Прэзідэнт Беларусі напярэдадні Дня Перамогі ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прамыслоўцам, будаўнікам, транспартнікам, аграрыям, інжынерам, педагогам, дзеячам культуры і афіцэрам Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Прэзідэнт у пачатку сваёй прамовы адзначыў, што з узнагароджанымі сустракаецца напярэдадні самага святога для беларусаў свята — Дня Перамогі, таму ў гэтыя дні цырымонія ўшанавання лепшых працаўнікоў краіны напаўняецца асаблівым сэнсам: франтавы подзвіг савецкіх салдат быў бы немагчымы без тытанічнай працы ў тыле. «Аб гэтым мы заўсёды павінны памятаць і гаварыць новым пакаленням, якія ідуць за намі, бо хто былі гэтыя людзі, якіх мы сёння называем працаўнікамі тылу? У асноўным жанчыны, старыя і падлеткі. Гэта на іх плечы лёг увесь цяжар працы ў палях і на заводах.
Людзі ваеннага пакалення здзейснілі немагчымае: змаглі ў сціснутыя тэрміны эвакуіраваць тысячы заводаў на ўсход і наладзіць вытворчасць снарадаў, танкаў і самалётаў», — сказаў кіраўнік краіны. Ён працягваў, што працаўнікі літаральна жылі ў цэхах, працавалі на знос, адрывалі ад сябе апошняе, каб салдат нашай арміі быў узброены, сыты, апрануты і абуты. «Пасля вайны заходняя прэса прадракала нашай краіне не менш чвэрці стагоддзя на поўнае аднаўленне. Але наша старэйшае пакаленне адбудавала гарады і вёскі прыгажэй ранейшага за дзве пяцігодкі. Узвялі ў тым ліку фабрыкі і заводы, працоўныя калектывы якіх вы сёння прадстаўляеце і якімі ганарыцца Беларусь — БелАЗ, МТЗ, Мінскі маторны завод, аднавілі „Гомсельмаш“. Так, гэта ўжо мы з вамі іх мадэрнізавалі, абнавілі абсталяванне і ўкаранілі новыя тэхналогіі, але асновы і традыцыі заклалі нашы бацькі і дзяды, стварылі цэлыя школы, якія не могуць паўтарыць іншыя краіны», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Напярэдадні Дня Перамогі ён падзякаваў усім ветэранам вайны і працы за франтавыя і працоўныя подзвігі. Паводле думкі Прэзідэнта, нельга параўноўваць маштабы падзей ваеннай пары з тымі выклікамі, перад якімі стаім сёння, аднак некаторыя аналогіі напрошваюцца.
«Тады было прасцей, фронт адзін. Супраць іх — іншы фронт. Усякага кшталту негадзяі былі адзін перад адным. Сёння існуюць байцы нябачнага фронту. Мы іх не бачым. Яны глыбока схаваны і дзейнічаюць іезуіцкімі метадамі. Якіх мы часам не ведаем і нас прыходзіцца адстройваць на маршы», — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка працягнуў, што на фоне сусветнай ковіднай пандэміі ў наша грамадства спрабавалі ўкараніць яшчэ адзін вірус, вірус самаразбурэння.
«Але большасць беларусаў добра разумеюць, нашчадкамі якога гераічнага пакалення з’яўляюцца. І забраць у нас права свабодна жыць і працаваць у роднай краіне ніхто і ніколі не зможа, — заявіў Прэзідэнт. — Я ўдзячны кіраўнікам працоўных калектываў, перад усім горадам за тое, што ў мінулым годзе яны хутка разабраліся, у якую прорву нас зноў хацелі сапхнуць».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што высновы зрабілі — галоўнай апорай дзяржавы быў і заўсёды будзе чалавек працы: рабочы, аграрый, інжынер, канструктар, кіраўнік, хто заняты ў рэальным сектары эканомікі. «Таму я шмат разоў казаў і паўтару зноў: аснова нашай дзяржаўнасці, паспяховага развіцця краіны і росквіту народа — нястомная стваральная праца на агульнае дабро. Толькі праца зможа нам забяспечыць і тую незалежнасць, і суверэнітэт, пра якія мы часам кажам, не разумеючы сутнасці і кошту гэтага. Толькі праца. У інтэрнэце можна зарабіць толькі, калі вырасцеш на зямлі, на фабрыцы, на заводзе.
«Гэта аксіёма, якую павінен з дзяцінства ведаць любы беларус, нацэлены на прафесійны поспех. Так, як гэта ведаеце і разумееце вы. Людзі, для якіх стварэнне стала сэнсам і справай усяго жыцця», — сказаў кіраўнік краіны. Ён пералічыў, хто годны дзяржаўных узнагарод — прамыслоўцы, будаўнікі, транспартнікі, працаўнікі вёскі, інжынеры, педагогі, дзеячы культуры, а таксама цэлая група доблесных афіцэраў Камітэта дзяржаўнай бяспекі, якія робяць усё, каб нашы грамадзяне маглі спакойна жыць, працаваць і гадаваць дзяцей пад мірным небам.
«Заўсёды ў жыцці бывае, калі наступае перыяд, калі чалавек у пагонах павінен паказаць народу, што ён не дарма есць хлеб, што яму недарма выплачваюць зарплату. І павінен сказаць, што яны аказаліся на вышыні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта, за якія заслугі сёння ўшаноўваюць афіцэраў тлумачыць асабліва не трэба — гэтыя падзеі дзякуючы СМІ яшчэ ва ўсіх на слыху.
«Шчыра рады, што маю магчымасць асабіста падзякаваць усім вам за значны ўклад у развіццё нашай Беларусі. Хай урачыстая атмасфера, якая пануе ў гэтай зале, натхніць вас на новыя здзяйсненні, а вашыя поспехі будуць прыкладам для іншых. Перш за ўсё для энергічнай, творчай, амбіцыйнай моладзі», — сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што прысутныя нават не ўяўляюць, што значыць для яго гэтая цырымонія ўзнагароджання. «У мяне, напэўна, іх не сотні, тысячы ўжо былі ў прэзідэнцкім жыцці. Я разумею ваша хваляванне, у гэтым уся асаблівасць, я падсілкоўваюся вашай, можна сказаць, вашай энергіяй, талентамі, ведамі, і ў мяне перад вачыма літаральна некалькі секунд, імгненні пралятаюць, нейкая маленькая гісторыя, гісторыя вашага жыцця. І прабачце мяне, я ўжо раблюся нейкім гаспадаром, уладальнікам гэтых секунд вашага жыцця, вашай гісторыі. У гэтым асаблівасць для мяне вось такіх цырымоній, здавалася б сумных, пратакольных», — заявіў кіраўнік краіны.
Прэзідэнт нагадаў, што ў апошні час занадта шмат гаворыцца пра небяспекі, якія блукаюць вакол нас, але ён папярэджваў, як толькі з’явілася пандэмія. «Свет яшчэ не вельмі разабраўся ў сітуацыі, адкуль яна пайшла, навошта яна прыйшла, хто ў гэтым мае рацыю, хто вінаваты. І паверце, ніколі не разбярэцца. Таму, як бачыце, я асабліва не акунаюся ў гэтую прастору і не ўдзельнічаю ў высвятленні, хто вінаваты, гэта не наша функцыя. І яшчэ таму, што мы ніколі ў гэтым не разбяромся. Ніколі. Але засцерагчы мы сябе павінны», — сказаў кіраўнік краіны.
Адзначыў ён: папярэджваў і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў што пачнецца перадзел свету. І ён пачаўся і працягваецца вельмі актыўна.
«Я часта казаў, паважаныя сябры: свет ашалеў. Як і вы, я чалавек дасведчаны ў палітыцы, я бачыў многае, бачыў страшнае, бачыў добрае. Бачыў забойства маіх сяброў-прэзідэнтаў, таму што яны не былі згодныя з тым курсам, які праводзіўся ў свеце. Я ўсяго гэтага нагледзеўся і магу зрабіць адпаведныя высновы: нам трэба як ніколі быць адзінымі і трымацца адно за аднаго», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
З першых вуснаў
«Гэта не падвойныя стандарты, гэта вайна»
Пасля ўрачыстай цырымоніі Прэзідэнт адказаў на пытанні свайго пулу журналістаў. Рэпарцёры пацікавіліся праўдзівасцю чутак пра адмену выплат ветэранам, стаўленнем кіраўніка краіны да несяброўскіх заяў еўрапейскіх дзеячаў і праблемамі вакцынацыі насельніцтва.
