Нагодай для сустрэчы з найстарэйшым беларускім экскурсаводам Міколам Чырскім паслужыла яго новая кніга «Vіa est vіta. Дарога — гэта жыццё», у якой ён піша пра родную Случчыну і пра сваю сям'ю. Мікола Арсенцьевіч упэўнены, што падмурак шчаслівага жыцця дзяцей закладваюць бацькі — любоўю і клопатам.
— Раскажыце, калі ласка, пра сям'ю сваіх бацькоў.
— Мой тата нарадзіўся на хутары, дзед быў заможным селянінам і, вядома ж, хацеў лепшай долі для сына, чым працаваць у калгасе за працадні. Таму знайшоў магчымасць адправіць яго вучыцца на чыгуначніка. Мама рана асірацела і ў 11 гадоў пайшла працаваць на ферму... Бацькі перажылі 1930-я гады, вайну.
Захоўваючы памяць пра мінулае, заўсёды глядзелі ў будучыню. Мама нарадзіла шасцярых дзяцей, пры гэтым працавала ў калгасе паляводам і ў школе прыбіральшчыцай. Тата, калі ўжо цяжка было працаваць абходчыкам, уладкаваўся на чыгуначны пераезд. Бацькі заўсёды шмат працавалі. А яшчэ дадайце да гэтага вялікую моцную ўласную гаспадарку. Пры тым мае бацькі — вельмі адукаваныя людзі. Гэта не пра дыпломы, а пра тое, што ў доме было шмат кніг, выпісвалі самую цікавую перыёдыку. Тата іграў на многіх інструментах, меў прыгожы голас. Вось у такой атмасферы я рос. Была яшчэ традыцыя — літаральна з трох гадоў бацькі абавязкова бралі нас з сабой, калі ішлі на могілкі праведваць продкаў. І, ведаеце, мне здаецца, што гэта вельмі моцны якар, які прывязвае да роднай зямлі.
— Тым не менш вы самі і вашы браты-сёстры з'ехалі з роднай вёскі. Чаму?
— Можна, я спачатку адкажу на пытанне: «Як?» Думаю, такі экскурс у гісторыю можа быць цікавы маладым людзям. У часы маёй маладосці жыхару вёскі было вельмі цяжка, амаль немагчыма атрымаць пашпарт. Такое вось прыгоннае права па-савецку. Ледзь не адзінай магчымасцю быў выезд у горад па аргнабору на будоўлю, чым мы і скарысталіся. У Мінск я прыехаў пасля 8 класаў, пайшоў працаваць на будоўлю і вучыцца ў вячэрнюю школу рабочай моладзі. А з'ехалі мы, таму што дзякуючы бацькам і свету, які перад намі адкрывалі кнігі, нам хацелася большага, чым магло быць дома. У часы маёй маладосці выбар работы ў вёсцы быў мінімальны. І, дарэчы, жыццё без пашпарта нам здавалася зневажальным, няправільным, мы не разумелі, у чым правініліся сяляне, што іх так абмежавалі ў праве выбару месца жыхарства і прафесіі. У Мінску я атрымаў пашпарт і месца ў інтэрнаце. Але быў і такі момант: я размаўляў толькі па-беларуску, і ў тралейбусе мяне абазвалі калгаснікам. Гэта стала стымулам вывучыць рускую мову, ды так, што, калі вазіў турыстаў у Расію, там адзначалі маю правільную гаворку.
— А як будаўнікі становяцца экскурсаводамі?
— Мне ўсё было цікава! Таму ў сакавіку 1971 года я апынуўся ў Мінскім бюро падарожжаў і экскурсій. Прынялі мяне на работу пазаштатна, а пасада называлася «групавод». Што я рабіў? Напрыклад, мая першая група — жыхары Мінскай вобласці, якіх трэба было сустрэць на вакзале і адвезці ў цырк. Потым заданні былі паскладаней. А неўзабаве мяне пачалі адпраўляць у Ленінград. Мы выязджалі аўтобусам ЛАЗ у пятніцу, да апоўначы прыязджалі ў горад на Няве. У самым пачатку 1970-х не браніравалі гасцініцы і не заказвалі харчаванне. Усе суправаджальныя тургруп шукалі, дзе размясціць людзей. Я дамаўляўся з камендантамі рабочых і студэнцкіх інтэрнатаў. Таксама і з харчаваннем знаходзіў варыянты. Суправаджальны — гэта той, хто арганізоўвае побыт турыстаў, а экскурсіі праводзіць іншы спецыяліст. Ужо ў сярэдзіне 1970-х перайшлі працаваць на цывілізаваныя рэйкі, калі ўсё заказваецца.
