Беларусь атрымала ўласную вакцыну ад COVID-19. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае БЕЛТА [1].
Лукашэнка нагадаў: калі ён заяўляў аб намеры Беларусі вырабіць сваю вакцыну, то былі чуваць галасы крытыкаў, што гэта вельмі складана або нават немагчыма. «У прабірцы мы ўчора атрымалі сваю вакцыну — беларускую. Іншую, якая адрозніваецца ад таго, што мы сёння купляем. Як урачы называюць, жывую вакцыну», — расказаў ён.
«Мы не спяшаемся. Мы паглядзім, што будзе паслязаўтра, калі зменіцца хвароба. Таму што штам будзе зусім іншы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу на адсутнасць гарантыі, што цяперашнія вакцыны будуць у далейшым дапамагаць ад новых мутацый віруса. «У нас сёння ёсць вакцыны, якія працуюць. Па расійскіх тэхналогіях, кітайскія купілі. А заўтра мы сваю вакцыну, якая ў прабірцы ўжо, прыстасуем да таго штама, які мы будзем мець. Хто яго ведае, як жыццё складзецца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/president/view/belarus-atrymala-ulasnuju-vaktsynu-ad-covid-19-99626-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vakcyna-ad-karanavirusa
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka