Першы нацыянальны канал Беларускага радыё абнародаваў вынікі Х Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі». Прызёрамі юбілейнага спаборніцтва сталі 144 фіналісты.
Варта адзначыць, што два туры творчага конкурсу прайшлі ў красавіку ў дыстанцыйным фармаце, а фінальны трэці тур даў магчымасць арганізатарам і журы праслухаць ужывую выкананне ўдзельнікаў-салістаў вакальных і інструментальных твораў у студыі Дома радыё. У калектыўных харавых, аркестравых і ансамблевых намінацыях фінальны тур праходзіў анлайн. Увогуле, сёлетні Х творчы радыёконкурс стаў найбольш маштабным за ўсю гісторыю свайго існавання, паколькі сабраў 632 заяўкі ад удзельнікаў з усёй Беларусі.
Рашэннем журы Гран-пры «Маладых талентаў Беларусі» прысуджаны пяці ўдзельнікам праекта ў розных намінацыях. Сярод пераможцаў: Валерыя Шманай (Жодзіна), Вікторыя Янушкевіч (Ракаў), народны хор «Радзейка» (Гомель), народны ансамбль цымбалістаў «Лілея» (Брэст) і народны духавы аркестр УА «МДМК імя Агінскага» (Маладзечна). Акрамя таго, 76 салістаў і калектываў прызнаны лаўрэатамі І, ІІ і ІІІ ступеняў, а 63 удзельнікі ўдастоіліся спецыяльных дыпломаў праекта.
З поўным спісам пераможцаў можна азнаёміцца на сайце Першага нацыянальнага радыё альбо на тэлеграм-канале «Радыё_1». Усе пераможцы атрымалі памятныя ўзнагароды, а таксама права на ратацыю ў эфіры галоўнага радыёканала краіны.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/maladyya-talenty-belarusi-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/radyyo1
[5] https://zviazda.by/be/tags/pershy-nacyyanalny-kanal-belaruskaga-radyyo