— У вашым жыцці быў яшчэ адзін зігзаг, калі вы прыйшлі працаваць у музей Янкі Купалы.
— Да таго часу я ўжо паступіў на філфак педінстытута імя Горкага, цяпер гэта педуніверсітэт імя Максіма Танка. Даводзілася праводзіць экскурсіі ў парку Янкі Купалы, а тады для турыстаў музей песняра быў абавязковай праграмай. Да нас прыязджалі турыстычныя цягнікі з 12 вагонаў! Музейшчыкі да мяне прыгледзеліся і запрасілі на работу навуковым супрацоўнікам. І я пайшоў з будоўлі, дзе быў добры заробак, на 70 рублёў у месяц у музеі. Месца пазаштатнага экскурсавода таксама захаваў. І, ведаеце, у інтэрнаце будтрэста № 4 на Якуба Коласа, 42 мяне таксама пакінулі, нават пасялілі ў лепшы пакой. Жылося вельмі нядрэнна, таму што бацькі заўсёды давалі хатнія гасцінцы — сала, тварог, гародніну. Яшчэ мама заўсёды давала на дарогу 10 рублёў. Мне было нязручна браць у мамы грошы, але я хутка зразумеў, што для яе вельмі важна дапамагаць сваім дзецям.
— Як мне распавялі агульныя знаёмыя, ажаніліся вы позна па ранейшых мерках, у 33 гады. Не ціснулі калегі і сваякі: «Калі сям'ю створыш?»
— Калегі на мяне маліліся! Скажыце мне, якая замужняя жанчына з дзецьмі паедзе на выхадныя з турыстамі? Некалькі гадоў, а калі быць дакладным, то з 1977-га да 1991-га, я працаваў дырэктарам круізных цеплаходаў з красавіка да лістапада — гэта значыць, увесь сезон навігацыі на Волзе (былі такія маршруты для турыстаў з БССР). А родныя, вядома, перажывалі, але не ціснулі, усё было вельмі далікатна.
— Як пазнаёміліся з будучай жонкай?
— Пасля звальнення з музея Янкі Купалы па магчымасці заходзіў да калег. І аднойчы пазнаёміўся там з маладой дзяўчынай. Мы бачыліся на розных мерапрыемствах, потым дзяліліся ўражаннямі, пачаў праводзіць яе дадому. Ларыса цікавілася, як паступіць на курсы экскурсаводаў. Мы столькі гутарылі пра Янку Купалу і Уладзіславу Францаўну, што можна смела казаць: нас сасватала сям'я Купалы. І прапанова стварыць сям'ю неяк сама сабой атрымалася.
— Гэта значыць, ніякіх доўгіх заляцанняў?
— Адзіны, калі так можна сказаць, варыянт заляцанняў — запрашаў Ларысу ў рэстаран «Сёмае неба», што ў гасцініцы «Мінск». Зарабляў я добра, сувязі меў, таму трапіць у рэстаран было не праблематычна. Зноў жа патлумачым маладым чытачам, што ў савецкі час паход у рэстаран — той яшчэ квэст: мала было мець грошы — трэба было ўмець зайсці ў яго. У нас наогул усё было нетыпова. Ледзь выпрасіў адпачынак на тры дні, каб схадзіць у ЗАГС. Распісаліся, і адразу панёсся даганяць свой цеплаход. Начальства вылічыла, у якім горадзе мне трэба сысці з яго і ў якім вярнуцца.
— А знаёмства з бацькамі як прайшло?
— Добра. Ларыса нарадзілася ў Мінску, а яе бацькі такія ж прыезджыя, як я. Можа, таму вельмі цёпла сустрэлі, прапанавалі жыць у іх, і на першы час мы гэтую прапанову прынялі. Зноў жа ў той час знайсці здымную прыватную кватэру было няпроста. Да маіх бацькоў прыехалі ўжо пасля роспісу і заканчэння навігацыі на Волзе. Мы з Ларысай катэгарычна не хацелі ніякага вяселля. Але блізкія сваякі ўсё ж вечарам сабраліся нас павіншаваць. Яшчэ наракалі, што не папярэдзілі: ні ў кога не было падарункаў. Я сказаў, што можна аддаць грашыма (смяецца). Так яны і зрабілі.
