Нацыянальны медыяплэер дапаможа прыцягнуць максімальную ўвагу аўдыторыі да радыё, сказаў галоўны рэдактар «Радыё МІР», выканаўчы дырэктар Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання Аляксей Адашкін на прэс-канферэнцыі, перадае БЕЛТА [1].
Звяртаючыся да калег, ён адзначыў, што яны сумесна могуць стварыць нацыянальны медыяплэер. «Шмат хто з нашых радыёстанцый маюць уласную праграму ў інтэрнэце, але калі мы зробім агульную глабальную беларускую нацыянальную платформу, дзе будуць прадстаўлены ўсе радыёстанцыі, у тым ліку і рэгіянальныя, то мы зможам прыцягнуць максімальную ўвагу нашай аўдыторыі і да радыё, і да гэтай платформы. У Расіі і Украіне такія платформы зусім нядаўна былі рэалізаваны», — падкрэсліў Аляксей Адашкин.
«У мінулым годзе мы стварылі Асацыяцыю індустрыі радыёвяшчання. Хочацца адзначыць, што радыё Беларусі — гэта дастаткова высокаканкурэнтнае асяроддзе, у адным толькі Мінску 23 радыёстанцыі, у Гомелі — 21, у Брэсце, Гродне і Магілёве — па 16. І кожная з іх лічыць сябе найлепшай і імкнецца прыцягнуць як мага больш слухачоў, рэкламадаўцаў. Мне здаецца, што сярод беларускіх СМІ радыё развіваецца вельмі дынамічна з-за вялікай канкурэнцыі. У мінулым годзе з’явіўся Clubhouse, але нават ён не змог перамагчы наша радыё як сродак масавай інфармацыі. І ўсе сучасныя тэндэнцыі, у тым ліку максімальнае выкарыстанне інтэрнэту, анлайн-платформаў, мы як СМІ можам выкарыстоўваць менавіта ў сваю карысць і станавіцца лепш», — дадаў выканаўчы дырэктар.
Дырэктар «Радыус FM» Алена Трашчынская падтрымала ідэю стварэння нацыянальнага медыяплэера. «Я думаю, што гэта пісьменнае рашэнне. У ХХІ стагоддзі мы павінны прысутнічаць не толькі ў радыёпрымачах, але і на ўсіх даступных пляцоўках. Гэта будзе зручна для любога слухача з любой прылады: смартфона, планшэта, камп’ютара. Да таго ж усе радыёстанцыі будуць сабраны ў адным месцы», — звярнула ўвагу яна.
У сваю чаргу дырэктар Energy FM Юрый Цароў падзяліўся нямецкім вопытам. «З 2014 года падобныя глабальныя радыёплэеры ёсць у Еўропе: зарадзіўся ён у Брытаніі, затым з’явіўся ў Германіі, Аўстрыі, Ірландыі. Сам радыёплэер з’яўляецца бясплатным, ніхто з спажыўцоў не плаціць за запампоўку дадатку. Станцыі самі падзяляюць гэты бюджэт — штогод плацяць нейкія невялікія ўнёскі на платформу, якая павінна падтрымліваць іх тэхнічна. У той жа Германіі гэта праграма працуе ў электронных кнігах і смарт-TV. Акрамя таго, яны такім чынам падымаюць цікавасць да рэгіянальных радыёстанцый. Напрыклад, калі чалавек едзе на іншы канец краіны, то праз гэты плэер можа атрымліваць навіны з свайго роднага горада», — распавёў Юры Цароў.
Прэв'ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/radyyo