Ветэраны — наша аснова
Напярэдадні Дня Перамогі ў пэўных крыніцах стала з’яўляцца інфармацыя, што дзяржава адмовілася ад выплат ветэранам да свята. Журналісты папрасілі Аляксандра Лукашэнку пракаментаваць гэта. Прэзідэнт падкрэсліў: дзяржава як падтрымлівала ветэранаў, так будзе гэта рабіць і ў далейшым.
«Мы штомесяц ім даплачваем і падтрымліваем. І гэта няпраўда, што мы іх разава не падтрымаем: у нас тры выплаты штомесяц і разавыя ёсць выплаты. І мы вылучылі немалыя сродкі, каб падтрымаць удзельнікаў вайны, блакаднікаў Ленінграда, працаўнікоў тылу і іншых — каля 65 мільёнаў рублёў выдзелена. І гэтыя разавыя выплаты ўдзельнікі вайны абавязкова атрымаюць да Дня Перамогі», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, чуткі распаўсюджвацца з-за таго, што апазіцыя спрабуе зачапіцца за любую магчымасць дыскрэдытаваць уладу. Пасля гэтага нават пачалі гучаць заклікі збіраць грошы на выплаты ветэранам.
«Гэта ўжо якое абяцанне пасля канца мінулага года? Яны ўсе абяцаюць і абяцаюць: пратэстунам, забастоўшчыкам, пацярпелым. Каму далі? Сапраўды гэтак „дадуць“ і цяпер», — сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама заўважыў, што прадстаўнікі апазіцыі з’ехалі за мяжу толькі з адной мэтай: перахапіць там фінансавыя патокі, якія ідуць у Беларусь для падтрымкі пратэстаў.
«Не трэба збіраць грошы нашым ветэранам. Ад іх яны грошы не возьмуць: гэта крывавыя грошы. Гэтыя людзі, якія ходзяць з палотнамі, здраднікі і калабаранты, для іх не сябры і не памочнікі. Гэта ўжо ад вар’яцтва і неразумнасці яны пачынаюць падобнымі справамі займацца. Трэба было, перш чым нешта зрабіць у гэтым плане, падумаць, а ці возьмуць ветэраны гэтыя грошы. У іх яны не возьмуць, нават калі будуць паміраць з голаду », — падкрэсліў кіраўнік краіны.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ветэраны — гэта наша аснова і пакуль яны жывыя, у нас ёсць адна магутная кропка апоры, каб захаваць нашу дзяржаву.
Ягадкі — яшчэ наперадзе
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па справе аб спробе мяцяжу ў Беларусі будуць апублікаваныя новыя факты. «Тое, што вы, журналісты з чэкістамі, правялі гэтыя аперацыі і людзям паказалі — кветачкі. Ягадкі яшчэ не паказаныя. Але мы пакажам іх, і вы жахнецеся ад таго, што вы ўбачыце», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што людзі, якія не разбіраюцца ў сітуацыі, не ўспрымаюць затрыманні сур’ёзна ды задаюцца пытаннем, як «нейкія філосафы, старыя — як яны маглі нешта здзейсніць?»
«Яны б і не рабілі гэта. А вось хто гэта планаваў рабіць (гэта мы ведаем), а хто выканаўца, мы вам пакажам. І яшчэ раз падкрэсліваю: вы проста жахнецеся ад гэтага», — дадаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, расійкія спецслужбы пахвалілі беларусаў за выдатную аперацыю: «Расіяне сказалі, што гэта бывае раз у жыцці спецслужбаў, каб далёка на подступах раскрыць падобную змову», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Я за выбары, якіх яны патрабуюць»
Наступнае пытанне журналістаў датычылася заяў у адрас Беларусі, зробленых на пасяджэнні міністраў замежных спраў G7. Кіраўнікі МЗС Групы сямі заклікалі ўлады краіны правесці новыя свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраннем.
Прэзідэнт расказаў пры якой умове ў Беларусі гатовы правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары — гэта будзе зроблена толькі паралельна з новымі выбарамі кіраўніка дзяржавы ў ЗША.
