Рэгулярная абрэзка маліны — важны момант у доглядзе за гэтай хуткаспелай культурай. Каб ягадны куст імкліва разрастаўся і даваў багаты ўраджай, пры абрэзцы трэба ўлічыць усе тонкасці працэсу.
Летнюю маліну пачынаюць абразаць падчас пасадкі: парасткі кароцяць да 50 см, пасля чаго куст абразаюць некалькі разоў за сезон.
Абрэзка маліны вясной
Звычайна вясновая абрэзка маліны праводзіцца ў канцы сакавіка — красавіку, што залежыць ад умоў надвор'я. Неабходна, каб снег ужо растаў, але зямля яшчэ не паспела прагрэцца.
У гэты час выразаюць усе аслабленыя, падмёрзлыя, пашкоджаныя парасткі. Астатнія галіны кароцяць да першага здаровага вочка. Гэта стымулюе абуджэнне пупышак, з якіх потым утвараецца 3—6 пладаносных парасткаў даўжынёй каля 50 см.
Так, пры абрэзцы маліны вясной на 1 пагонны метр пасадак пакідаюць 15—20 парасткаў. Калі здаровых галінак аказалася больш, не варта іх шкадаваць.
Калі хочаце, каб ягады спелі не адначасова, а паступова на працягу ўсяго лета, абразайце розныя кусты маліны на розную вышыню. Частку кустоў абрэжце на 10—15 см, другую — на палову вышыні раслін, а маліну з трэцяй часткі абразаюць так, каб на кусце засталіся парасткі даўжынёй 15—20 см.
Абрэзка маліны летам
Летняя абрэзка — важны этап у доглядзе за малінай. Падчас цвіцення куста выдаляюць усе хворыя галінкі і лісце (звычайна пры захворванні яно жоўкне) і спальваюць, каб інфекцыя не распаўсюдзілася на здаровыя парасткі.
Раз на 1-2 тыдні выразаюць малады параснік, што палез з зямлі на адлегласці меншай за 20 см ад цэнтра куста. Зрабіць тое даволі проста: уторкніце рыдлёўку ў зямлю пад невялікім вуглом і перарэжце ёю каранёвую сістэму маладога парастка.
А калі хочаце павялічыць ураджай, выкарыстоўвайце метад двайной абрэзкі. Для гэтага ў пачатку чэрвеня, калі парасткі дасягнуць вышыні 100—120 см, абрэжце іх верхавіны на 5—7 см. Дзякуючы такому спосабу пажыўныя рэчывы будуць паступаць да бакавых пупышак, на якіх да восені вырастуць 4—8 маладых парасткаў даўжынёй прыкладна 50 см. Увосень іх прыгінаюць да зямлі, каб яны зімавалі пад снегам і не падмерзлі. А вясной гэтыя бакавыя парасткі абразаюць на 10—15 см. Апошняе стымулюе з'яўленне новых пладаносных галінак.
Абрэзка маліны восенню
Прыкладна за 2-3 тыдні да наступлення халадоў выдаляюць усе зламаныя, хворыя і пашкоджаныя насякомымі парасткі. Таксама цалкам (без пянька) выразаюць двухгадовыя галіны, якія пладаносілі ў бягучым годзе (яны карычневага колеру) і слабыя зялёныя парасткі, больш падобныя на траву.
Адлегласць паміж кустамі маліны павінна быць не менш як 60 см. Таму калі яны моцна разрасліся, лішнія бакавыя парасткі выразаюць.
Не пакідайце на кусце лішніх парасткаў! Дзякуючы правільнай абрэзцы маліны паляпшаюцца паветраабмен і пранікненне святла да маладых галінак, што даюць ураджай.
Памятка садавода-агародніка
Цыбуля
Перад пасадкай: 1 ст. лыжка солі на 1 літр вады заліць на 3 гадзіны.
Пасля солі: цёмны раствор марганцоўкі на 2 гадзіны. Абавязкова прамыць.
Ад цыбульнай мухі: 1. З'явіўся першы лісточак — 1) палівайце вадой; 2) паліў — 2 ст. лыжкі нашатырнага спірту на вядро вады (3 палівачкі на 6 п. м градкі); 3) палівайце вадой. 2. Праз 10—14 дзён — па той жа схеме паліў: 1 ст. лыжка солі на 1 літр вады. 3. Праз 10 дзён — па той жа схеме паліў моцным растворам марганцоўкі.
Падкормкі: Любіць дражджавы настой: 100 г дражджэй на 1 вядро, настойваць гадзіну, паліць, падкарміць, паліць.
Вядучая рубрыкі Ірына Тамковіч. Тэл. 8 (017) 287-18-15
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/krynichka
[4] https://zviazda.by/be/tags/malina