Паэт і вайна... Трагічнае спалучэнне...
Але гэта няпраўда, што гарматы заглушаюць голас муз. У гісторыі беларускай літаратуры засталіся сотні твораў, напісаныя на франтах альбо ў партызанскіх атрадах. Літаратуразнаўцы падлічылі, што каля 250 нашых пісьменнікаў сталі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Але насамрэч лічба гэтая куды большая... Як падлічыць, колькі загінула талентаў, чые рукапісы зніклі, хто мог бы пазней напісаць цудоўныя вершы, паэмы, раманы, але застаўся невядомы? А тыя, хто выжыў, назаўсёды зрабілі вайну тэмай сваіх твораў.
Працытуем крытыка Варлена Бечыка, які згадваў загінулых на ваенных шляхах літаратараў: «Леаніду Гаўрылаву, Аркадзю Гейнэ, Аляксею Коршаку было па 23 гады, Уладзіміру Рагуцкаму — 24, Міколу Сямашку і Міколу Сурначову — па 27, Рыгору Жалезняку — 28, Андрэю Ушакову — 29... Алесю Жаўруку, Змітраку Астапенку, Рыгору Суніцы толькі перасягнула за трыццаць».
Давайце ўспомнім некалькі адметных вершаў, напісаных падчас ваенных падзей.
1. Жытнёвы рэквіем
У сваім апошнім лісце за 2 красавіка 1945 года, адпраўленым з фронту пад Берлінам, малады паэт Мікола Сурначоў пісаў бацькам: «Што будзе пасля — пабачым, аднак думаю, што новы ўраджай сустрэнем разам». Аднак пра 18 дзён у баях пад Берлінам паэт загінуў. І цяпер яго верш «У стоптаным жыце», напісаны на пачатку вайны, у 1941 годзе, на Заходнім фронце, можна лічыць прарочым. Непераўзыдзеная шчымлівасць і эпічнасць, здавалася б, простых радкоў залічылі гэты твор у лік шэдэўраў беларускай паэзіі.
У стоптаным жыце
Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да роднага гаю,
Да блізкага дому.
Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце —
Ёй не кажыце...
Заходні фронт, 1941 г.
2. Гімн Нёману
У 1943 годзе адбылася ўнікальная падзея: у партызанскай падпольнай друкарні, якая выпускала слуцкую партызанскую газету «Народны мсцівец», выйшаў паэтычны зборнік «Слуцкі пояс». Аўтарам быў паэт Анатоль Астрэйка. Ён працаваў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», неаднаразова яго закідвалі ў партызанскую зону роднай Беларусі. Аднойчы прыйшоў паэт у падпольную рэдакцыю, што знаходзілася на востраве Горнае ў Загальскіх балотах, і калі ў яго папрасілі верш для газеты, адказаў, што гатовы даць цэлы зборнік... Для афармлення кнігі выразалі застаўкі з дубовых і бярозавых чурак, паперу здабылі ў адным з баёў, замест фарбы былі вакса з сажай.
Што ж, паэзія Анатоля Астрэйкі сапраўды магла захапляць... Яшчэ ў 1941-м ён напісаў верш, прысвечаны роднаму Нёману. Сёння радкі з яго ведаюць усе, бо верш паклаў на музыку кампазітар Нестар Сакалоўскі, які, дарэчы, з'яўляўся і аўтарам Дзяржаўнага гімна БССР. Песня атрымалася на вякі, упершыню яе выканаў Мікалай Варвулёў у лютым 1955 года ў Маскве падчас Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры.
Праўда, тэкстам стаў той варыянт верша, які зроблены аўтарам у 1946 годзе, больш лірычны. Але давайце пачытаем менавіта першы, ваенны, варыянт:
Нёман
О Нёман, о бацька мой,
Нёман,
Як сонца, як дзень дарагі!
Касцямі звяругаў шалёных
Усланы твае берагі.
Да змогі цябе баранілі
Твае баявыя сыны,
Каб ворага чорная сіла
Не гнала па хвалях чаўны.
Нас праўда на бой акрыліла,
Дала нам матуля мячы,
Ты глянь,
на тваіх колькі схілах
Нямецкай ляжыць саранчы!
З тваіх адышлі
мы прыгоркаў,
Так трэба, мой Нёман, было.
Я знаю, што цяжка і горка
Свой дом пакідаць і сяло.
Мы вернемся хутка,
мы прыйдзем,
Мы будзем навекі з табой.
Заплаціць за гора нам
злыдзень
Сваёю фашысцкай крывёй.
Бушуй жа,
мой Нёман шумлівы,
Ад помсты ўскіпай і гудзі,
На дно, у вадзяную магілу,
Чужынцаў нязваных кладзі!
Болхаў, 1941 г.
3. Лемантар вайны
Паэт-франтавік Анатоль Вялюгін, удзельнік Сталінградскай бітвы, напісаў шмат вершаў пра вайну, якая парушыла ўсе яго жыццёвыя планы. У 1940-м Вялюгін стаў слухачом Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі, дзе слухаў лекцыі Даўжэнкі, і, хто ведае, як склалася б далей яго жыццё... «Той час пакінуў не толькі суровыя засечкі на целе — раны зажываюць, глыбіні памяці ніколі не супакояцца». Але сёння з яго багатай спадчыны давайце ўспомнім самы незвычайны верш пра вайну, вельмі кароткі, але да болю выразны. Дзе звыклы радок з буквара — «мама мыла раму» — супастаўлены з нямецкім самалётам-разведчыкам, які празвалі «рама».
Лемантар вайны
Мама мыла раму —
там, на ўроку рана.
Вісне ў небе «рама»,
што забіла маму.
1941 г.
4. Пасылка на фронт
Калі пачалася вайна, паэту Пятру Глебку давялося ісці з Мінска пешкі, уздзеўшы на распухлыя ногі лапці. У сваім дзённіку ён запісвае: «І не ведаю, што страшней: ці стаяць пад кулямётным агнём фашысцкіх самалётаў на шасэ, ці ляжаць поруч з гэтымі трупамі, масянжовымі ад сонца, чорнымі ад зямлі і зямлістымі ад смерці. А іх сустрэнеш на кожным кроку, як толькі ступіш з дарогі». Дабраўся да Смаленска, быў пасланы ў рэдакцыі франтавых газет... Але каханая жонка Ніна засталася ў акупаваным Мінску. Глебка вельмі тужыў, што ніякіх звестак з радзімы...
Сённяшні рэйтынг не будзе поўным без яго верша, які запомніўся яшчэ са школы. Асаблівы рытм, яркія вобразы, кранальнасць, абумоўленая асабістымі перажываннямі... Адзін раз пачуўшы — не забудзеш.
Пасылка
Ноч. Халодная зямлянка.
Перастрэлка. Цішыня.
Неба, чыстае, як шклянка.
Тупат быстрага каня.
Мы пазналі без памылкі,
Што пад сховай цемнаты
Нам даставілі пасылкі,
Тэлеграмы і лісты.
Хто ад маткі, хто ад жонкі —
Кожны вестку атрымаў,
Толькі мне з маёй старонкі
Ні пасылкі, ні пісьма.
Не заныю, не заплачу,
Я да ласкі не прывык...
Да мяне раптоўна, бачу,
Падыходзіць паштавік.
Ён вымае мне са скрынкі
Шоўкам вышыты кісет,
Дзве квадратныя хусцінкі
І малюсенькі пакет.
Незнаёмаю рукою
Там напісана ўгары:
«Беларускаму герою
Ад сяброўкі і сястры.
Вышываны там, дзе горы
На святой зямлі грузін,
Каб ты ведаў, што і ў горы
Ты на свеце не адзін».
Я прыняў дарунак мілы
Перад боем уначы
І да самае магілы
Буду шчыра берагчы.
Не пасылка дарагая,
А братэрская любоў,
Наша дружба векавая,
Дружба верная сяброў.
1942 г.