«Я за. Публічна пра гэта кажу. Я за выбары, якіх яны патрабуюць. Я перажыву ўсё, пераступлю праз тое, што мы незалежныя, суверэнныя. Я гатовы. Паралельна з амерыканцамі. Амерыканцы хай прызначаюць датэрміновыя выбары, і мы ў гэты ж дзень прызначым ў Беларусі выбары», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у ЗША ішла выбарчая кампанія па пошце, а бюлетэні за Дональда Трампа выкідвалі. «Яны выцерлі ногі аб дзеючага Прэзідэнта. Яны да гэтага часу яму ў „Твітэры“ не даюць слова сказаць. Яны тады яго заблакавалі. Які ж доступ да сродкаў масавай інфармацыі?» — абурыўся Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка асудзіў празмерную жорсткасць паліцэйскіх у ЗША і забойства адной з пратэстуючых.
«І я не хачу сказаць, што паліцыя ў Амерыцы няправільна дзейнічалі, абараняючы парламент — святыню амерыканскай дэмакратыі. Дык чаму мы тады няправільна дзейнічалі, абараняючы сваю краіну? І яны нам прапануюць датэрміновыя выбары. Паўтараю: я — за. Разам з амерыканцамі: яны накасячылі больш. І мы ж да гэтага часу ад Еўрапейскага саюза чакаем заключэння па іх дзеяннях у Амерыцы. Чаму ж еўрапейцы — такія дэмакраты — маўчаць? Таму што ў саміх рыльца ў пушку», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён упэўнены, што ЗША ніколі не пойдуць на перавыбары. «Я не магу ўявіць, каб мы па пошце галасавалі. Нас бы спаласавалі, мы б нават не паспелі прагаласаваць. Аб нас не проста ногі выцерлі б, нас бы проста парэзалі і парвалі. А ў іх гэта можна. Гэта не падвойныя стандарты, гэта вайна — на ўдушэнне, на тое, каб задушыць, забіць і каб мы ніколі не паднялі галавы», — выказаўся кіраўнік краіны.
«Толькі не немцам нас судзіць»
Адно з пытанняў да кіраўніка краіны датычылася заявы ў пракуратуру Германіі аб узбуджэнні крымінальнай справы у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
«Хай бы Вялікабрытанія ўжо там выступіла, Амерыка, Францыя, у кааліцыі ж былі. Але не спадкаемцы фашызму. Яны мяне будуць судзіць... Хто вы такія, каб мяне судзіць? За тое, што я абараняю вас і сваю краіну ?!» — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гаворка не ідзе пра тое, што хтосьці зараз прытрымліваецца ідэалогіі нацызму. «Я іх не папракаю. Але яны нашчадкі пакалення, якое развязала тую вайну», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
«У нас кожны трэці загінуў. А колькі яшчэ памерла ў першыя гады ад наступстваў гэтай вайны... Гэта нацызм, які разгарнуў тут генацыд беларускага, савецкага народа», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер вядзецца дзейнасць, каб падняць звесткі аб ваенных злачынствах тых гадоў на тэрыторыі Беларусі: «Як толькі наш генеральны пракурор пачаў гэта — лавіна лістоў, сведчанняў, просьбаў: дапамажыце, абараніце праўду пра тую вайну, пра дзядулю, бабулю. І мы пакажам гэта ўсяму свету».
Прэзідэнт дадаў, што калі ўжо яго судзіць, то трэба тады там жа судзіць і некаторых іншых еўрапейскіх і амерыканскіх лідараў. «Вось давайце па чарзе і мяне туды. І хай гэты дэмакратычны суд усіх асудзіць. Так у сябе яны калоды ў воку не бачаць, а ў нас штосьці знайшлі. Гэтага не будзе. Гэта дурная, імгненная палітыка. Дзе-небудзь, але толькі не немцам нас судзіць».
Ідэі без сутнасці
Прэзідэнт Беларусі заявіў, што нават еўрапейцы на Захадзе ўжо жахнуліся ад патрабаванняў асобных збеглых беларускіх апазіцыянераў. «Слухайце, еўрапейцы ўжо, якія супраць нас, яны жахнуліся ад таго, што гэтыя ад іх патрабуюць», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Паводле яго слоў, там не разумеюць, як можна прапаноўваць увесці жорсткія санкцыі ў дачыненні да сваёй жа краіны.
