Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду па пытаннях удасканалення заканадаўства аб дзяржаўнай службе. Удзел у ёй прымаюць кіраўнікі ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, спікеры дзвюх палат парламенту, дзяржсакратар Саўбеза, міністры працы і сацыяльнай абароны і фінансаў.
Інстытут прафесійнай дзяржаўнай службы створаны ў Беларусі 28 гадоў таму і ў цяперашні час яшчэ функцыянуе на падставе закона 2003 года. Абноўлены прававы акт дэпутаты прынялі ў першым чытанні летась у снежні. Перад другім чытаннем навелы чарговы раз абмеркавалі на нарадзе з кіраўніком краіны. Дарэчы, сустрэча на гэтую тэму ў Палацы Незалежнасці ўжо другая па ліку — абнаўленні ў закон аб дзяржаўнай службе абмяркоўваліся ў студзені 2019 года. У рабоце былі задзейнічаны навуковая, дэпутацкая і экспертная супольнасці. Патрабаванні з таго часу да закона засталіся нязменныя — замацаваць сацыяльна-прававыя гарантыі, зрабіць дзяржаўную службу накшталт вайсковай, выпрацаваць выразныя і вычарпальныя патрабаванні да яе праходжання, павысіць імідж дзяржаўнага кіравання.
Функцыянуе выразна і зладжана
«Да гэтага пытання (дзяржаўнай службы — „Зв.“) мы падыходзілі і раней, інфармавалі пра гэта наша грамадства. Тады мы дамовіліся, што распрацуем канчатковы праект закона і прымем адпаведны закон», — пачаў Прэзідэнт.
Па яго словах, дзяржаўная служба з’яўляецца найважнейшым грамадскім інстытутам, ад эфектыўнасці якога наўпрост залежыць паспяховае развіццё краіны, павышэнне якасці і ўзроўню жыцця грамадзян.
«Мы ў апошнія часы вельмі часта гаворым пра ўдасканаленне дзяржаўнага кіравання. Якраз людзі, што будуць занятыя на дзяржаўнай службе, і будуць ажыццяўляць гэтае дзяржаўнае кіраванне. За мінулыя больш чым чвэрць стагоддзя з моманту набыцця незалежнасці нам удалося выбудаваць дакладную вертыкаль улады, сфарміраваны кампактны дзяржаўны апарат, забяспечана неабходная выканаўчая дысцыпліна», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Будуць кадры – будзе працаваць сістэма
Па яго словах, нават у самых няпростых сітуацыях сістэма дзяржаўнага кіравання функцыянуе выразна і зладжана. Лепшым прыкладам гэтаму з’яўляецца кансалідацыя дзяржслужачых і іх дзейнасць ва ўмовах мінулага года.
«Зноў жа звяртаемся да таго вопыту. Гэта была лакмусавая папера. Таму ўсе павінны разумець, што на цяперашнім этапе размова не ідзе аб кардынальным зломе старой сістэмы і нават не аб кардынальным рэфармаванні дзяржаўнай службы. Асноўная наша задача па праекце гэтага закона — надаць імпульс далейшаму развіццю сучаснай сістэме дзяржаўнай службы», — падкрэсліў кіраўнік краіны.
Ён лічыць, што самае важнае ў гэтай сувязі — кадры і трэба прыцягнуць у дзяржапарат не проста кваліфікаваных і мэтанакіраваных спецыялістаў, здольных аператыўна вырашаць важныя задачы, а «дзяржаўных» людзей.
«Нам патрэбныя сапраўды „дзяржаўныя“ людзі. Будуць кадры — тады і сістэма будзе працаваць. Паступаючы на службу, чалавек павінен разумець, што яго галоўны абавязак — служыць краіне і беларускаму народу. Таму асаблівае значэнне набывае маральна-этычнае аблічча дзяржаўнага служачага, яго паводзіны як на працы, так і ў побыце», — заўважыў Прэзідэнт.
“Значок” не просты атрыбут
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да спікераў палат парламента Уладзіміра Андрэйчанкі і Наталлі Качанавай з даручэннем прадугледзець законам, каб кожны дзяржслужачы ў звычайным жыцці выдзяляўся нейкім атрыбутам. Як прыклад, значок. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пасля распаду Савецкага саюза, насіць дэпутацкі значок было «не з рукі», але ён сам гэты атрыбут не пакідаў.
