У Гродне прадаўжаецца даследаванне палаца на тэрыторыі Старога замка. У раёне былога ўвахода ў касу музея археолагі знайшлі падлогу XVI стагоддзя, паведамілі [1] БелТА ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама.
Фатаграфіі знаходкі размешчаны [2] ў групе ў Facebook, прысвечанай Старому замку.
Апошнім часам у замку актыўна праводзяцца комплексныя навуковыя даследаванні. «Іх вынікі будуць узяты за аснову пры прыняцці праектных рашэнняў па другой чарзе рэканструкцыі Старога замка. Работа над праектам ужо вядзецца», — падкрэслілі ва ўпраўленні. У прыватнасці, прадаўжаюцца археалагічныя даследаванні як уздоўж фасада палаца, так і ўнутры яго.
Дарэчы, раней былі праведзены зандажы звонку і ўнутры будынка. Аб выніках расказалі на навуковай канферэнцыі ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі ў канцы красавіка. Пытанні рэканструкцыі замка тады разгледзелі і на аснове інвентароў XVІI-XVIII стагоддзяў.
Рэканструкцыя аднаго са старэйшых замкаў Беларусі пачалася ў 2017 годзе і вядзецца ў некалькі этапаў. Першая чарга ўключае, у прыватнасці, будаўніцтва мернай хаты, сярэдняй вежы і камяніцы, а таксама пракладку неабходных камунікацый. Ужо летам, як чакаецца, галоўная экспазіцыя Старога замка ў Гродне пачне прымаць наведвальнікаў.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/u-grodzenskim-starym-zamku-arheolagi-znajshli-u-palatsy-padlogu-xvi-stagoddzja-99579-2021/
[2] https://www.facebook.com/groups/292753948284873
[3] https://zviazda.by/be/tags/stary-zamak
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[5] https://zviazda.by/be/tags/znahodka
[6] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya