Напярэдадні святкавання дня Перамогі спікер верхняй палаты парламента Беларусі Наталля Качанава, яе намеснік Анатоль Ісачанка, старшыні Пастаянных камісій і члены Савета Рэспублікі, а таксама работнікі Сакратарыята палаты ўсклалі кветкі да стэлы з сімвалічнай назвай «Мінск – горад-герой».
У размове з журналістамі Наталля Качанава адзначыла, што 9 Мая – гэта святы дзень і ўсенароднае свята. Яно заўсёды ў нас адзначаецца з пачуццём гонару за свой народ, за сваю краіну, за людзей старэйшых пакаленняў, ветэранаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны не шкадуючы жыцця адстаялі свабоду і незалежнасць радзімы. Таму мы павінны беражліва захоўваць памяць аб тых страшных і гераічных падзеях, перадаваць гэтую памяць маладзейшым пакаленням. Беларусы сустракаюць свята Вялікай Перамогі з пачуццём радасці за мірнае неба над нашай краінай. Бо самае галоўнае ў жыцці – гэта мір, падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.
Нагадаем, у 1974 годзе сталіцы Беларусі прысвоілі званне горада-героя. З гэтай нагоды было вырашана ўзвесці манументальны комплекс, натуральна, пад назвай «Мінск – горад-герой». Стэла ў яго кампазіцыі заняла цэнтральнае месца. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося ў 1985 годзе і было прымеркавана да 40-годдзя Перамогі.
З таго часу гэта 45-метровая стэла на ўзгорку стала месцам сустрэч мінчан, не мінаюць яе госці сталіцы, якія традыцыйна наведваюць суседні з абеліскам Беларускі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А ў знакавыя для беларусаў гістарычныя даты да мемарыяльнага комплексу прыходзяць людзі, каб ускласці кветкі, ушанаваць памяць тых герояў, якія змагаліся ў акупаваным Мінску і тых, хто потым вызваляў яго ад фашыстаў.
Мікалай ЛЮБЧАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/urad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-peramogi-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk-gorad-geroy
[6] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0