«Чаму я кажу, што неабходна, каб дзяржаўны служачы выдзяляўся ў натоўпе? Народ павінен бачыць — гэта дзяржаўны чалавек, як ваенныя. Я на гэтым настойваю, таму што да міліцыянера і да ваеннага ў выпадку чаго, чалавек адразу звернецца за дапамогай, ці з нейкім пытаннем. Так і тут», — падзяліўся меркаваннем кіраўнік краіны.
Паводле яго слоў, па значку звычайны чалавек можна вызначыць у горадзе дзяржаўнага служачага і звярнуцца да яго са скаргай ці за падтрымкай.
Пра “пернікі” дзяржслужбы
Кіраўнік краіны працягнуў, што забяспечыць высокі статусу і прэстыжнасць прафесіі немагчыма без замацавання пакета сацыяльна-прававых гарантый. Аднак гэтыя гарантыі павінны строга суадносіцца з абавязкамі і адказнасцю кожнага супрацоўніка.
«І тут не павінна быць перахлёсту: калі я дзяржаўны служачы, то растапырыў пальцы. Ён павінен быць сціплым, сумленным чалавекам і ў плане матэрыяльнага забеспячэння. Дзяржслужачы гэта не значыць, што заробкі ў 10 разоў вышэй, але павінна быць усё», — канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік краіны выказаўся, што сам не прыхільнік меркавання: калі даць вялікія заробкі дзяржслужачаму, ён перастане спакушацца на хабар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пытанне аб статусе Дзяржаўных служачых абмяркоўвалася падчас Усебеларускага народнага сходу ў лютым 2021 года. «Статус дзяржаўнага служачага падымецца высока, але і патрабаванні будуць адпаведныя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Адпавяданне патрэбам дзяржавы
Для вырашэння задач па ўдасканаленні заканадаўства аб дзяржаўнай службе на працягу некалькіх гадоў вялася работа над новым законам «Аб дзяржаўнай службе». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў распрацоўку гэтых нормаў была ўключана ўся грамадскасць, практычна ўся краіна, людзі выказвалі свае меркаванні і прапановы ад парламентарыяў да вучоных. У снежні 2020 года адноўлены Закон быў прыняты парламентам у першым чытанні.
«Да яго разгляду ў другім чытанні мы дамовіліся абмеркаваць яшчэ раз ключавыя палажэнні гэтага дакумента разам з падрыхтаванымі ў яго развіццё праектамі ўказаў. І ўжо меркаваннямі дэпутатаў і людзей, якія пасля яго прыняцця ў першым чытанні звярталіся да гэтага праекту. Нам трэба быць абсалютна ўпэўненымі ў правільнасці зададзеных кірункаў развіцця дзяржаўнай службы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Галоўным пытаннем нарады Прэзідэнт назваў пытанне аб тым, наколькі новы Закон адпавядае бягучым і перспектыўным патрэбам дзяржавы і грамадства? Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся падыходамі для дасягнення балансу дысцыпліны, адказнасці дзяржслужачых і павышэння прэстыжу дзяржаўнай службы.
Галоўнае – прафесіяналы
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка адзначыў, што дзеючы закон аб дзяржаўнай службе быў прыняты ў 2003 годзе, але змены, якія адбыліся ў свеце, выклікі, якія ставіць перад дзяржавай час, пытанне ўдасканалення дзяржаўнай службы актуальнае як ніколі.
«Падзеі мінулага года паказалі, што выбудаваная сістэма дзяржаўнага кіравання эфектыўная і моцная. Але не менш моцныя большыя ў апошнія гады пагрозы і рызыкі, якія патрабуюць прыняцця адпаведных мер для абароны нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту», — адзначыў ён.
Ігар Сяргеенка нагадаў, што створаная па даручэнні Прэзідэнта рабочая група на пляцоўках Савета Рэспублікі, Адміністрацыі Прэзідэнта, Акадэміі кіравання неаднаразова абмяркоўвала новую рэдакцыю закона аб дзяржслужбе і распрацаваных у яе развіццё праектаў указаў.
