Валянціна Пятроўна не тоячыся гатова расказваць і пра сваё ваеннае каханне, і пра рэпрэсіраванага бацьку, і пра свой дружны клас, які ўвесь прыйшоў пад ваенкамат у чэрвені 1941-га. Але не толькі пра гэта. Для яе вельмі важна данесці да сённяшніх пакаленняў асалоду мірнага жыцця. А яна атрымлівае яе спаўна. І кулінарыць, і на трэнажорах рэгулярна займаецца, і ў цырульню ходзіць, і нават клумбу пад акном высаджвае.
Ветэрана Валянціну Баранаву ў Гродне ведаюць добра. Яна чаканы і любімы госць на розных сустрэчах, мерапрыемствах і святах. Яе імя ўнесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці. Але не толькі заслугі выклікаюць вялікую павагу да гэтай жанчыны. Яна яшчэ і вельмі светлы, пазітыўны чалавек. Наўрад ці памылюся, калі выкажу такую думку: той, каму давялося хоць раз у жыцці пабачыцца з Валянцінай Пятроўнай, наўрад ці забудзе гэтую сустрэчу. Дзякуючы журналісцкай прафесіі мне неаднаразова выпадала магчымасць узяць у яе інтэрв'ю, а дакладней, пагаварыць пра жыццё. Здаецца, што ўжо няма ў яе лёсе ніякіх таямніц. Але ўсё роўна з'яўляецца чарговая нечаканасць. Вось і на гэты раз. Раней Валянціна Пятроўна ніколі не згадвала пра сустрэчу з Канстанцінам Сіманавым. А яна была, хоць і мімалётная. У пераможным 1945 годзе...
Чарговы раз наша сустрэча адбылася... у двары. Менавіта з нагоды 76-й гадавіны Перамогі двор Валянціны Баранавай уяўляў сабой святочную пляцоўку. Сцяжкі, шары, натоўпы школьнікаў і ваенны аркестр, букеты і падарункі ад абласных і гарадскіх улад. Як сказала сама жанчына, такога яе двор яшчэ ніколі не бачыў.
Яна прыгадала, што пры засяленні ў 1957 годзе ў кожнай кватэры былі ветэраны. Зараз іх толькі двое. За гэты час вырасла не адно пакаленне, а Валянціна Пятроўна па-ранейшаму «трымае марку» і жадае толькі аднаго — каб на зямлі быў мір. «Пакуль будзе мір на зямлі, будзе і жыццё», — упэўнена яна. Без перабольшвання, гэты дэвіз яна стараецца данесці да кожнага. А як не верыць ветэрану? Па-мойму, гэта самыя сумленныя людзі. Валянціна Пятроўна пагаджаецца:
— На фронце больш такіх, сумленных, каму можна давяраць, на іх можна спадзявацца, ведаеш: яны не кінуць у цяжкую хвіліну. Мне ўспамінаецца шмат добрага, як мы тады дружна жылі. А тыя жахі, бамбёжкі, смерць мы выкраслілі са свайго жыцця, бо з гэтым жыць вельмі цяжка. Таму аб гэтым не хацелі ўспамінаць.
Мы сядзім на двары Валянціны Пятроўны ў майскі перадсвяточны дзень і зноў гартаем старонкі яе жыцця. Яны паўстаюць, нібыта кадры фільма. Магчыма, так калі-небудзь і здарыцца. Напішуць сцэнарый, запросяць рэжысёра і артыстаў... «Так, сапраўды, сенсацый дастаткова», — усміхаецца маім фантазіям жанчына.
А хіба не цікавы лёс? Ісці па блату на вайну! Толькі адно гэта выклікае здзіўленне. Між тым Валянціна Пятроўна была дачкой «ворага народа», яе бацьку расстралялі ў 1937-м. Таму і на фронт напачатку браць не хацелі. Яна пісала заявы адну за другой, але атрымлівала адмову. І тады звярнулася да сваёй сяброўкі, якая працавала ў абкаме камсамола. Тады нарэшце яе і адправілі добраахвотніцай на фронт.
— Мы былі патрыётамі сваёй краіны. Ужо на трэці дзень вайны ўсім класам — усе 24 чалавекі — прыйшлі ў ваенкамат, — расказвае ветэран. — Да нас тады выйшаў мужчына і сказаў дзяўчатам, што на вайне і без іх абыдуцца, а хлопцам загадаў чакаць павесткі.
Чакаць прыйшлося год. Гэта быў 10-ы клас, усім па сямнаццаць. 21 чэрвеня 1941 года прайшоў выпускны, а назаўтра прачнуліся — вайна. Горад Абакан, што ў Хакасіі, дзе ў той час жыла сям'я Валянціны Пятроўны, апусцеў літаральна за некалькі дзён. А праз пару месяцаў пачалі прыходзіць эшалоны з параненымі. Новую школу пераўтварылі ў шпіталь.
Валя ўладкавалася на работу ў аздараўленчы лагер, была там і выхавальніцай, і піянерважатай, і музыкантам, і прыбіральшчыцай... А вечарамі дапамагала ў шпіталі, нават выступала там з песнямі. З дзяцінства была вельмі музыкальнай, марыла пра балет і кар'еру артысткі. Але замест гэтага пайшла на фронт сувязісткай. Між тым артыстычны талент спатрэбіўся і на вайне: падчас навучання яна была запявалай роты.
— Пакуль ішлі да сталовай, адной песні якраз хапала паспяваць. У мяне ў рэпертуары мелася іх некалькі. Калі на фронце было складана, спявалі «Вставай, страна огромная», калі без перамен — «Махорачку», — успамінае Валянціна Пятроўна.
Яна трапіла ў жаночую роту 63-га асобнага батальёна сувязі. Асноўная нагрузка была на марзістак (тэлеграфістак, якія працавалі на апараце Морзэ. — Аўт.). Звесткі, якія перадаваліся ў часці, былі вельмі сакрэтныя, ішлі цяжкія баі. Як аказалася, інфармацыя мела каласальнае значэнне. А работа марзісткі ацэньвалася як подзвіг. Якраз адзін такі важны выхад у эфір скончыўся для маладой дзяўчыны... ордэнам Чырвонай Зоркі.
— Гэта было ва Украіне. Я была начальнікам змены на ваенна-тэлеграфнай станцыі. Раптам адчыняюцца дзверы і заходзіць цэлы натоўп на чале з генералам. А заходзіць у пакой наогул ніхто не меў права. Тым часам генерал патрабуе даць патрэбны напрамак. У дзяўчыны, якая працавала з гэтай дывізіяй, ад страху перастала слухацца рука. Ён як закрычыць на ўвесь пакой: «Дайце мне сапраўднага тэлефаніста!» І наш камандзір узвода паказвае мне — ідзі! Я ўзяла ключ, зрабіла выклік, рука слухаецца, паварочваюся да генерала і кажу: «Гаварыце». І ён 20 хвілін размаўляў, і шыфроўкамі, і адкрытым тэкстам. І калі я яму сказала, што яго перадачу прынялі, ён выцер з ілба пот, узяў маю руку і пацалаваў. Сказаў на ўвесь пакой: «Прадставіць да ўзнагароды!» Відаць, вельмі важная была інфармацыя, гэта якраз ішло наступленне, 1944 год, — перадае падзеі той пары Валянціна Баранава.
Было нямала небяспечных сітуацый, асабліва падчас наступлення. Адна з такіх адбылася на Сандамірскім плацдарме ў Польшчы, дзе прыйшлося амаль паўгода стаяць у абароне. А калі пачалося наступленне, машыны, у якіх ехалі сувязісты, перакуліліся з гары. Потым пяцёра дзяўчат цягнулі скрыні з цяжкай апаратурай, трэба было спяшыць, бо фронт ішоў далей.
— Гэта быў 1945 год. Мы ўжо ехалі па нямецкай тэрыторыі, калі ўбачылі, што па насыпе падымаецца цэлы ланцуг немцаў, а мы едзем у «палутараўцы». З намі некалькі аўтаматчыкаў. Яны ўжо былі гатовыя ўступіць у няроўны бой, і тут я бачу: у аднаго немца белая павязка ў руцэ, у іншага — на рукаве, гэта значыць, яны здаюцца. Тады мы праехалі за некалькі метраў, а калі б нашы адкрылі агонь, яны б нас размялі, — не сумняваецца Валянціна Баранава.
Шасцёра яе сябровак загінулі за два месяцы да заканчэння вайны. Цягнулі тэлефонную лінію па ўсходняй Германіі, і каля дома лесніка з гарышчы па іх ударыла аўтаматная чарга. Выжыў толькі ваенны тэхнік, але і яго праз колькі часу накрыла бомба ў бліндажы. Ва ўмовах бамбёжкі сувязісты працавалі бесперапынна. А вось калі наступалі свае, ужо было не так страшна. Валянціна Пятроўна згадвае, якая магутная пачалася артылерыйская атака перад уступленнем у Берлін. Тады яе нават паклікалі на назіральны пункт, і яна бачыла, як падчас атакі з траншэй выскокваюць немцы, а пад горкай наступалі савецкія часці.
...Пакуль мы размаўлялі, дачка ветэрана Наталля прынесла маці шалік. «Раскажы, як ты з Сіманавым танцавала», — папрасіла яна. Сапраўды, было ў Валянціны Пятроўны такое спатканне, хоць і кароткае. З аўтарам вядомага верша «Жди меня, и я вернусь» яна пазнаёмілася падчас вечарыны ў Берліне, калі быў падпісаны Акт аб капітуляцыі. Яе і яшчэ некаторых дзяўчат-сувязістак папрасілі дапамагчы арганізаваць стол. А калі пачаліся танцы, яе на тур вальса запрасіў Канстанцін Сіманаў. Многія дзяўчаты ёй зайздросцілі.
З мужам Мікалаем Баранавым яна пазнаёмілася падчас вучобы ў інстытуце ў Волагдзе. Калі яго накіравалі на работу ў Гродна, яны пераехалі сюды. Разам уладкавацца ў сельгасінстытут не ўдалося, і Валянціна Пятроўна з трыма дзецьмі ў 32 гады асвоіла новую прафесію — музычнага работніка. Гэта была яе мара — ісці па жыцці з песняй. Так і адбылося. Яна ўпэўнена, што з песняй можна вытрымаць многія нягоды.
...Валянціна Пятроўна спяшалася: за ёй павінна была прыехаць машына і адвезці на чарговую сустрэчу з моладдзю, а праз некалькі гадзін ужо чакалі ў гуманітарным каледжы, дзе яна вучылася. Пры развітанні ўсё ж забегла ў кватэру (менавіта забегла) і прынесла некалькі ватрушак уласнай выпечкі. «Зараз у яе вельмі шчыльны графік, — паведаміла дачка Наталля. — Усе дні занятыя, вельмі многа сустрэч».
А я глядзела і здзіўлялася. Неверагодна, але і ў свае 97 гадоў, якія жанчына не ўтойвае, яна застаецца спрытнай, мініяцюрнай і, я сказала б, моднай. З прычоскай, на тонкіх абцасах, з вясёлым і адкрытым характарам — чым не прыклад жаноцкасці і пазітыўнага стаўлення да жыцця? Потым, ідучы па горадзе, успамінала мудрыя словы Валянціны Пятроўны: «Я па жыцці аптыміст. А каб доўга жыць — варта ім быць, бо доўга жывуць толькі аптымісты, хоць гэта і патрабуе пэўных намаганняў. А яшчэ ў нас у сям'і не прынята нікога абмяркоўваць, асуджаць. Лепш пажадаць дабра — і сабе, і іншым».
Пакідаючы двор, Наталля засяродзіла маю ўвагу на акуратнай клумбе пад домам, якая засаджана кветкамі: «Маміна работа. Мы разам усё апрацавалі, яна ўзрыхляе, выбірае, якія кветкі пасадзіць, вельмі любіць цюльпаны, іх тут большасць, вось-вось зацвітуць...»
У горадзе ўсё зіхаціць сцягамі, кветкамі. Горад вітае сваіх вызваліцеляў. На жаль, іх становіцца ўсё менш. Вось чаму сустрэчы з ветэранамі становяцца на вагу золата. Толькі гледзячы на жывых сведкаў тых падзей, разумееш сапраўдную цану сённяшняга дня.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота Аляксандра ЛАСМІНСКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-baranava
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[6] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[7] https://zviazda.by/be/tags/kanstancin-simanau