Атрымалася, як з тым клубком: пацягнуў за нітку, а ён усё больш і больш размотваецца. А пачалося ўсё з франтавых пісьмаў, якія больш за 70 гадоў праляжалі ў старым куфары. Калі вырашыла аб гэтым напісаць, на вочы трапіў зборнік «Партызанскі край», які склалі школьнікі-пошукавікі па расказах відавочцаў. Пагартаўшы, знайшла там аповед пра свайго дзеда і маці. Яны выходжвалі параненага чырвонаармейца. Больш за тое, у партызанскім атрадзе знаходзіўся і мой бацька, 16-гадовы юнак Сяргей Ушкевіч.
Гісторыя першая
Мае раннія ўяўленні аб вайне звязаныя менавіта з бацькам. Нам з сястрой у дзяцінстве дазвалялі гуляць з татавымі ваеннымі ўзнагародамі. Што мы разумелі? Толькі тое, што тата быў на фронце, а як і дзе — з прычыны ўзросту не ведалі. Затое памятаю, як на 9 Мая мы з бацькам ездзілі ў суседнюю вёску, якая была спалена немцамі. А ў мірны час там ладзілі святочны фэст.
Якая была для таты вайна — мы, тры яго дачкі, так і не даведаліся. Хоць наша вёска на самым беларуска-літоўскім памежжы была, што называецца, сапраўдным партызанскім краем. Многія ваявалі альбо на фронце, альбо ў партызанскіх атрадах. Але ўспамінаць пра вайну мала хто хацеў. У тым ліку і бацька. Яго не стала, калі мы з сястрой былі падлеткамі. Здавалася, яго ваеннае мінулае таксама адышло ў нябыт. Калі б не гэтыя пісьмы...
Яны адшукаліся зусім выпадкова. Літаральна летась сваякі разбіралі стары бабулін куфар, што стаяў многа гадоў у гумне. Дарэчы, я таксама яго добра памятаю — масіўны, з цяжкай накрыўкай. Пры жыцці бабулі ён стаяў на бачным месцы і быў замест шафы. Затым яго вынеслі ў гумно. Сярод розных рэчаў там ляжалі і гэтыя пісьмы. І трохвугольныя з паметкай цэнзуры «праверана», і проста пажоўклыя ад часу лісты без канвертаў, і паштоўкі. Калі сваякі прачыталі, што пісьмы ад нашага бацькі, адразу прынеслі іх нам. Ці варта казаць, як мы, сёстры, былі ўзрушаны!
Цяпер я зноў бяру іх у рукі і перачытваю. Большасць датуецца 1944—1945 гадамі. Гэта той перыяд, калі бацька быў у радах Чырвонай Арміі. Першая паштоўка адпраўлена з Баранавіч. Куды адсюль накіравалі 18-гадовага прызыўніка — невядома. У пісьмах аб гэтым не згадваецца. Толькі аднойчы прамільгнуў такі радок: «З Гродна я выехаў ужо даўно, яшчэ ў пачатку лютага, і цяпер знаходжуся на нямецкай тэрыторыі...» Яшчэ некалькі радкоў пра тое, па якім адрасе ў Гродне пакінуў сваё цывільнае адзенне.
Затое ў кожным пісьме — вельмі шмат пачуццяў. Як правіла, лісты пачынаюцца са слоў: «Прывітанне, дарагія матулечка, сястрычкі Марусенька і Любачка! Адразу паведамляю вам, што я жывы і здаровы... а сёння ў мяне вельмі шчаслівы дзень, бо я атрымаў адразу чатыры пісьмы і выслаў на іх адказы...»
Да нас праз 70 гадоў дайшло звыш дзясятка франтавых пісьмаў, у тым ліку «трохвугольнікаў». Ад некаторых лістоў засталася толькі частка. Нярэдка ў пісьмах тата распытвае маці пра сваіх братоў — Івана і Васіля, якія таксама ваявалі на фронце. Ад яе ён даведаўся пра гібель брата Васі ў 1944-м. І хоць у ягоным пісьме адчуваецца смутак, ён стараецца падтрымаць сваіх родных: «Трэба быць цвёрдымі, бо ідзе вайна, і Вам, матуля, яшчэ ёсць пра каго клапаціцца. Хутка вайна скончыцца, і вернуцца тыя, хто выжыў...»
