Выданні і журналісты Выдавецкага дома «Звязда» — сярод пераможцаў і лаўрэатаў конкурсаў «Залатая літара» і «Залатое пяро».
Традыцыйна ў Дзень друку прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў ХVІІ Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара», заснавальнікам якога з'яўляецца Міністэрства інфармацыі. Сёлета на конкурс прадстаўлена 335 заявак перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў і персаналій у 25 намінацыях. Большасць заявак — 270 — з рэгіянальных СМІ, з рэспубліканскіх — 48, з карпаратыўных і гарадскіх — 17. Сярод пераможцаў конкурсу — і выданні РВУ «Выдавецкі дом «Звязда».
У намінацыі «Найлепшыя матэрыялы навуковай, навукова-папулярнай тэматыкі» пераможцам стаў грамадска-палітычны, навукова-папулярны экалагічны часопіс «Родная прырода». На працягу многіх гадоў выданне асвятляе пытанні аховы прыроды, захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, змянення клімату з удзелам навукоўцаў і спецыялістаў-эколагаў і прадстаўнікоў грамадскасці.
Дыплом лаўрэата ў намінацыі Гран-пры «Найлепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў» атрымаў праект «Дарогамі славы», рэалізаваны на старонках газеты «Звязда» да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
У намінацыі «Найлепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі» лаўрэатам стаў праект газеты «Звязда» «Жыві і квітней, Беларусь!», а сярод лаўрэатаў у намінацыі «Найлепшыя матэрыялы гісторыкакраязнаўчай тэматыкі» — праект «Ігуменскі тракт».
Матэрыялы дадатку газеты «Звязда» «Чырвонка. Чырвоная змена» былі адзначаны ў якасці лаўрэата ў намінацыі «Найлепшыя матэрыялы маладзёжнай, дзіцяча-юнацкай тэматыкі». Статус лаўрэата ў намінацыі «Найлепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця» атрымаў праект «Звязды» «Алімпіец».
Учора таксама былі падведзены вынікі творчага конкурсу Беларускага саюза журналістаў «Залатое пяро». Пераможцам у намінацыі «Найлепшая работа ў галіне фотажурналістыкі, дызайну» стаў загадчык аддзела фотаілюстрацый Выдавецкага дома «Звязда» Анатоль Кляшчук (на фота) з праектам «Вытокі малой радзімы»
Таксама да прафесійнага свята шэраг супрацоўнікаў Выдавецкага дома «Звязда» атрымалі ганаровыя граматы і падзякі ад Міністэрства інфармацыі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/zalataya-litara
[4] https://zviazda.by/be/tags/zalatoe-pyaro
[5] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2