У арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа напярэдадні Міжнароднага дня Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, які адзначаецца 8 мая, падвялі вынікі работы падчас пандэміі.
— Мы прыклалі ўсе намаганні, каб дапамагчы найбольш уразлівым падчас пандэміі, — сказала Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Вольга МЫЧКО. — Нашы супрацоўнікі і валанцёры выканалі 68 тысяч даставак прадуктаў, рэцэптаў, лекаў і сродкаў гігіены адзінокім пажылым людзям, каб яны маглі заставацца дома. Ва ўстановы аховы здароўя і сацыяльнай абароны перададзены сродкі індывідуальнай аховы і медыцынскае абсталяванне. Аднавіла работу бясплатная інфалінія Беларускага Чырвонага Крыжа.
БЧК не спыніў дзейнасці медыка-сацыяльнай службы «Дапамога». У мінулым годзе сёстры міласэрнасці аказалі больш за паўтара мільёна паслуг дома для 1358 адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых і людзей з інваліднасцю. Працавалі таксама такія сэрвісы, як «Адкрыты дом» для асоб з ментальнымі парушэннямі, праект «Няня замест мамы», дзе 21 няня аказвалі дапамогу ў бальніцах па доглядзе за дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, працаваў Гродзенскі дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр, Гомельскі шматпрофільны крызісны цэнтр. Нельга не згадаць і работу Службы вышуку Беларускага Чырвонага Крыжа. Летась спецыялісты працавалі з 1480 зваротамі, па 146 быў атрыманы станоўчы вынік. Большасць зваротаў у Службу вышуку БЧК была звязана з загінулымі падчас Другой сусветнай вайны.
Работа Чырвонага Крыжа працягваецца, і, вядома, асаблівая ўвага будзе па-ранейшаму сфакусіравана на вырашэнні крызісу, звязанага з пандэміяй каранавіруса. Так, сёння арганізацыя рыхтуе валанцёраў на выпадак вакцынацыі насельніцтва ад COVІD-19 у прышчэпачных пунктах.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvony-kryzh
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/dapamoga-0