Сям'і майго таты не пашанцавала. У вайну памёр яго бацька, сястру забілі немцы, абодвы браты загінулі на фронце. Тата, здаецца, быў упэўнены, што з ім нічога не здарыцца. У адным з пісьмаў, якое ён даслаў у лютым 1945 года, піша: «У мяне з галавы не ідуць думкі пра сваю сям'ю, пра Радзіму. Вось атрымаем перамогу, і я вярнуся дамоў...» Так і здарылася. Бацька вярнуўся без адзінага ранення і з высокімі ўзнагародамі — ордэнам і медалём.
На жаль, яны не захаваліся — неяк зніклі, невядома куды. Але добра запомніўся ордэн. У пасведчанні да яго значылася, што гэта ордэн Чырвонай Зоркі. А некалькі гадоў таму ўдалося знайсці больш падрабязную інфармацыю. З'явілася магчымасць увайсці ў электронны банк дакументаў, дзе можна даведацца пра кожнага франтавіка.
І вось што выдаў электронны пошукавік расійскага сайта podvіgnaroda.ru: «Радавы Ушкевіч Сяргей Сямёнавіч, разведчык разведгрупы разведаддзела штаба 2-га Беларускага фронту ў складзе групы скінуты з парашутам у тыл праціўніка на выкананне спецыяльнага задання. У складаных умовах работы на тэрыторыі Германіі з гонарам выканаў ускладзеныя на яго задачы, смела і рашуча пранікаў на аб'екты праціўніка і здабываў каштоўныя звесткі аб войсках праціўніка і яго абарончых збудаваннях».
Дык вось за што тата атрымаў свой ордэн Чырвонай Зоркі... І было яму тады роўна 20 гадоў.
Гісторыя другая
Літаральна днямі мне ўдалося знайсці новыя факты з ваеннай біяграфіі таты. Аказваецца, яго ваенны шлях пачаўся значна раней. Яшчэ з 1943 года тата быў сувязным у партызанскім атрадзе, які дзейнічаў у лясах пад вёскай Бершты. Аб ім і яго сябрах нядаўна прачытала ў зборніку «Партызанскі край» (пра зборнік — асобная гісторыя). І, што яшчэ больш здзівіла, тут быў змешчаны расказ аб маёй, тады яшчэ ў падлеткавым узросце, маме. Гэта стала сапраўднай сенсацыяй для нашай сям'і.
Зборнік, які цяпер знаходзіцца ў сямейным архіве гродзенкі, складалі вучні Берштаўскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам свайго настаўніка, Івана Лемешава, вядомага філолага, доктара навук, які пасля доўгі час працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. А тады, у канцы 1960-х гадоў, разам са старшакласнікамі ладзіліся экспедыцыі па навакольных вёсках былога партызанскага краю. Школьнікі запісвалі ўспаміны мясцовых жыхароў пра барацьбу падчас акупацыі, партызанскія атрады, гераічныя ўчынкі.
Імя майго бацькі Ушкевіча Сяргея і яго сябра Іосіфа згадваецца ў сувязі з дзяўчынай-шпіёнкай. Вось як гэта было. Хлопцы сустрэлі яе ў лесе і запыталі, куды яна ідзе. Тая адказала, што ў Ліду, да маці. Яны тады, нібыта ў жарт, запрасілі яе да іх у партызанскі атрад. Дзяўчына нечакана згадзілася і нават прапанавала цыгарэты. На ўсякі выпадак юнакі адвялі дзяўчыну да мясцовай жыхаркі і папрасілі пачакаць. Вось толькі тая не стала марудзіць і збегла. А тут пра яе стаў пытацца нямецкі афіцэр. Жанчына расказала аб гэтым партызанам. Станавілася небяспечна, і хлопцы-сувязныя пайшлі тую дзяўчыну шукаць. У хуткім часе знайшлі і прывялі ў партызанскі лагер. Пры ператрусе знайшлі зашыты ў адзенне нямецкі пропуск. Тады яна прызналася, што падаслана гітлераўцамі. Як склаўся яе лёс, невядома.