— Жонка маладзейшая за вас на дзесяць гадоў. Як гэтая розніца ўспрымаецца ў розныя перыяды жыцця?
— Спачатку мне зайздросцілі: маладая жонка, спачатку 33 і 23 — даволі прыкметна. Гадоў праз дзесяць гэтая розніца сціраецца. Думаю, што розніца ва ўзросце мужа і жонкі павінна быць разумнай, гэта значыць, каб яны гаварылі на адной мове, разумелі адзін аднаго. Наогул, гэта самае важнае — каб было, пра што пагаварыць, каб былі агульныя інтарэсы і мэты.
— Вы неяк сказалі, што экскурсавод — гэта артыст. І як турыст са стажам, пагаджуся з вамі. Зноў жа заўважаю, што ў некаторых экскурсаводаў утвараюцца фан-клубы турыстаў, а часцей турыстак. Ларыса не раўнавала?
— Дык мы ледзь не разышліся! І справа не ў рэўнасці, а ў маёй адсутнасці дома. Уявіце: жонка нараджае, а я ў круізе, і забраць яе з радзільні мне не выпадае. Ларыса сказала: выбірай — сям'я ці работа. Абраў сям'ю: менш паездак, больш кабінетнай работы ў якасці начальніка аддзела Мінскага бюро падарожжаў і экскурсій. Не магу сказаць, што мне гэта лёгка далося, але ў сям'і трэба ўмець саступаць, лічыцца з тым, што важна для родных. А неўзабаве і Ларыса перайшла на работу ў бюро. Спярша была метадыстам, потым экскурсаводам.
— Гэта таксама няпроста, часам бываюць незадаволеныя: маўляў, развялі тут «сямейнасць»...
— Нас у гэтым не папракалі, на шчасце. Думаю, таму што Ларыса была добрым экскурсаводам. А калі ты прафесіянал, то чым цябе ўпікнуць? Мы не сядзелі ў адным кабінеце, усё роўна ездзілі, хай недалёка і ненадоўга, таму стомленасці адзін ад аднаго, маўляў, дома і на працы разам — у нас не было, мы нават паспявалі засумаваць.
— Як будуеце адносіны з вашым сынам?
— Для кожнага ўзросту — свой падыход. Што я вынес з бацькоўскай сям'і: галоўнае, каб дзіця заўсёды адчувала, што яго любяць. Маленькаму чыталі казкі і спявалі калыханкі. Калі дзіця ў падлеткавым узросце, трэба здолець стаць яго сябрам, а дарослага не трэба вучыць жыць. Калі сыну патрэбна парада, ён сам спытае. Дзеці павінны пражыць сваё жыццё, набіць свае гузы. Кожнае пакаленне павінна жыць лепш — гэта таксама запаведзь маіх бацькоў. І калі б яны сёння былі жывыя, то радаваліся б і ганарыліся б сваім унукам.
— Вы ўжо і самі дзед, Мікалай Арсенцьевіч. Як успрынялі новы статус?
— Радасна! Нагнаў усё тое, што не паспеў з сынам. Па-першае, забіралі нявестку з радзільні цэлай дэлегацыяй: сын, я з жонкай, сваты. Ні з чым не параўнальнае шчасце трымаць на руках маленечкага чалавечка і разумець, што ён працягвае твой род. Калі прыйшоў час купаць унука, я захваляваўся: як гэта — пакласці яго ў пластыкавую ванначку? Я ж бачыў, як мая мама купала малодшага брата: у драўляныя ночвы сцяліла льняное палатно і на яго клала дзіця. Таму я настаяў, каб і для ўнука ў ванначцы ляжала нешта мяккае. Калі ўнук падрос, то трохі баяўся маёй барады, але калі прывык, мы з ім разам класна гулялі. Час праляцеў як адно імгненне: не паспеў азірнуцца — ужо павялі ўнука ў школу...
— Семдзесят — час падводзіць вынікі?
— Хіба што папярэднія... А так у мяне планаў яшчэ гадоў на трыццаць!
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta-0