Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу, выйшла ў фінал буйнога турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 2,5 млн еўра.
У паўфінале Арына Сабаленка сустракалася з расіянкай Настассяй Паўлючэнкавай (41-ы нумар рэйтынгу WTA) і ўпэўнена выйграла ў двух сэтах — 6:2, 6:3. Матч працягваўся 1 гадз 5 мін. У вырашальным паядынку 8 мая саперніцай беларускі будзе першая ракетка планеты аўстралійка Эшлі Барці. Нядаўна яны сустракаліся ў фінале турніру ў нямецкім Штутгарце, і тады поспех быў на баку аўстралійскай тэнісісткі.
У першым раўндзе спаборніцтваў у іспанскай сталіцы Арына Сабаленка перамагла расійскую тэнісістку Веру Званарову (114) — 6:1, 6:2, затым узяла верх над яшчэ адной расіянкай Дар’яй Касаткінай (37) — 6:3, 6:3, у 1/8 фіналу абыграла амерыканку Джэсіку Пегулу (33) — 6:1, 6:2, а ў чвэрцьфінале была мацнейшай за бельгійку Элізэ Мертэнс (16).
У 1/8 фіналу турніру ў французскім Сен-Мало (прызавы фонд — $115 тыс.) беларуска Аляксандра Сасновіч (92) перамагла славенку Тамару Зіданшэк (80) — 7:6 (7:3), 6:3. У чвэрцьфінале саперніцай беларускай тэнісісткі будзе прадстаўніца Швейцарыі Вікторыя Галубіч (84).
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/tenis
[2] https://zviazda.by/be/tags/aryna-sabalenka
[3] https://zviazda.by/be/tags/aryna-sabaleka