А мяне чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. У адным з расказаў, запісаных вучаніцай школы, убачыла знаёмыя імёны — Кузьміч Афанасій Рыгоравіч і яго дачка Соня. Дык гэта ж мае дзед і маці! Аказалася, маці, тады яшчэ падлетак, знайшла ў лесе параненага байца. Праз колькі хвілін яна ўжо вяла свайго бацьку ў той гушчар. Ён, дарэчы, прыхапіў з сабой сані, куды перанёс параненага. Той сказаў, што ён з атрада Капусты (а гэта быў вядомы камандзір партызанскага злучэння. — Аўт.), у апошнім баі нарваліся на нямецкі заслон, разрыўная куля трапіла ў бядро.
Параненага ўнеслі ў дом, пераапранулі і паклалі на ложак за печкай. Партызан расказаў, што яго завуць Іван Чарняўскі, родам ён з-пад Мінска. Зінаіда Андрэеўна (мая бабуля) паіла яго травянымі настоямі і прамывала рану. Але тут патрэбны былі іншыя медыцынскія прэпараты, якіх не было. Пакуты, якія цярпеў малады баец, закраналі і яго даглядчыкаў. А ў вёсцы ўсё часцей сталі з'яўляцца гітлераўцы. Тады дзед прыняў рашэнне знайсці партызанаў і расказаць ім пра Івана. Ён сустрэў двух разведчыкаў, і тыя прапанавалі прывезці параненага ў зямлянку, абяцалі прыслаць фельчара. Сапраўды, на назе пацярпелага хутка з'явіўся новы бінт, а побач — пустыя ампулы. Два тыдні сям'я дзеда змагалася за жыццё юнака ў акупаванай вёсцы. На жаль, выратаваць яго без кваліфікаванай медыцынскай дапамогі не ўдалося... Здаецца, маці ўспамінала пра гэтага байца, шкадавала яго. Магчыма, праз гады яна зразумела, за што аддаў сваё жыццё гэты хлопец. За будучае яе дзяцей...
У «Звязду» — з франтавога блакнота
Аказалася, што ваенныя дзеянні партызанскага краю знайшлі адлюстраванне і на старонках газеты «Звязда». Тут у № 41 за 4 жніўня 1944 года надрукаваны артыкул «У Берштах» ваеннага карэспандэнта Якуба Качана, які знаходзіўся ў складзе войскаў 3-га Беларускага фронту.
Вось як ён апісваў сітуацыю падчас акупацыі: «Партызаны трывала заселі ў навакольных лясах. Гэта быў другі для іх родны дом. Тут яны знаходзілі сабе прытулак. ...Немцы баяліся сунуцца да лясных гушчароў, суседства лясных жыхароў косткай сядзела ў іх у горле... Партызаны рабілі сваю справу — пад адхон ляцелі паязды, у гарнізонах гарэлі склады, у засадах гінулі акупанты».
Савецкія войскі ішлі ў наступленне, — піша аўтар. І вельмі важна было ачысціць гэты населены пункт ад ворага, бо вёска знаходзілася на важнай магістралі, якая вяла на Гродна. Быў распрацаваны спецыяльны план аперацыі. Начальнік штаба партызанскага руху Беластоцкай вобласці генерал Філіп Капуста загадаў камандзіру аднаго з партызанскіх атрадаў узяць Бершты і трымаць да падыходу савецкіх войскаў. Але аказалася, што немцы ўжо пакінулі вёску, таму шлях быў адкрыты для наступлення. Перадавыя часці ўступілі ў Бершты, а затым рушылі далей на захад.
Вось якой аўтар убачыў тады вёску: «Там, дзе да вайны была школа, немцы размясцілі сваё ўпраўленне, двор абнеслі драўлянай сцяной з адтулінамі для амбразур, на ўскрайку была вышка, з якой немцы назіралі за вёскай і подступамі да яе. Бальніцу пераўтварылі ў жандармерыю. Там, дзе раней лячылі людзей, немцы білі і катавалі мірных жыхароў...»
Калі я сёння думаю пра гэта, становіцца жахліва. Страшна нават уявіць, як людзі ішлі праз вайну з такім грузам вялікіх страт...
Маргарыта Ушкевіч
Фота аўтара
Пісьмы, фрагменты з кнігі «Партызанскі край» і з архіва сям'і.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/arhiu
[5] https://zviazda.by/be/tags/listy
[6] https://zviazda.by/be/tags/fotazdymki
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryi