З нагоды Дня Перамогі ў фармаце відэаканферэнцыі адбылася «Пераможная пераклічка гарадоў-герояў», якая аб’яднала прадстаўнікоў 11 гарадоў, якія былі ўдастоены гэтага высокага звання (Кіеў на сувязь не выйшаў). Далучылася да відэаканферэнцыі і Брэсцкая крэпасць — герой.
Пандэмія ўнесла свае карэктывы, таму сустрэча прадстаўнікоў гарадоў-герояў прайшла на віртуальнай пляцоўцы — выдатная магчымасць не здраджваць традыцыям. Адзін за адным на сувязь выходзілі Керч, Тула, Мурманск, Масква, Санкт-Пецярбург, Севастопаль, Наварасійск, Валгаград, Смаленск, Адэса, Брэсцкая крэпасць. Мінск прадставіла сярэдняя школа № 97, якая мае ганаровы статус Школы міра.
— Мы з 2001 года ўдзельнічаем у Міжнародных злётах школ гарадоў-герояў, — зазначыла дырэктар сярэдняй школы № 97 Галіна Бандзік. — З’яўляемся адной з першых устаноў агульнай адукацыі, якая падтрымала ініцыятыву праграмы «Памяць свяшчэнная», прымеркаванай да рэалізацыі мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Актыўна прымаем удзел у міжнародных злётах, пабывалі практычна ва ўсіх гарадах-героях. Чатыры разы прымалі міжнародныя злёты ў нашай школе.
Падчас прамога ўключэння выступілі прадстаўнікі адміністрацыі гарадоў-герояў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі патрыятычных акцый, школьнікі. Кожны з выступоўцаў прадставіў свой горад, які моцна пацярпеў у вайну, але здолеў адрадзіцца, стаць прыгожым сучасным мегаполісам.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-peramogi-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-krepasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/videakanferencyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/garady