«Заканадаўчыя навелы накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў, прэстыжу дзяржаўнай службы і якасці падбору дзяржаўных служачых», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Па яго словах, нязменным прынцыповым патрабаваннем да сістэмы застаецца тое, што ў ёй павінны працаваць выключна прафесіяналы, адданыя сваёй краіне.
Каментарый у тэму
Падрабязнасці нарады ў Прэзідэнта журналістам расказаў Старшыня Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка.
«Сутнасць зводзіцца да павышэння якасці работы»
Па яго словах, змены ў Закон выкліканы зменамі, якія адбыліся ў свеце і ў краіне з 2003 года, калі быў прыняты Закон «Аб дзяржаўнай службе».
«Мы бачылі, як летась дэструктыўнымі сіламі прымаліся спробы расхістаць дзяржаўны лад у нашай краіне, пахіснуць веру ў служачых дзяржапарата. Нягледзячы на ўсе выклікі і пагрозы, якія існуюць сёння ў свеце, вакол і ўнутры краіны, наш апарат паказаў сваю згуртаванасць, сваю гатоўнасць супрацьстаяць гэтым выклікам», — адзначыў ён.
Тры гады рабочая група вяла работу па зменах у дакумент, які рэгулюе дзяржаўную службу ў краіне. Як падкрэсліў Ігар Сяргеенка, па сутнасці, гэта будзе новы закон.
«Падрыхтаваны новы праект закона і некалькі указаў. Сутнасць зводзіцца да павышэння эфектыўнасці работы дзяржаўных органаў, павышэння якасці адбору на працу ў дзяржаўныя органы і павышэнне прэстыжу дзяржаўнай службы», — канстатаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
«Павышаецца патрабавальнасць да чыноўнікаўW
Ігар Сяргеенка расказаў журналістам, якія асноўныя навацыі будуць адлюстраваны ў абноўленым Законе. У першую чаргу — сістэматызацыя ўсёй дзяржаўнай службы ў краіне. «Мяркуецца, што будуць ўведзены тры віды службы: дзяржаўная грамадзянская служба, ваенная служба, якая сёння існуе і служба ў ваенізаваных арганізацыях: МУС, МНС, Следчы камітэт, Дэпартамент фінансавых расследаванняў, Камітэт дзяржаўнага кантролю. Адпаведна закладваюцца агульныя прынцыпы і патрабаванні да дзяржаўных чыноўнікаў. Уніфікуюцца падыходы да вызначэння класнасці, званняў, чыноў. Зразумела, што ўводзяцца і нейкія новыя патрабаванні. Яны зводзяцца да павышэння попыту да канкрэтных людзей, якія будуць працаваць на дзяржаўнай службе па прыкладзе ваеннай службы», — растлумачыў ён.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што дзяржаўны служачы павінен быць патрыётам сваёй краіны і, вядома, прафесіяналам. «Уводзіцца новы прынцып — ацэнка эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўнага служачага. Не трэба лічыць, што сутнасць закона зводзіцца да таго, што ён будзе даваць нейкія прэферэнцыі або льготы. Напэўна, у большай ступені, павышаецца патрабавальнасць да дзяржаўных чыноўнікаў. Прадугледжваецца ў якасці дадатку да закона ўвядзенне правілаў службовай этыкі на службе і ў пазаслужбовы час. Дзяржаўны служачы павінен быць прыкладам для ўсіх грамадзян нашай краіны», — канстатваў ён.
Ігар Сяргеенка расказаў, што будуць перагледжаны сацыяльна-прававыя гарантыі ў выпадку накіравання ў іншую мясцовасць, жыллёвыя пытанні, пытанні навучання. Змены закрануць падлік стажу дзяржаўнай службы. Але, па словах, старшыні Адміністрацыі Прэзідэнта, фундаментальных змен не плануецца. «Закон ствараецца не на роўным месцы. У ім развіваюцца тыя нормы, якія закладзены ў дзеючым законе», — адзначыў ён.
Будзе перагледжаны шэраг палажэнняў Закона, якія патрабуюць карэкціровак. Работа пакуль не завершана, яна працягваецца і ў дэпутацкім корпусе, і на ўзроўні экспертнай супольнасці і сярод дзяржаўных служачых.
Марыя ДАДАЛКА
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/prezident
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunaya-sluzhba
[7] https://zviazda.by/be/tags/narada
[8] https://zviazda.by/be/tags/prezident