800 мільёнаў рублёў, расце выручка, прыбытак ад рэалізацыі, рэнтабельнасць продажаў.
«Сукупнасць усіх гэтых фактараў сведчыць, што эканоміка працуе ў першым квартале дастаткова эфектыўна. Нягледзячы на алармісцкія заявы з боку асоб, што неглыбока разбіраюцца, або людзей, што маюць канкрэтныя інфармацыйныя дэструктыўныя мэты», — дадаў кіраўнік Саўміна.
Што датычыцца даходаў насельніцтва, як падкрэсліў Раман Галоўчанка, у першым квартале даходы насельніцтва ў рэальным вылічэнні (то-бок з папраўкай на інфляцыю) выраслі на 105,4 %. Пенсіі выраслі на 103,4 %. Сярэдняя пенсія па ўзросту дасягнула 500 рублёў. Нядрэнныя паказчыкі росту ўрад чакае і па выніках першага паўгоддзя.
Адкажам сіметрычна і асіметрычна
Раман Галоўчанка заявіў, што Беларусь не прымае ціск на дзяржаву ў выглядзе санкцый. Згодна з міжнароднымі пагадненнямі, як ён расказаў, такая форма ўздзеяння выкарыстоўваецца за значныя і даказаныя злачынствы.
«На жаль, агульная дэвальвацыя міжнародна-прававой сістэмы прыводзіць да таго, што санкцыямі карыстаюцца як інструментам ціску на няўгодныя дзяржавы з мэтай пагаршэння эканамічнай сітуацыі, як правіла. То-бок мэты санкцый, якія дэкларуюцца, разыходзяцца з іх імплементацыяй. Таму для нас гэта не новае. Беларусь на працягу апошніх 20 гадоў падвяргалася формам санкцыйнага ціску. Вынік — мы сталі мацнейшымі, навучыліся жыць у гэтых умовах», — акцэнтаваў увагу кіраўнік урада.
Паводле яго слоў, краіна адказвае на такія выклікі, у тым ліку і прыняццем эканамічных мер.
«Адказваем як сіметрычна, так і асіметрычна. Кіраўніком краіны прыняты ўказ аб увядзенні спецыяльных ахоўных мер. Часткова ўрадам ужо рэалізаваны права, якія дае гэты ўказ. Далей будзем дзейнічаць па абстаноўцы», — заўважыў Раман Галоўчанка.
Ён сцвярджае, што ўрад не будзе прымаць «агалцелых» дзеянняў у адказ, але хоча, каб палітыкі на Захадзе разумелі: аб такіх дзеянняў пацерпіць іх бізнес у Беларусі.
«Беларусь — міралюбівая краіна ў тым ліку і ў знешняй палітыцы. Калі на нас нападаюць, мы будзем адказваць. Але я ўпэўнены, што цвярозы розум у выніку пераможа. У тым ліку ў заходніх палітычных дзелавых кругах многія з нашых суседзяў маюць тут сур’ёзныя дзелавыя інтарэсы — Літва, Латвія, Польшча, Украіна», — рэзюмаваў тэму прэм’ер.
Асабістыя крыўды недарэчныя
Закранулі рэпарцёры і пытанне, якога не было ў парадку дня размовы, але выклікае шмат чутак у інтэрнэце: ці не крыўдзіцца прэм’ер на анансаваны Дэкрэт Прэзідэнта, які ў выпадку надзвычайнай сітуацыі перадае паўнамоцтвы па кіраванні краінай не ўраду, а Савету бяспекі. Раман Галоўчанка адказаў, што ўдзельнічаў у распрацоўцы прапаноў па гэтым дакуменце, але канчатковую рэдакцыю не бачыў.
«Якое Прэзідэнт прыме рашэнне, такім яно і будзе. А рашэнне неабходна прымаць, таму што Дэкрэт нараджаецца не на пустым месцы. Мы ўсе бачым, што адбываецца вакол нашай краіны, якія мэты ставяць ворагі нашай дзяржавы, што выходзяць за межы разумення нейкіх маральных каштоўнасцяў. Краіна павінна быць гатова да любога развіцця сітуацыі», — сказаў прэм’ер-міністр.
Ён нагадаў, што праект Дэкрэта будзе апісваць, як будзе функцыянаваць дзяржава ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, каб не дапусціць страты кіравання краінай і мабілізаваць яе на захаванне бяспекі грамадзян.
«Казаць пра нейкія асабістыя крыўды недарэчна. Якія крыўды? Я — службовая асоба як і іншыя, — дадаў Раман Галоўчанка. — Спадзяюся, што гэты Дэкрэт не будзе актывізаваны. Гэты варыянт Прэзідэнт змадэляваў на выпадак, калі складзецца няштатная сітуацыя. Галоўнае, пра што павінен думаць, на мой погляд, кіраўнік краіны, — як забяспечыць бяспеку краіны. Якую ролю будзе іграць якая персаналія, мабыць, не прадмет для абмеркавання. Мы ўсе, кіраўніцтва краіны, нясём калектыўную адказнасць за тое, што адбываецца з дзяржавай».
Новыя кропкі росту для чарнобыльскіх зямель
Наконт новай праграмы па развіцці чарнобыльскіх рэгіёнаў Раман Галоўчанка расказаў, што над насычэннем яе канкрэтнымі мерапрыемствамі працуе як урад, так і мясцовыя органы ўлады.
«Задача двайная. З аднаго боку стварыць новыя лакальныя кропкі росту (размова не ідзе аб маштабных прадпрыемствах). Там шмат населеных пунктаў, раённых цэнтраў, буйных пасёлкаў. У кожным з іх неабходна стварыць вытворчасць мясцовага маштабу, прадставіць працоўныя месцы і пад іх стварыць інфраструктуру», — сказаў старшыня Саўміна.
Па яго словах, падыход да аднаўлення пацярпелых рэгіёнаў крыху скарэктуюць. Сканцэнтруюцца на павышэнні эканамічнай актыўнасці гэтых мясцовасцяў.
«Тут адразу лямат паднялі, што мы будзем уцягваць забруджаныя землі ў абарот. Трэба зразумець, што ва ўрадзе людзі з цвярозым розумам, якія кіруюцца ў дадзеным пытанні мэтай бяспекі насельніцтва. Сёння мала гарантаваць бяспеку, неабходна акуратна ўцягваць гэтыя землі ў эканамічнае развіццё краіны», — падзяліўся Раман Галоўчанка.
Новая праграма, нагадаў ён, павінна быць падрыхтавана да верасня.
Валерыя СЦЯЦКО
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[7] https://zviazda.by/be/tags/daklad