Многія мінчане пачалі прыводзіць у парадак могілкі сваіх родных і блізкіх. Але традыцыйна шмат людзей збіраецца там менавіта на Радаўніцу, што часам не абыходзіцца без дробных праблем і непаразуменняў. Каб звесці іх да мінімуму, мясцовыя ўлады сталіцы загадзя правялі папярэднюю работу.
Як паведамілі ў Мінгарвыканкаме, тэме Радаўніцы была прысвечана спецыяльная нарада з прадстаўнікамі зацікаўленых службаў. Іх кіраўнікі далажылі аб тым, што ўсе могілкі, як у горадзе, так і за яго межамі, пэўным чынам падрыхтаваны і добраўпарадкаваны, а там, дзе трэба, зроблены рамонт, забяспечаны вадой і кантэйнерамі для смецця, вызначаны месцы для продажу кветак. Паўсюдна будзе наладжаны пракат інвентару для прыбірання могілак, каб людзі не везлі з сабой лапаты, шуфлікі, мяцёлкі і іншыя прылады.
Каб не ўзнікала недарэчнасцяў з транспартам, мясцовыя ўлады сталіцы прадумалі і гэта пытанне. Ёсць адпаведная дамоўленасць з ДАІ аб кантролі за рухам да могілак. Туды, дарэчы, на Радаўніцу ўезд аўтамабіляў будзе бясплатны. Падрабязную інфармацыю пра маршруты грамадскага транспарту да могілак з 8 да 11 мая можна знайсці на сайце гарвыканкама.
Леанід Тугарын
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-tugaryn
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/radaunica
[4] https://zviazda.by/be/tags/mingarvykankam