5. Смерць героя
І яшчэ адзін шэдэўр, які нельга не згадаць... Менавіта з вершаў пра вайну пачалася слава паэта Пімена Панчанкі. Ваяваць яму давялося даўжэй за іншых — быў прызваны ў армію яшчэ ў верасні 1939 года, а ў 1944-м штаб, у якім ён служыў, быў перакінуты ў Іран, дзе давялося прабыць яшчэ два гады.
Панчанка прымаў удзел у баях на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах: «Пяць франтоў мяне пылам гарачым абсыпалі, за вайну перамерана тысячы вёрст. З успамінамі крочыў пад ветрамі сіплымі і з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз».
Згадаем жа яго верш, напісаны ў 1943-м, надзвычай экспрэсіўны, з вечнай тэмай самаахвяравання:
Герой
Злосна сказаў:
«Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы,
а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі
дроту.
І дзвесце салдацкіх
запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.
Не ён, а другія ішлі ў атаку,
Гранаты кідалі ў бліндажы,
Калолі фрыцаў, палілі танкі
І сцяг перамогі ўзнімалі
ранкам
На заваёваным рубяжы.
А ён свае косці
з іржавых калючак
Сваімі рукамі без стогну
аддзёр,
Зваліўся на травы,
і стала балюча
І травам, і росам,
і ветрам гаючым,
Што прыляцелі
з валдайскіх азёр.
1943 г.
6. Няспраўджанае каханне
Напэўна, найбольш у Паўлюка Пранузы вядомыя дзіцячыя вершы. Паэт пражыў доўгае жыццё, працаваў настаўнікам у Нясвіжы, не меў вялікіх рэгалій. У 1941 годзе ён толькі скончыў філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута... Служыў у зенітнай артылерыі, прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і Першым Беларускім франтах. На Бранскім фронце ў 1941-м нядаўні студэнт напісаў лаканічны і пранізлівы верш. Вечная гісторыя трагічнага кахання, якое перапыніла вайна.
* * *
Чакалі вусны,
Зоры,
Песні...
Вяселле б справіць нам...
Але
Цяжкі снарад —
Вайны прадвеснік —
Не затрымаўся у ствале...
Бранскі фронт, 1941 г.
7. Курганы, на якіх не ўзышла песня
Франтавы разведчык Аляксей Коршак загінуў ва Усходняй Прусіі, пад паселішчам Ласлейндорф 27 лютага 1945 г. Усяго некалькі дзён таму яму споўнілася 25 гадоў. Яго шэры нататнік, густа спісаны чырвоным чарнілам, дзякуючы сябрам Сцяпану Александровічу і Міколу Аўрамчыку, ператварыўся ў першы зборнік паэта, на жаль, пасмяротны. З напісанага зразумела, якой велічыні паэтычны талент мы страцілі.
Гарачынь
Гарачынь, як у пекле...
Над засмяглымі травамі
Бачаць вочы адну толькі
вялую сінь.
Без ніводнай хмурынкі
неба томіцца млявае,
Смаліць сонца,
астаткі адбіраючы сіл.
Хоць бы ценю якога...
Хіба дыхаць тут можна?!
Пачарнелыя вусны
хоць бы ў кроплі змачыць!..
На густых сенажацях,
на істужках дарожных —
Скрозь
прылеглі
вандроўцы
спачыць.
Гэты, землю абняўшы,
быццам сябра сустрэчнага,
Гэты, з неба
не зводзячы воч застылы
блакіт —
Так спачылі на хвілю...
Што кажу я? —
Навечна.
Чуеш, сэрца? Навечна.
Скуль жа холад такі?
Быццам дроў наваляна...
Глянь, і жудасна стане...
Па-над імі ці ў сонцы,
ці ў слязінах дажджу
Скора ўстануць курганы,
і на кожным кургане,
Быццам яблыню,
песню сваю пасаджу.
Чэрвень, 1942 г.
Няхай жа гэтая невялікая падборка змусіць вас, шаноўныя чытачы, перачытаць вершы беларускіх паэтаў-франтавікоў і адкрыць для сябе новыя імёны і творы.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/vershy
[5] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynaya-vayna
[7] https://zviazda.by/be/tags/litaratary