Аляксандр Лукашэнка таксама адрэагаваў на заклікі ў Дзень Перамогі выходзіць на вуліцы пратэстуючым: «Я адразу падумаў: а пад якімі сцягамі? Слухайце, сёння яны ўжо заявілі: пад чырвона-зялёнымі выходзіце. Дык а дзе тады ідэі, дзе тады сутнасць гэтай барацьбы? Ці вы што, бел-чырвона-белыя сцягі разгорнеце і пойдзеце да ветэранаў, помнікаў і гэтак далей? Таксама не ідэя. Яны ж разумеюць, што мы не зможам дапусціць, каб яны спаганілі гэтую Перамогу сцягамі здраднікаў. Куды вы людзей клічаце? » — задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Па яго словах, напружваць сітуацыю імкнуцца па прычыне фінансавання: «Ім у апошні час не проста намякнулі, а пачалі зрэзаць фінансаванне і кажуць: будуць акцыі (тыпу таго, забіць Прэзідэнта і іншае) — атрымаеце грошы. І называюць цану».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падзеі мінулага года не нешта новае. У тым ці іншым выглядзе перыядычна спрабавалі расштурхоўваць сітуацыю на працягу ўсяго прэзідэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. «І рабілі ўсё тыя ж людзі. Памятаеце, я казаў: няма ў нас новай апазіцыі. Гэтай проста заплацілі, нанялі. Там пяць тысяч у Бабарыкі было ў ініцыятыўнай групе, якія подпісы збіралі. Яны былі праплачаныя, — заўважыў кіраўнік краіны. — Але яны сёння зразумелі, што за гэтую капейку могуць страціць краіну і быць бядзе. Яны больш не палезуць і разумеюць, што мы адкажам і вельмі моцна адкажам».
Прэзідэнт расказаў, што ўсе планы змоўшчыкаў удалося выявіць дзякуючы не толькі дзейнасці спецслужбаў, але і інфармацыі звычайных грамадзян. Так адбылося і ў выпадку, калі ў Гомельскай вобласці шукалі склеп, куды змоўшчыкі планавалі схаваць сыноў Прэзідэнта. «Мярзотнікі поўныя. І людзі нас насцярожвалі — прыйдуць, скажуць, праз сваякоў і іншых сігнал дадуць. І мы пачыналі раскручваць. Гэта значыць нашы людзі малайцы. А, кажуць, іх няма. Ды не, нас шмат! Але нашы людзі не прывыклі крычаць», — сказаў Прэзідэнт.
«Мы ўчора атрымалі сваю вакцыну»
Беларусь атрымала сваю вакцыну ад COVID-19. Пра гэта паведаміў Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў: што многія не верылі ў магчымасці ў Беларусі вырабіць сваю вакцыну. «У прабірцы мы ўчора атрымалі сваю вакцыну — беларускую. Іншую, выдатную ад таго, што мы сёння купляем. Як лекары называюць, жывую вакцыну, — паведаміў ён. — Мы не спяшаемся. Мы паглядзім, што будзе паслязаўтра, калі зменіцца хвароба. Таму што штам будзе зусім іншы».
Прэзідэнт звярнуў увагу на адсутнасць гарантыі, што цяперашнія вакцыны будуць у будучыні дапамагаць ад новых мутацый віруса. «У нас сёння ёсць вакцыны, якія працуюць. Па расійскіх тэхналогіях, кітайскія купілі. А заўтра мы сваю вакцыну, якая ўжо ў прабірцы, прыстасуем да таго штама, які мы будзем мець. Хто яго ведае, як жыццё складзецца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў людзей сталага ўзросту зрабіць прышчэпку ад COVID-19. «Трэба старых засцерагчы. Я хачу, каб яны гэта зразумелі. Яны заўсёды мяне чулі, малайцы. Я проста прашу: трэба гэта зрабіць. Гэта значна меншая небяспека, у сто разоў менш, чым захварэць», — заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі на фоне пандэміі не паднялося на дыбы грамадства, і людзі не хлынулі на вуліцы з пратэстамі. «Спакойна мы лечым людзей», — рэзюмаваў ён.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/prezident
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunyya-uznagarody